Навіна пра тое, што на раскопках на гары Гедыміна ў Вільні, імаверна, знойдзеныя парэшткі Кастуся Каліноўскага, у якой-небудзь іншай Беларусі, краіне, уважлівай да ўласных герояў, адразу ж атрымала б статус асноўнай падзеі нават не года — дзесяцігоддзя.

Ва ўсёй гэтай гісторыі ёсць выразны апакрыфічны складнік. І тое, як раскрылася пахаванне, — праз апоўзень пры сценцы пад вежай, быццам сама прырода вырашыла дапамагчы беларусам успомніць пра зганьбаваных прарокаў, што біліся за незалежнасць старонкі роднай. І тое, як спачатку — па правілах гераічных казанняў — быў знойдзены не асноўны герой, а яго паплечнік, Зыгмунт Серакоўскі. Ды як знойдзены! Гісторыя з пярсцёнкам, што сімвалізаваў шлюб з “першай прыгажуняй на Літве”, — гэта таксама частка наратыву. Бо чалавек, які мог жыць у шчасці з Апалоняй з Далеўскіх, выбраў скон у імя народа. І вось маланкай выблісквае навіна ўжо пра самога Каліноўскага. Зразумела, што са скідкай на “імаверна”. Але — халера — ці гэтага мала?

Дзе вэрхал? А вэрхалу няма. І не будзе. Таму што — і гэта вяртае нас яшчэ да адной навіны мінулага тыдня — Каліноўскі адносіцца да ліку не зусім пажаданых герояў.

У адрозненне ад Ларысы Геніюш, якой Вярхоўны суд адмовіў у рэабілітацыі з ускоснай спасылкай на артыкулы Крымінальнага кодэкса БССР у рэдакцыі 1928 года, Каліноўскі не “аказваў дапамогу міжнароднай буржуазіі” і не “ўдзельнічаў у антысавецкіх арганізацыях”. Але, як мы неўзабаве пабачым, ён падышоў вельмі блізка да таго.

Чытайце па тэме:  Караткевіч падпісалася за бел-чырвона-белы сцяг

Для пачатку, ён выступаў не толькі ў абарону сялян, але і за незалежнасць ад рускага цара. Таму калі прыйшлі бальшавікі, памяць пра Каліноўскага ўперлася вось у гэтую, як яны б самі сказалі, “дыялектыку”.

З аднаго боку, супраць паноў, супраць палякаў, што б там ні пісаў Самуіл Агурскі ў “Нарысах па гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі 1863–1917” (а пісаў ён, што паўстанне было “арганізаванае польскімі памешчыкамі і каталіцкім духавенствам і праходзіла пад польскімі шавіністычнымі лозунгамі”). З другога боку — супраць рускай імперыі. Супраць Масквы. Супраць цэнтру. Пачытаць публіцыстыку з “Мужыцкай праўды “ — гатовы прысуд па нацдэмаўскай справе. НКУС за такое з асалодай расстрэльваў.

Адсюль, з гэтай дыялектыкі — неахвотнае і вельмі частковае прызнанне Каліноўскага за савецкім часам. Вуліца Каліноўскага з’явілася ў Мінску толькі ў 1963 годзе. І — заўважым — пралягала яна ну вельмі далёка ад цэнтра, дэманструючы далечыню ад харошых ідэяў Леніна і Маркса.

Нацыянальны герой БССР не можа змагацца супраць Масквы. У гэтую пастку трапіў і Караткевіч з “Каласамі”. Ён задумаў цудоўную трылогію пра паўстанне, натхнёна і майстравіта выканаў першую з трох задуманых частак. Пасля апісання пярэдадня мусілі ісці раздзелы 2-і, “Брань”, і 3-і, “Галгофа” (у іншых дзённіках — “Вараннё”). І мы ведаем, што на сустрэчах з чытачамі Уладзімір Сямёнавіч казаў, што не можа скончыць працу над “Каласамі” таму, што “каму ж ахвота забіваць свайго героя”. Але справа ў тым, што якраз “забіваць героя” ва Уладзіміра Сямёнавіча цудоўна атрымлівалася. Згадайма, напрыклад, смерць каханай Караткевічавага альтэр-эга ў “Нельга забыць”. Але ў выпадку з “Каласамі” я асабіста схільны бачыць усё тую ж неспадзяванку. Герой кніжных бэстсэлераў БССР не можа змагацца супраць рускіх. І як жа было пераходзіць да “Брані”, калі лінія фронту ў ёй мусіла пралегчы ну вельмі ж небяспечна, так, што ў абкоме партыі захварэлі б на экзему, спрабуючы такое выдаць! І як жа пасля гэтага ў “Галгофе” маляваць расправу Мураўёва над інсургентамі, калі Мураўёў — прадстаўнік маскоўскай каланіяльнай адміністрацыі, як і сам абком?

Чытайце па тэме:  Апублікаваны невядомы дзённік Уладзіміра Караткевіча шасцідзясятых гадоў

Але самае цікавае пачалося якраз у часы незалежнасці. З аднаго боку, у 1995-м годзе з’явіўся ордэн Кастуся Каліноўскага, прыдуманы як “найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода краіны”. Але ордэн той ніводнага разу нікому не ўручылі і скасавалі ў 2004-м. Узнаўленне (!) шыльдачкі на (савецкай!) вуліцы Каліноўскага ў 2013 годзе — адзінае, што зроблена для ўшанавання гэтага імені постсавецкай Беларуссю. Пра цяперашні статус Каліноўскага ў афіцыйнай гісторыі вычарпальнае ўяўленне можна атрымаць з чытання вось гэтага артыкула з “Беларускай думкі”.

Дазволю сабе цытату: “Упершыню, гледзячы па ўсім, “беларускасць” Каліноўскага сканструяваў актыўны дзеяч беларускага “нашаніўства” В. Ластоўскі ў сваім артыкуле “Памяці Справядлівага” ў газеце “Гоман” 15 лютага 1916 года. Хаця, як ужо прыгадвалася вышэй, Ластоўскі ў 1910-м годзе абсалютна не падазраваў пра “беларускі след Каліноўскага”. У артыкуле праявіліся першыя спробы скласці біяграфію ідэальнага беларускага героя. Прычым тлумачэнне некаторых рысаў ягонай ідэальнасці трэба шукаць у сітуацыі, якая склалася на захадзе расійскай імперыі ў 1916-м годзе. Частка яе была акупаваная нямецкім войскам (там знаходзіўся і сам Ластоўскі), таму для падтрымання іміджу нацыянальнага героя добра было падкрэсліць антырускую накіраванасць дзейнасці Каліноўскага”.

Вось такім элегантным спосабам вы выйшлі роўна на тыя ж закіды, у якіх дагэтуль вінавацяць Геніюш. Таксама нейкія “немцы” (хаця любы, хто чытаў “Споведзь”, ведае, адкуль, з якіх непаразуменняў і правакацый яны ўзяліся), таксама “антысавецкая дзейнасць” Ластоўскага ў дапамогу “міжнароднай буржуазіі”.

Чытайце па тэме:  Татьяна Короткевич: Кандидаты "Говори правду" не станут сниматься перед выборами

То даволі сумна чытаць форум пад нашаніўскім артыкулам пра знойдзеныя парэшткі. Палова ўдзельнікаў заклікаюць вярнуць героя на зямлю, за незалежнасць якой Кастусь змагаўся. Другая палова зацята ўзнаўляе самыя дзікунскія абвінавачванні, што панапісвалі пра чалавека ў фінансаваных з бюджэту выданнях. Таму я не ведаю, ці можна адчуваць радасць з нагоды гучнай навіны. Ці добра гэта наогул, што прырода вырашыла дапамагчы беларусам згадаць зганьбаваных прарокаў.

Каб наш народ стаў гатовы аддаць пашану чалавеку, які памёр за ягоную волю, трэба, каб тут нарэшце перастаў дзейнічаць Крымінальны кодэкс БССР 1928 года.

Да той пары можна лічыць, што прысуд, па якім Каліноўскага пакаралі смерцю, не адменены.

А сам герой, як і Геніюш, не рэабілітаваны.

Віктар Марціновіч, budzma.by

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.