Адразу чатыры суды над журналістамі «Белсата» Вольгай Чайчыц, Андрусём Козелам, Аляксандрам Баразенкам і Ганнай Аземшай былі прызначаны на 10 красавіка. На журналістаў “Белсата” складзены пратаколы па арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне заканадаўства аб СМІ).

Журналісты “Белсата”. Фота: “Белсат”

 

Як паведамляе “Белсат”, 10 красавіка адбыліся толькі два судовых паседжання – над Аляксандрам Баразенкам і Ганнай Аземшай. Працэс адбыўся завочна, бо журналісты ў суд не з’явіліся. Праз тэлефон вынікі разгляду чарговай справы над імі працаўнікі суду гаварыць адмовіліся. Паведамілі, што  дашлюць поштаю.

Па інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, гэта ўжо трэці суд над Баразенкай і Аземшай ад пачатку месяца (паседжанні ўжо адбыліся 2 і 5 красавіка). Кожны раз падставаю для пераследу была праца журналістаў па асвятленню затрымання і суда над Андрусём Козелам.

Працэс над Андрусём Козелам і Вольгаю Чайчыц – адклалі. Дакладнай даты новага паседжання няма, затое журналістаў папярэдзілі, што ў выпадку нез’яўлення ў суд, іх туды даставяць прымусова. Падставаю для складання пратаколаў стала праца журналістаў над сюжэтам пра датэрміновае галасаванне на мясцовых выбарах.

Вольга Чайчыц, каментуючы гэтую сітуацыю, адзначае:

«Увогуле не бачу сэнсу ездзіць на суды, бо ніякія нашыя аргументы ніколі ніхто не слухае. Да таго ж яны прызначылі паседжанне на час, калі ў Андруся Дзень народзінаў. Калі мы не паехалі і тэлефанавалі даведацца пра вынікі, на нас пачалі крычаць, што мы «праз нейкае свята» не хацелі прыехаць. Сказалі, што наступным разам прывядуць нас сілай і асудзяць».

Акрамя таго, супраць журналістаў распачатая адміністрацыйная справа ў Карэліцкім раёне за сюжэт пра грамадзяніна Туркменістану Рустама Бабакулыева, які скардзіцца на рабскую працу ў беларускім калгасе. Дата суду па гэтай справе пакуль невядомая.

З пачатку года агульная сума штрафаў па арт. 22.9 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэнне заканадаўства аб СМІ) па стане на 11 красавіка складае 859 базавых велічыняў, альбо 8 594 еўра.

spring96.org

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: