Мадэльер і былы зняволены Саша Варламаў заяўляе, што, на ягоную думку, сённяшняя беларуская школа лепш за ўсё рыхтуе міліцыянтаў, адказвае на пытанне, чаму яго навучыла турма, і тлумачыць, чаму кіраўнік дзяржавы не павінен займацца станікамі і панчохамі.

diva.by

diva.by

— Апошнім часам я са здзіўленнем назіраў, як вы даволі актыўна і эмацыйна прымаеце ўдзел у інтэрнэт-дыскусіях. Асабліва, наколькі я зразумеў, вас моцна закранула сітуацыя наконт хлопчыка з 74-й гімназіі, які напаў на настаўніцу. Чым гэтая сітуацыя адметная для нашага грамадскага жыцця?

— Асаблівасць сітуацыі ў тым, што мы з вамі, а таксама ўсе тыя людзі, якія абараняюць гэтую настаўніцу ці абвінавачваюць бацькоў хлопчыка, — цяпер не ў турме. А ён у турме. Ён ва ўмовах, калі побач з ім «пераседжаныя», калі вакол«смотрящие», калі яго ўціскаюць сукамернікі, «кумаўё»… Я вельмі добра на сабе адчуў, як гэта адбываецца.

І ў мяне ўзнікае вельмі сурʼёзнае пытанне — а за што яго пасадзілі? Адбыўся інцыдэнт з настаўніцай расійскай літаратуры. Разумееце, у мяне ёсць унук, мы разам з ім працавалі над сачыненнямі, у тым ліку пра «Вайну і мір» Талстога. І, напрыклад, мне вельмі блізкі Андрэй Балконскі, а настаўніцы блізкая Наташа Растова.

— Ведаеце, гэты хлопец цяпер сядзіць не за тое, што ён разышоўся з настаўніцай у поглядах на Льва Талстога — а таму, што ён ударыў яе «вострым прадметам».

— Гэта ўжо быў вынік. На расійскай літаратуры дзецям унушаюць, прымушаюць іх думаць стэрэатыпамі. І калі ты ідзеш насуперак настаўніцкаму меркаванню, то цябе ацэняць вельмі кепска. І гэтая нязгода з устаноўленым меркаваннем прыводзіць да канфліктаў. А калі яшчэ бунтаваць, як не ў 16-17 гадоў, калі чалавек эмацыйна спазнае жыццё, шукае свой шлях? А яму даецца канкрэтная ўстаноўка — «вось ты павінен любіць Наташу Растову».

Людзей прымушаюць думаць паводле стэрэатыпу. І гэта задача дзяржаўнай ідэалогіі, якой не патрэбныя думаючыя людзі «ў прынцыпе». Хтосьці спісвае з інтэрнэту рэфераты, а хтосьці спрабуе разабрацца.

Хлопца загналі ў кут. А як паводзіць сябе любая істота, якую заганяюць у кут? Нават загнаны ў кут трусік пачынае рабіць непрадказальныя ўчынкі.

— То бок вы настойваеце, што гэты трагічны інцыдэнт стаў вынікам усё той жа ідэалагічнай сістэмы, якая пануе сёння ў беларускай школе? А сам хлопчык нібыта не пры чым?

— Канечне, рэч у тым, што настаўнікі і выкладчыкі атрымліваюць свой заробак не за тое, што вучаць «двойчы два чатыры», а за тое, што вучаць думаць менавіта так і так. Напрыклад, майго ўнука прымушалі ўступаць у БРСМ, казалі «калі ты не ўступіш, у цябе будзе гарэць зямля пад нагамі». Гэта ягоная класная кіраўніца ў гімназіі так крычала на яго. І кожны ўрок пачынаўся з таго, што «ты ідыёт, недапечаны, выкідак нашага грамадства».

Унук прыходзіў да мяне і пытаўся, як яму рэагаваць. Я казаў: Мікіта, у жыцці ў цябе яшчэ будуць цяжэйшыя сітуацыі, калі ты не навучышся рэагаваць на гэтых цётак, на гэты курыны двор… Памятаеце казку пра брыдкае качаня? Практычна сёння наша сістэма адукацыі — гэта казка пра брыдкае качаня. Калі ты не такі, як усе, калі ты не кіруешся правіламі, не ходзіш маршам з БРСМ, — значыць, ты вырадак грамадства.

У нас усё падпарадкавана дзяржаве, няма фактычна ніводнага незалежнага прыватнага прадпрыемства. А калі і ёсць, то яны належаць найбліжэйшаму атачэнню Лукашэнкі. Гэта адна падводная лодка, з рознай магчымасцю ўсплывання на паверхню. Але яны ўсе падпарадкоўваюцца сістэме, праводзяць палітыку і ідэалогію сістэмы.

— Наколькі я разумею, пасля вашага вызвалення з турмы вас выціснулі з індустрыі моды, фактычна не даюць магчымасці працаваць там. То бок вы тое самае «брыдкае качаня», толькі дарослае?

— Сапраўды, у мяне сёння няма магчымасці займацца любімай справай. Можа быць, таму я і заняўся журналістыкай, пішу артыкулы, збіраю матэрыял для кнігі. Бо мода ў нас таксама дзяржаўная, тут таксама няма прыватнай уласнасці.

— У свой час вы заснавалі фестываль «Млын моды». Што цяпер з ім адбываецца, ці засталіся там прынцыпы і ідэі, якія вы ў яго заклалі?

— Не засталося нічога, каменя на камяні. Я дастаткова доўга, каля 10 гадоў, працаваў у Берлінскім тэатры моды. Людзі там зусім па-іншаму ставяцца да ўсяго. Мода там не была дзяржаўным мерапрыемствам. Ніхто ніколі не прызначаў кіраўнікоў на панчошна-шкарпэткавы камбінат. Не прэзідэнцкая гэта справа — корпацца ў станіках і майтках. Гэта свабодны рынак, і ён дыктуе фасон, моду.

Я вярнуўся ў Беларусь і перанёс сюды найлепшае, на мой погляд. А найлепшае — гэта так: не можа быць першых месцаў у мастацтве. Не можа быць другіх ці трэціх. Могуць быць перавагі, рынак спажыўцоў, якія ўплываюць на густы, на погляды. І ў мяне атрымлівалася, што з 200 калекцыяў так ці іначай адзначаных было больш за сто.

— Ёсць глыбокая дыскусія наконт таго, што дае чалавеку турма — альбо дапамагае развіцца, нешта зразумець, дае бясцэнны досвед, альбо яна не дае нічога станоўчага. Якая ваша пазіцыя, што вам даў досвед зняволення?

— Досвед у кожнага свой, і нельга тут шукаць нейкі агульны шлях для ўсіх. У мяне былі знятыя акуляры ідэалістычнага стаўлення да жыцця. Бо я быў пестуном лёсу, працаваў за мяжой, быў на адной пляцоўцы з калекцыяй Версачэ. Гэта кажа пра шмат што. Калі мяне арыштавалі, то праз два тыдні прыйшоў следчы і сказаў, што фактычна няма складу злачынства. Бо я не атрымліваў дзяржаўнага заробку і не працаваў на дзяржаўнай пасадзе.

З мяне знялі ружовыя акуляры. Можа быць для таго, каб я, маючы творчы багаж і досвед, змог сябе пераасэнсаваць, іначай сябе прэзентаваць і іначай разглядаць нейкія жыццёвыя моманты.

— Вы сапраўды сябе пераасэнсавалі, наколькі я разумею — даяце рэзкія інтэрв’ю, выказваецеся па палітычных тэмах, чаго не рабілі. Наўрад ці вы збіраецеся ісці ў палітыку, уступаць у апазіцыйныя партыі. Чаму ж тады вы гэта робіце? Вы не баіцеся? Навошта гэта вам? Ці гэта проста крык душы, які вы не можаце спыніць?

— Гэта і крык душы, бо я жыву тут, гэта мая краіна, гэта мая Радзіма. Я не хачу прыпадабняцца да тых выкладчыкаў, чыноўнікаў, міліцыянтаў, якія ўваходзяць у дзяржаўную сістэму ўціску асобы. Гляджу на беларускіх міліцыянтаў і бачу — гэта і ёсць тая прадукцыя ад беларускіх выкладчыкаў і настаўнікаў. Вось каго яны рыхтуюць. Але ж з тым, што адбываецца трэба змагацца.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: