Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова тлумачыць, чаму БХД падтрымлівае «Маці 328», распавядае, чаму ўлады не гатовыя прызнаваць свае памылкі, і адказвае на «традыцыйнае» пытанне, ці лічыць сябе фэміністкай.

Вольга Кавалькова

 

Даюць вельмі вялікія тэрміны толькі за намер на збыт наркотыкаў, які нават не даказаны

— Беларуская хрысціянская дэмакратыя вельмі актыўна далучылася да праблемы лібэралізацыі, змяншэння пакарання за правапарушэнні, звязаныя з наркотыкамі. Вы падтрымліваеце рух маці асуджаных «Маці 328». Чаму БХД прымае такі актыўны ўдзел у гэтай тэме?

— Наша супраца пачалася ў лістападзе 2016 году з таго, што да нас звярнулася адна з актывістак з Бабруйску. Я прааналізавала прысуд і пабачыла, што тут шмат пытанняў і да праваахоўных органаў, і да судовай сыстэмы, і да тых тэрмінаў, якія давалі асуджаным за першы раз. Яны ніколі не былі па ніжняй плянцы, а заўсёды сярэдні ці высокі тэрмін. Потым мы шчыльней звязаліся з маці асуджаных — і пабачылі ўвесь маштаб праблемы.

На сёння ў краіне 16 тысяч асуджаных па артыкулах, звязаных з распаўсюдам наркотыкаў. І гэты артыкул 328 паказаў, як лякмусавая папера, усе тыя праблемы, якія існуюць у Беларусі ў праваахоўнай сыстэме.

— Грамадзтва ў Беларусі на сёння ня самае мяккае і лібэральнае. У сацыяльных сетках, нават у даволі прагрэсіўным фэйсбуку можна пабачыць дыскусіі, калі некаторыя людзі пачынаюць абурацца — навошта абараняць тых, хто распаўсюджвае наркотыкі? Маўляў, так ім і трэба, і ніякага зніжэньня пакарання ня можа быць.

— Я таксама як грамадзянін і як чалавек кансэрватыўных поглядаў лічу, што людзі, якія сапраўды займаюцца распаўсюдам наркотыкаў, павінны несці вялікае пакаранне. Праблема, аднак, у тым, як кваліфікуюцца розныя дзеянні. Напрыклад, даюць вельмі вялікія тэрміны толькі за намер на збыт наркотыкаў, які нават не даказаны. То бок ён меў наркотыкі, але не даказана, што ён хацеў іх распаўсюдзіць.

Чытайце па тэме:  «Гэта правакацыя». Імя кіраўніцы «Маці 328» — на сайце па продажы наркотыкаў

Таму ў нашых прапановах мы якраз размяжоўваем захоўванне і збыт, калі яго віна ў тым, што ён распаўсюджвае, даказаная. Але цяпер вельмі шмат людзей сядзіць фактычна за намер збыту, які, на мой погляд, не даказаны ў поўным аб’ёме — прынамсі ў тых матэрыялах, якія я вывучала.

Зразумела, што ёсць хворыя людзі, наркаманы. Яны вымушаныя набываць сабе наркотыкі, бо па-іншаму ня могуць. Для такіх людзей мы прапаноўваем пазбаўленне ад крымінальнай адказнасці. Такіх людзей трэба лячыць, а не саджаць на 10 гадоў.

— А як грамадзтва ў цэлым рэагуе на вашу кампанію? Ці чуеце вы рэакцыю кшталту «навошта абараняць наркаманаў»? Ці разумеюць людзі, што спажыўцы наркотыкаў ніякіх злачынстваў ня робяць, ці для большасці ўсе яны ў адной групе?

— Шчыра кажучы, ня чула абвінавачванняў у наш бок, што мы абараняем наркаманаў. На мой погляд, праблема ёсць, і нават супрацоўнікі дзяржаўных структураў — пракуратуры, Следчага камітэту, Вярхоўнага суду — на розных круглых сталах не адмаўляюць гэтага. Іншая справа, як яе вырашаць.

Трэба заканадаўства, якое рэгулюе гэтую тэму, удасканальваць. Каб не атрымлівалася, што людзі, якія прадаюць кіляграмы цяжкіх наркотыкаў і такія ж памеры «шышак», сядзяць аднолькава. Ёсць відавочныя перакосы. Нельга, каб атрымлівалася так, што людзі, якія гандлююць і якія ўжываюць, сядзяць на аднолькавых тэрмінах.

— Ёсць грамадзянская кампанія Legalize Belarus, якая выступае больш радыкальна за легалізацыю марыхуаны, напрыклад. Ад некаторых прадстаўнікоў БХД я чуў, што тыя ледзь не дыскрэдытуюць вашыя дзеянні. Як вы да іх ставіцеся?

— Мы выступаем супраць легалізацыі любых наркотыкаў. Такія дзеянні, калі яны заангажоўваюць сваякоў людзей, якія зараз сядзяць за кратамі, — дыскрэдытуюць увесь гэты кірунак. Бо атрымліваецца, што асуджаныя выступаюць за легалізацыю.

Дзяржава тады можа сказаць — «О, дык яны сядзяць за тое, што трэба, бо яны за легалізацыю наркотыкаў». Яны могуць выкарыстаць гэта супраць нас, так і было зроблена па Беларускім тэлебачанні. Я лічу, што для гэтага пакуль ня час. Пры тым грамадзтве, якое існуе ў Беларусі, уздымаць пытанне легалізацыі — гэта нерэалістычна і не адэкватна сытуацыі ў краіне.

Чытайце па тэме:  Пасля галадоўкі Таццяну Канеўскую з «Маці-328» шпіталізавалі, заўтра будзе аперацыя

Можа, яны нават разумеюць, што была зроблена памылка, — але аўтарытарны рэжым памылкі прызнаваць не гатовы

— За гэты час вы нярэдка сустракаліся з прадстаўнікамі ўлады па гэтай тэме. Якія ў іх самыя папулярныя аргумэнты? Яны неяк тлумачаць сваю пазыцыю? Ці яны проста ведаюць адпаведныя словы Лукашэнкі на гэты конт і дзейнічаюць адпаведна ім?

— Усе гэтыя пагаршэнні сытуацыі з колькасцю асуджаных і з тэрмінамі пачаліся пасля таго, як быў прыняты Дэкрэт № 6. Пасля гэтага сталі актыўна саджаць маладых людзей 18–20 гадоў. Нашая ўлада такая — яна прыняла, стала прымяняць. І цяпер, можа, яны нават разумеюць, што была зроблена памылка, — але аўтарытарны рэжым памылкі прызнаваць не гатовы. І калі мы будзем патрабаваць, каб усе крымінальныя справы былі перагледжаныя — то сама дзяржава на гэта, зразумела, ня пойдзе, бо для іх гэта прызнанне сваёй памылкі.

Калі б былі ўнесеныя праўкі ў заканадаўства, гэта дало б магчымасць ім без прызнання сваёй памылкі зменшыць прысуды. Але МУС лічыць, што ўсё нармальна, яны супраць любых зменаў. Аднак гэта не нармальна, калі 16 тысяч асуджаных па артыкулах, звязаных з наркотыкамі.

Адкуль гэтыя наркотыкі? Ёсць доказы, што і прадстаўнікі дзяржавы вінаватыя ў тым, што з 2012 году спайсы былі легальна дазволеныя на тэрыторыі Беларусі. А потым раптам «давайце іх хуценька забаронім» — а ўжо ёсць шмат людзей, якія на іх «падселі».

— Вы асцярожна закранулі тэму, якую можна развіваць. Бо хапае меркаванняў, што некаторыя супрацоўнікі праваахоўных органаў проста кантралююць наркабізнэс, фактычна «крышуюць» яго.

— Я думаю, што, канечне, такі бізнэс ня можа існаваць сам па сабе. Пытанне ў тым, наколькі праваахоўныя органы хочуць і могуць прыцягваць да адказнасці тых, хто стварае гэты «бізнэс». Ёсць вядомыя гісторыі людзей, якія былі супрацоўнікамі пракуратуры і КДБ і якія цяпер знаходзяцца ў зняволеньні за артыкулы, звязаныя з наркотыкамі. Такіх гісторый, я думаю, больш, але яны не выходзяць за межы самой сыстэмы.

Чытайце па тэме:  Пасля галадоўкі Таццяну Канеўскую з «Маці-328» шпіталізавалі, заўтра будзе аперацыя

Мне падаецца, што і жанчыны самі сябе шмат у чым недаацэньваюць

— Калі адысці ад адной тэмы ў нашай размове, то я задам пытанне, якое задаю многім жанчынам,  ці лічыце вы сабе фэміністкай?

— Складанае пытанне — асабліва для хрысціянскай дэмакраткі. Але я выступаю за роўнасць мужчын і жанчын, і ў эканамічным, і ў сацыяльным пляне. Вось так.

— У адрозненне ад іншых вашых адказаў гэты вельмі кароткі.

— Але ўсё па сутнасці.

— Існуе шмат меркаванняў наконт жаночага лідэрства. Ёсць факт, што жанчын у беларускай апазыцыйнай палітыцы ня вельмі шмат на высокіх пасадах. Але тлумачаць гэты факт па-рознаму. Адны кажуць пра патрыярхальнасць грамадзтва, іншыя лічаць, што жанчыны проста разумныя і таму самі ня вельмі актыўна ідуць у апазыцыйную палітыку. А якое вашае тлумачэнне?

— У нашай краіне больш звыкла бачыць палітыкаў-мужчын, і грамадзтва, вядома, патрыярхальнае. Мне падаецца, што і жанчыны самі сябе шмат у чым недаацэньваюць. У жанчын вельмі вялікі патэнцыял. Калі казаць пра нашыя сацыяльныя кампаніі, то большасць актывістак — гэта жанчыны.

Гэта не сакрэт, што жанчыне ў палітыцы больш складана. Бо табе больш часу трэба даказваць, што ты нешта можаш, ці прафэсіянал ты, ці ёсць моц унутры. Я ўпэўненая, што ёсць жанчыны, больш моцныя за мужчын, якія ў крытычных сытуацыях павялі б сабе больш адказна. Я лічу, што калі жанчыны бяруць удзел у прыняцці рашэнняў на вышэйшым узроўні, то рашэнні прымаюцца больш эфэктыўна і ўзважана.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: