Даследаванне пісьменніцы Вольгі Іпатавай паказала сувязь паміж беларускай мовай і старажытным санскрытам. Працуючы над новым творам, пісьменніца прааналізавала тапаніміку Беларусі і прыйшла да высновы, што таямнічая Гіпербарэя – прарадзіма сённяшняй Беларусі.

Вольга Іпатава ў Нацыянальнай бібліятэцы, фота Ягора Фядзюшына

 

Дзёрзка, спрэчна, фантастычна?

Але ў той жа Махабхараце ўзгадваецца народ “крыві” – з крывічоў пайшла і сама пісьменніца.

Пра свае даследаванні і пошук Гіпербарэі ў беларускай мове Вольга Іпатава распавяла Беларускай праўдзе.

-Вольга Міхайлаўна, летась на з’ездзе беларусаў свету ў Мінску вы выступілі з дакладам «Беларуская мова і Гіпербарэя». Гіпербарэя, паводле старажытнагрэчаскай міфалогіі, легендарная паўночная краіна, дзе жыве народ гіпербарэеў. Ці не занадта смелыя паралелі праводзіце?

-З вялікай доляй верагоднасці магу думаць, што тэма «Гіпербарэя – наша прарадзіма» для большасці гучыць па меншай меры малаверагодна, калі не фантастычна. Спалучыць жывую, сучасную мову з легендай, якой некалькі тысяч гадоў, а можа, і дзесяткі тысяч, можна насмеліцца толькі абапіраючыся на факты і на даследаванні вучоных. Вось я і паспрабую расказаць пра шлях, які я прайшла, працуючы над новым творам.

 

«У вас класічны чэрап крывічанкі»

-З чаго пачаўся ваш пошук сувязі паміж беларускай мовай і таянічай Гіпербарэяй?

-Пачну здалёк. Гадоў трыццаць таму ў Полацкім універсітэце адна з выкладчыц сказала мне пасля выступлення: «У Вас класічны чэрап крывічанкі!» Мяне гэта ўразіла, бо да гэтага я не ведала, што чарапы крывічоў адрозніваецца ад, скажам, радзімічаў альбо нават скіфаў. З таго часу я чытала многія навуковыя працы, у тым ліку Г. Штыхава, аб крывічах – таямнічым племені валхвоў, жрацоў. З захапленнем дазналася тым, што ў «Махабхараце» , напісанай болей за пяць тысяч гадоў таму, ужо ёсць узгадванне пра племя «крыві». Мне было гэта цікава – не толькі таму, што па маці я з Віцебшчыны, галоўнага арэала крывічоў, але і таму, што мы ўвогуле мала ведаем пра сваю зусім нядаўнюю історыю, не кажучы ўжо пра падзеі шматтысячагадовай даўнасці. Шмат звычайна войнамі, нядбайнасцю  альбо злачынствам тых, хто ведаў  – народ без гісторыі лёгка ўпраўляецца, яго можна ашукаць, навязаць яму патрэбныя, часам зусім чужыя для яго ідэалы… Што мы трымаем у сабе, сваёй мове, сваёй тапаніміцы вялікія тысячагадовыя таямніцы… Я б нават паправілася – яны шматтысячагадовыя, гэтыя таямніцы…

І тым не менш нейкія звесткі ўсё ж прарываліся да тых, хто цікавіўся гісторыяй  зямлі на якой жыве. Вось што гаварыў, напрыклад, А.Плятар услед за Даленга-Хадакоўскім – што славяне прыйшлі на свае сённяшнія землі з Індастана праз  Каўказ.

Сённяшнія ж навукоўцы сцвярджаюць – гэта было вяртанне. Так. Вяртанне, бо спачатку якраз эміграцыя пайшла ў Індыю. Адкуль?

Толькі цяпер, калі пачалося агульнае пацяпленне клімату, і на Кольскі паўвостраў сталі прыязджаць зацікаўленыя і пакуль яшчэ не надта шматлікія даследчыкі, сталі выразней  успрымацца заявы многіх  выдатных дзеячоў старажытнай навукі і культуры аб паўночных землях, якія  некалі былі калыскай нашай агульначалавечай культуры. Іх часцей за ўсё называлі Гіпербарэяй, і катастрофа гэтай зямлі стала тэмай многіх міфаў і легенд нашай планеты. У календарах майя, егіпцян, асірыйцаў катастрофа Гіпербарэі датуецца адным і тым жа часам –11542 годам да нашай эры. З Гіпербарэяй звязаныя многія старажытныя міфы. Напрыклад, астраном 18 ст. Байі пралічыў, што 40-дзённы цыкл, які папярэднічаў уваскрашэнню Асірыса, адпавядаў “паміранню” і на паўночнай шыраце  “ўваскрашэнню” сонца на 68 градусе паўночнай шыраты – а гэта Кольскі паўвостраў, Ямал, Обская губа і Паўночная Сібір.

Пачынаючы з 5 ст. да н.э., пра Гіпербарэю ўзгадвалі ў кожным стагоддзі, але час ішоў, і гэтая паўміфічная краіна і ўсе падзеі, з ёю завязаныя, паступова перайшлі ў разрад легендарных.

А незвычайна-фантастычныя здольнасці жыхароў гэтай зямлі – перамяшчэнне прадметаў у прасторы, тэлекінэз і тэлепартацыя, здольнасць бачыць будучае — як бы “расплыліся” па тых землях, куды ішлі ахвяры катастрофы, і сталі паступова ўспрыймацца як прыналежныя да іх. Праўда, у кожным стагоддзі такіх дзіваў рабілася ўсё меней і меней, ды і акружаючыся  ўсё больш варожа ставіліся да ўсяго незвычайнага, баяліся яго.

Пастаралася і інквізіцыя. Людзей з незвычайнымі здольнасцямі, якіх заставалася ўсё меней і меней, стараліся любымі спосабамі знішчыць, аб’явіць чараўнікамі. І паступова тое, што даўнішнія людзі бачылі на свае вочы, перайшло ў казкі ды паданні — але наступныя пакаленні за пакаленнем часта змагаліся і з імі.

-Трэба разумець, гэтыя казкі ўвайшлі і ў вашае жыццё?

-Казачнікі – той хто ведаў напамяць мноства фантастычных казак – дажылі і да ХХ стагоддзя. Не ведаю, ці ёсць яны сёння – веру, што яшчэ расказваюць на печы дзе-небудзь  дзеткам чароўныя гісторыі, якія не раскажа ім тэлебачанне. Мне ж пашанцавала: мой дзядзька Хведар, былы партызан, адкрываў нам, дзецям, велізарны свет Кашчэяў і багатыроў, балотных духаў і сіротак, якім адкрываліся клады па запаветным слове… (Праўда, калі праз шмат гадоў, я – студэнтка ўніверсітэта, прыязджала  ў вёску ды прасіла яго паўтарыць казку, ён адмахваўся: “Ат, гаварыў вам, малым, розныя глупствы, а вы і слухалі!»)

Цуды былі тады зусім побач – але і яны пасля прайшлі, застаўся калгасны побыт з брыгадзірам, які гнаў на працу і бабулю Агаф’ю , што лячыла вадою, і дзівака з лесу, які часам прыходзіў у нашу вёску, увесь абвешаны змеямі (гэта ўжо было адно з самых апошніх цудаў, якія я там бачыла). Ды яшчэ ездзілі нашы жанчыны да дзеда, які гадаў, але патрабаваў, каб прывозілі яму кавалак цукру, які ляжаў у «кліенткі» ўсю ноч пад падушкай. Толькі нядаўна я даведалася, што крысталічная структура цукру дазваляе яму «запамінаць» інфармацыю, якая, мабыць, «ішла» яму пра ўладальніцу цукру і яе жыццё…

Не ведаю, ці шмат на свеце краінаў, дзе, на маю думку, штосьці (а можа, і шмат чаго) захавалася з тых здольнасцяў, якімі некалі валодалі нашы прашчуры. Але адна з такіх краінаў, несумненна, Індыя.

 

«Мова наша і па сёння блізкая да старажытнага санскрыту»

-Каторы раз шкадую, што, трапіўшы ў групу сяброў таварыства «Беларусь-Індыя» (атрымаўшы прэмію за артыкул ў часопісе, я атрымала і права на паездку ў гэтую далёкую краіну), я не ведала і сотай долі ведаў, што назбірала за гэтыя гады. Самы цікавы аспект з гэтых ведаў – што мы, беларусы (рускія, украінцы, балгары, чэхі і іншыя славянскія народы), аказваецца, далёкія стагоддзі (не, тысячагоддзі!) назад жылі ў адной краіне. І што мова наша і па сёння блізкая (канешне, параўнаўча блізкая) да той, што сёння называецца старажытным санскрытам.

Канешне, я па-інакшаму глядзела б і на славутую Жалезную Калону ў Дэлі, якую мы абдымалі  ўслед за тысячамі турыстаў, дзівуючыся, што яна, калона, зробленая з чыстага жалеза, (сакрэт якога сённяшняя цывілізацыя не ведае), стагоддзямі не іржавее ў вільготна-гарачым клімаце Індыі.

-Ці даказана вучонымі падабенства паміж беларускай мовай і санскрытам?

-Блізкасць старажытнага санскрыта да рускай мовы (беларускай і украінскай, наколькі мне вядома, не даследавалася) ужо даказана. Ды варта ўзяць слоўнік Качэргінай і самім «прайсціся « па старонках, як адразу пераконваешся ў правільнасці гэтых словаў. Узяць хаця б састарэлае слова «рамёны» –плечы. Даль трактуе гэтае слова як «рамо» – сіла, моц, магутнасць. Ці не адсюль і назва паэмы  «Рамаяна»? Вядома, што царэвіч Рама ўзначальваў паход індаеўрапейцаў з Запаляр’я на поўдзень каля сямі тысяч гадоў назад. Раме дапамог народ малпаў, які ўмеў лятаць. Гэтае ж слова –лятаць – прасочваецца і ў некаторых імёнах грэчаскіх багоў ( Лето—імя маці Апалона і Арцеміды). Філолагі гавораць аб этымалогіі імя Апалон як Опалун (той, хто апаляе). Дарэчы, і першага жраца ў храме Апалона звалі Алень (адсюль выводзяць слова «Элін»). Гадаць у храме Апалона можна было толькі раз у год, у дзень народзінаў бога.

Рабіндранат Тагор меў блакітныя вочы – такое ж апісанне  як блакітнавокага, з белым тварам чалавека – ёсць наконт Крышны.

Даследчыкі гавораць аб падзеях шматтысячагадовай даўніны, якія адбываліся на поўначы Расіі – яны гучаць неверагодна, але падмацаваныя не толькі паданнямі, але і навуковымі аналізамі. Напрыклад, І. Жарнікава гаворыць аб каласальнай бітве на Курашатры на мяжы З-4 тысячагоддзя да н.э., дзе была прыменена атамная зброя і загінула каля 1 мільярда чалавек. Характэрна, што ў ХХ ст. там жа, каля Курска, адбылася адна з найвялікшых бітваў з немцамі (на т.зв. Курскай дузе)…

Але часцей  аповяды пра гэтыя падзеі ўспрыймаліся як казачна-неверагодныя. Карысталіся яны, як правіла, вялікай папулярнасцю.  Напрыклад,кніга рэктара Бастонскага універсітэта Вільяма Уорэна «Знойдзены рай на Паўночным полюсе» (канец ХІХ ст.) вытрымала 11 выданняў.

Французскі вучоны Байі разлічыў, што 40-дзённы цыкл, які папярэднічаў уваскрашэнню Асірыса, адпавядаў «паміранню і ўваскрашэнню сонца» на 68 градусе паўночнай шырыні…

А гэта Кольскі паўвостраў, Обская губа, Заходняя Сібір…

Але былі і ў мінулым стагоддзі людзі, якія добра разумелі, што ў такой колькасці легенд і паданняў для аднаго месца менавіта рускай поўначы — ёсць важкая прычына. Таму ў 20-я гады на Кольскі паўвостраў адправілася экспедыцыя Барчанкі. Фармальна – для вывучэння такой з’явы, як «мярэчанне», калі людзі раптам пачыналі гаварыць рознымі галасамі ў непрытомным стане.  Апроч гэтага, Барчанка шукаў таксама “камень з Арыёна” – ён нібыта кантактаваў з касмічным інфармацыйным полем – даваў веды пра мінутае, сапраўднае і будучае.

Пра блізкасць генетычную—здавалася б, далёкіх культур пісалі многія вучоныя. Напрыклад: Бессонаў П.А.–пра блізкасць рускай і грэчаскай культуры, Ю.Д Петухоў «Русскіе богі Алімпа», В.І.Шчарбакоў «Асгард—горад багоў».

Калі яшчэ два дзесяцігоддзі таму я была ў Індыі, я і падумаць не магла, што мова гэтага народа, санскрыт, – гэта старажытная, захаваная ў тысячагоддзях мова і маіх продкаў, якія вельмі даўно (па адных звестках – дваццаць пяць тысячагоддзяў да новай эры, па некаторых – і болей) эмігравалі, пасля вялікага пахаладання, з былой Гіпербарэі, якая знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Арктыкі, што цяпер ляжыць пад ільдамі, і Кольскага паўвострава Расіі. Гэта даказаў – прынамсі, датычна сучасных індусаў—вучоны Цілак. Ён узяў старажытнейшы эпас індусаў Махабхарату і вылічыў, што апісаныя там падзеі і сітуацыі маглі адбывацца толькі пад пэўнымі сузор’ямі, якія знаходзіліся ў геаграфічных шыротах Поўначы, менавіта ў Арктыцы. І бліскучае пацверджанне гэтаму дала кандыдат навук Святлана Жарнікава, нядаўна памерлая загадчыца… Яна прааналізавала мноства слоў, якія засталіся ў большасці  ў паўночных дыялектах рускай мовы, і слоў з санскрыта, якія абазначалі тое ж самае!… Індускі вучоны-санскрытолаг, які прыехаў у Маскву, прызнаўся, што праз два тыдні стаў разумець, пра што гавораць навокал людзі.

 

Вольга Іпатава (справа) і Надзея Савік на з’ездзе беларусаў свету ў 2017 годзе

 

«Чаму ж не пашукаць у нашай мове і тапаніміцы гэты “індускі” след і сляды санскрыту?»

-Мы ўвесь час гаворым пра поўнач Расіі. Але ж дзе тая сувязь паміж санскрытам, таямнічай Гіпербарэяй, і беларусамі, нашай мовай?

-Гэтая нітачка – арыі з Гіпербарэі – індусы з іх санскрытам – блізкасць да рускай (славянскай) мовы прывяла мяне да думкі прааналізаваць тапаніміку нашай Беларусі, тым болей, што ў той жа Махабхараце ўзгадваецца народ “крыві”. Чаму ж не пашукаць у нашай мове і тапаніміцы гэты “індускі” след і сляды санскрыту? І што ж? Нягледзячы на ўсе перайменаванні, здзекі з мовы ў выглядзе ўсечанасці яе да інтэрнацыянальнага ўзроўню, захавалася многае, што лучыць нас з Індыяй. Назвы мясцовасцей – пасёлкі Індура і Індам (у санскрыце нар – вада, у рускай – горад Нар’ян-Мар, у беларускай жа тапаніміцы гэта — возера Нарач і пасёлак Нарыца ў Віцебская вобласці)…

З “гой есі, добры моладзец”– захаванага ў казках пажадання “будзь здаровы” ў беларускай мове захавалася -“гаіць”. “Тула”- тайнае месца – і калі ў рускай мове захавалася назва горада Тула, назва якога не расшыфраваная, то ў беларускай як больш архаічнай, засталося набліжанае да рэальнага значэння першаслова – туліць, прытулак, стулены. З “коло” ў значэнні «колесо, круг» – менавіта ў беларускай захаваліся “калаўрот” і “кола”. А яшчэ—svara – сварка, pashu—скот, які пасецца на пашы. Вядомае беларускае слова «гавяда» – санскрытскае адпаведна «гави», и значыць яно тое самае.  Санскрытскае «гар» – пырскаць – у беларускай мове ёсць «гара» – у значэнні вадкасць, газа (на самагонку раней гаварылі –“гара”).  Ад «лал» – гуляць – у нас утварылася «лялька», «ляля». Не кажу ўжо пра agnі -агонь, vrana—варона, taata у значэнні тым жа, што і беларускае «тата», timira — цемра, trina—трава (узгадаем і «трын-трава»),  “d аnta” – дантыст, –  divja—дзіўны або казачны Дзіў, veda—які і перакладаць не трэба, нездарма ў беларускім замежжы быў часопіс, які так і называўся – “Веда”. “ Панч-гайя” страва, у якой пяць (панч – кампанентаў) ад  каровы (Гайя) – якімі ачышчаліся пасля маральнага ці фізічнага забруджвання браміны. Цікава, што ачышчаліся яны не толькі малаком, сыроваткай, маслам, але таксама і экскрэментамі і мачой каровы, бо ў каровы-карміліцы чыстым было ўсё! У час такога ачышчэння ў хаце гарэлі кандэлябры ў выглядзе сямі галоваў кобры. Сем — лічба свяшчэнная і дасюль, паколькі сузор’я Вялікай і Малой Мядзведзіцы ззяюць над намі штоноч…

Як бачыце, у схаваным выглядзе захавалася ў нас шмат чаго цікавага з нязмерных глыбіняў часу…

Я ўжо не кажу пра імёны язычаскіх, ці так званых «паганскіх» багоў, з якімі царква змагалася зацята і ўпарта, і якія таксама засталіся ледзь прыкметнымі слядамі нашага гіпербарэйскага мінулага – у назвах вёсак і населеных пунктаў. Ад Вялеса засталіся – Велясніцы і Вялецічы, ад іншых – Юрцава і Юравічы, Цётча, Ражаншчына і Чурылавічы, засталіся і абрады – напрыклад, старажытнейшая «Камаедзіца» ў гонар Арцеміды. На месцы, дзе галоўным быў храм Вялеса (бога творчасці), князь Яраслаў Мудры загадаў будаваць у 1010 годзе новы горад – Яраслаўль, але доўга яшчэ жыхары прыходзілі на месца колішняга храмавага ўзгорка і маліліся Вялесу… Ад багіні Цёці ў рускіх і беларусаў засталіся назвы пасёлкаў – Цётча, а яшчэ і прымаўка «Голад не цётка»… Ад Мары – у рускай – морок, замороченный, у беларускай – мара. Ад Чура – імя Чурыла. Калі ў егіпцян назва бога сонца Ра захавалася ў першасным выглядзе, то ў індускай міфалогіі ёсць Брахма, Індра, Рудра, Врітра, Раху, Рама (найвялікшы герой Індыі, які даў назву эпасу Рамаяна). У арыяў палярная зорка – Тара, у расейцаў яна ж дачка Перуна (і рэчка Тара)…

У казках увогуле захаваліся вялікія таямніцы нашага мінулага. Вось вам «Воран вешчы»–гэта ж бог вады Варуна!  І шмат-шмат што яшчэ, пра што вы можаце чытаць у акадэміка А. Цюняева, Л.Яфімавай, якая даказвае, што менавіта піраміды Кольскага паўвострава Гіпербарэі сталі правобразам егіпецкіх прамід, на якіх ёсць надпіс славянскімі літарамі.

 

«Чалавек хадзіў, абхутаны змеямі, любіў, карміў іх, і гаварыў з імі»

-Але ці варта рабіць такія далёкасяжныя высновы на аснове казак і міфаў?

-А цяпер –  асабістае.

Некалькі дзіцячых гадоў я правяла ў бабулі ў вёсцы Забелле Бешанковіцкага раёна. Гэта поўнач Беларусі, і ў час майго дзяцінства—далёкая ад нават раённага цэнтра селішча. І там шмат захавалася з язычаскага ці ведычнага мінулага нашага народу.

Мне пашанцавала: бабуля мая спалучала якасці зацятай хрысціянкі і не менш зацятага язычніцтва. На Вялікдзень мы ішлі за пяць кіламетраў у царкву, а на Дзяды садзіліся за памінальны стол і, адчыняючы дзверы, бабуля заклікала продкаў сесці з намі… Пачынаючы жніво, першую жменю аддавала Багародзіцы і Жыценю, а абсаджваючы сядзібу бярозавымі галінкамі на Тройцу, узгадвала заадно і Ярылу… Гаварыла – аржаны, арак, арабіна, Арына… Слова «арыі» яна ніколі не чула, і каб хто сказаў ёй, што калісьці, шмат тысячагоддзяў таму, у далёкіх паўночных шыротах каля полюса гэтыя арыі сонца называлі «РА», ад чаго  ў многіх славянскіх мовах» – у назвах рэчак, азёраў, мясцовасцях засталіся водгукі — яна толькі б паківала галавой, як на дзівацтвы. Само слова «арыйцы», «арыі» моцна скампраметаваў Гітлер, – але ад гэтага яны не перасталі згадвацца ў навуцы як цывілізацыя, якая, як і этрускі, была амаль казачна-нерэальнай. І ўсё ж яна была!  Яе шукалі не толькі немцы – яшчэ ў 20-я гады бальшавіцкай уладай на Кольскі паўвостраў была пасланая экспедыцыя Барчанкі, якая-такі прывезла нешта – і можа таму ўся да апошняга чалавека была пасля расстраляная.

Пра этрускаў увогуле існавала сцверджанне «этрускае – нечытэльнае», бо славуты Фесцскі дыск не маглі расшыфраваць еўрапейскія вучоныя, ажно пакуль прафесар Грыневіч не прымяніў славянскія літары – і дыск «загаварыў»! І што характэрна – мова дыска настолькі бліжэй да беларускай мовы, чым да рускай, што, па праўдзе, і я спачатку не паверыла прафесару Валерыю Чудзінаву (прозвішча якраз такое набліжанае да слова «чудо») пра тое, што беларусы – гэта старажытныя этрускі. Пасля ўжо прачытала тое ж у Чарткова. Настрадамус гаварыў пра русаў як пра «народ гіпербарэйскі».

Многія сур’ёзныя вучоныя гавораць, што гіпербарэйцы валодалі незвычайнымі якасцямі – яны ўмелі лятаць, гаілі хваробы, гаварылі з жывёламі – тое, што засталося ў нашай свядомасці толькі як казкі. У Індыі многае з гэтых цудаў захавалася – я выкажу крамольную думку, што менавіта дзяленне на касты, якое так крытыкуецца, дазволіла брамінам (дарэчы, на санскрыце «арый» значыць высакародны) праз тысячагоддзі захаваць гэтыя даўнейшыя здольнасці (лятаючыя камні ў вёсцы Шывапур, бібліятэкі на пальмавых лістах, дзе пры дакранні да чыстага пальмавага ліста пальца або далоні чалавека з’яўляліся звесткі пра яго нараджэнне і  будучую смерць), і шмат што іншае… А на нашых землях знішчалі валхвоў ва ўсе часы, у тым ліку займалася гэтым і КДБ. Рускі пісьменнік Валодзя Кочатаў у маскоўскай аспірантуры расказваў мне, як ягоную маці, што лячыла вадой і на цукры –як цяпер высвятляецца, крысталічнай структуры, якая мае сваю «памяць»–, пашкадавалі ў гэтай установе, толькі забаранілі дапамагаць іншым.

І апошняе – у суседняй з маёй бабулі лясной вёсцы жыў незвычайны чалавек. Ён хадзіў, абхутаны змеямі, любіў, карміў іх, і гаварыў з імі. Я бачыла яго ў дзяцінстве.

Ці не быў ён з тых ужо апошніх людзей, у чыіх жылах цякла кроў старажытных гіпербарэйцаў? Ці не цячэ яна ў жылах тых, хто і сёння здзіўляе нас так званымі паранармальнымі здольнасцямі, якімі ў часы Гіпербарэі валодаў кожны?

Глеб Юрын, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: