У гарадзкім пасёлку Багушэўск Сеньненскага раёну закрываюць лякарню і паліклініку. Яны абслугоўвалі за 2, 5 тысячы мястэчка і 2 тысячы жыхароў навакольных вёсак, паведамляе Радыё Свабода.

:ыхары Багушэўску выйшлі пратэставаць супраць закрыцьця лякарні, svaboda.org

 

Забіраюць і адзіную машыну хуткай дапамогі, пераводзяць у райцэнтар Сянно. Туды ж давядзецца езьдзіць і на прыём да лекара.

Людзі не згаджаюцца, кажа Свабодзе мясцовыя жыхарка Натальля Калыханава:

«Адлегласьць паміж Багушэўскам і Сянном 36 км. Уяўляеце, колькі будзе ехаць тая хуткая дапамога? А людзям як дабірацца да паліклінікі, калі аўтобус ходзіць тры разы на дзень і толькі ў выходныя часьцей? Ехаць на ім — гадзіну, а то і паўтары. І не бясплатна — 6 рублёў у адзін бок».

Раніцай 18 кастрычніка каля 100 чалавек прыйшлі пратэставаць да шпіталя.

Клаўдзіі Чарновай, мясцовай пэнсіянэрцы, ужо за 80, яна ня хоча езьдзіць у Сянно.


Клаўдзія Чарнова

 

«Сеньненскі шпіталь у нас завуць „даліна сьмерці“, адтуль толькі труны прывозім! Туды ніхто не хацеў ехаць, хоць Сянно і цэнтар раёну. А ў нашу больніцу даводзілася чакаць чаргі па два тыдні. А калі ў мяне ціск, калі інсульт? Я была гатова ў ногі кінуцца галоўнаму ўрачу Сьняжане Багданавай, каб толькі ўзяла», — скардзіцца пэнсіянэрка.

На сход прыйшлі і з малымі дзецьмі

 

Багданава да людзей ня выйшла, хоць падчас сходу ў лякарні якраз адбывалася нарада з удзелам раённага аддзелу аховы здароўя. Зьвярнуўся да натоўпу толькі галоўны лекар Сеньненскага раённага шпіталя Ігар Мізаўцоў: сказаў, што дужа зьдзіўлены, бо «ніякага сходу тут не плянавалася».

Галоўны лекар Сеньнскага раёну Ігар Мізаўцоў

 

Начальства абяцала правесьці сход

Абураныя жыхары запатрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам раёну. Старшыні Сеньненскага райвыканкаму патэлефанаваў прадстаўнік БХК Васіль Берасьнеў.

«Я дазваніўся ў райвыканкам, але там спачатку абурыліся: маўляў, парушаеце заканадаўства, у вас там несанкцыянаваны мітынг. Я патлумачыў, што нічога незаконнага не адбываецца, што людзі хочуць убачыць прадстаўнікоў раённага начальства. Тады паабяцалі арганізаваць сустрэчу ў Доме культуры», — сказаў Берасьнеў.

Мясцовыя ўлады тлумачаць, што ў іх няма грошай на ўтрыманьне лякарні і паліклінікі ў Багушэўску.

Калісьці ў Багушэўску было каля 30 тысяч жыхароў, тут была радзільня, шпіталь, дзьве паліклінікі — дзіцячая і дарослая. Але паступова — і за савецкім часам, і потым — усё гэта пазакрывалі. У 2010 годзе ў багушэўскай лякарні зрабілі капітальны рамонт.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: