Рок-калектыў “Крамбамбуля” перадаў грошы на аплату штрафаў двум гледачам, якія ўзнялі бел-чырвона-белы сьцяг падчас канцэрту.

Aliaksandr Papko/radyjo.net

 

Дапамагчы сваім прыхільнікам матэрыяльна вырашылі ўдзельнікі гурту «Крамбамбуля». Вядом рок-калектыў перадаў грошы на аплату штрафаў двум гледачам, якія ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг падчас канцэрту. Наколькі ўласцівая беларусам салідарнасьць?

Штрафам для Івана Лісаўца ды Зьмітра Навуменкі скончыўся паход на фэстываль «Хмяльноў», што адбыўся ў Менску ў мінулую суботу. Гурт «Крамбамбуля» запрасілі на канцэрт у якасьці хэдлайнэра. Калі калектыў знаходзіўся на сцэне, над натоўпам зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг. Пасьля выступу хлопцы, якія прынеслі яго з сабой, былі затрыманыя й дастаўленыя ў РУУС Завадзкога раёну беларускай сталіцы, дзе й правялі ноч.

Судовае паседжаньне адбылося ў панядзелак. Абышлося без сюрпрызаў. Паводле міліцыянтаў, Лісавец і Навуменка былі нецьвярозыя, нецэнзурна выказваліся, а таксама чапляліся да мінакоў. За «дробнае хуліганства» кожны атрымаў па 10 базавых велічыняў, то бок, па 230 рублёў штрафу. На сытуацыю адрэагавалі ўдзельнікі «Крамбамбулі». Паведамленьне пра гэта зьявілася ў аўторак на старонцы каманды ў Фэйсбуку. Працягвае лідэр калектыву Лявон Вольскі.

Лявон Вольскі: Мы сабраліся й вырашылі заплаціць гэтыя грошы за нашых прыхільнікаў. Што тут казаць? Каб ім яшчэ інкрымінавалі нейкую іншую правіну, а ня гэтую адвечную мацерную лаянку ды размахваньне рукамі, то мы яшчэ, можа быць падумалі б. А калі, як заўсёды, ідзе такая фальсыфікацыя, то, безумоўна, трэба падтрымаць людзей. Ня ведаю, ці яны заплацілі, але мы ўжо аддалі ім суму, на якую іх аштрафавалі. Гэта быў адзін сьцяг, і публіка да яго ставілася вельмі прыязна. І мы таксама за тое, каб на нашых канцэртах людзі выкарыстоўвалі сымболіку. Не разумею, чаму ў праваахоўнікаў узнікае такая боязь, алергія ці нейкая экзэма, звязаная з гэтай сымболікай. Мне падаецца, што гэта больш беларуская сымболіка, чым тое, што зараз выкарыстоўваецца. Але лічыць па-свойму – гэта справа кожнага.

Самі беларусы даволі ахвотна дапамагаюць тым, хто апынуўся ў падобнай сытуацыі. У сакавіку ў краіне стартавала кампанія па зборы сродкаў для затрыманых падчас Дня Волі ды іх сем’яў. За два з невялікім месяцы неабыякавыя пералічылі на гэтыя патрэбы больш за 60 тысячаў даляраў. На думку аднаго з аўтараў ідэі, блогера ды грамадзкага актывіста Аляксея Лявончыка, такія вынікі кажуць пра пэўны трэнд.

Аляксей Лявончык: На такія рэчы народ скідаецца дастаткова актыўна. Мне падаецца, што тут не ў грашах справа, а ў тым, што людзі, якія трапілі ў такую сытуацыю, будуць адчуваць абарону. Такія гучныя кейсы прыцягваюць больш увагі, прыцягваюць больш грошай. Увогуле, культура такой філянтропіі становіцца больш разьвітай. Іншае пытаньне, што базавыя ўмовы не зьмяняюцца. То бок, гэтая штука будзе патрэбная яшчэ доўгі час.

У сваю чаргу, як адзначае Лявон Вольскі, грамадзкасць гатовая падтрымліваць таксама асветніцкія ды культурныя праекты. Пра гэта кажа, у тым ліку, і нядаўні досвед самога музыкі ці, напрыклад, гісторыя з менскай кнігарняй «Логвінаў», якую дзякуючы дапамозе грамадзкасці ўдалося ўратаваць ад закрыцця.

Лявон Вольскі: Былі нейкія штрафы ў кнігарні «Логвінаў». Досыць хутка ўсё зьбіралася. Былі іншыя выпадкі, калі нехта атрымліваў штрафы, рабіўся нейкі краўдфандынг і вельмі хутка зьбіраліся патрэбныя грошы. Мне, напрыклад, таксама ў выпадку з альбомам «Псыхасаматыка» досыць хутка сабралі вельмі добрую суму, якой хапіла на ўсе рэчы, звязаныя з выданьнем. Я не магу сказаць, што беларусы інэртныя ці сквапныя.

Адзначым, зараз Лявон Вольскі рыхтуецца да новых канцэртаў. 15 жніўня музыку чакаюць на ўкраінскім оўпэн-эйры «Захід». Там выканаўца прадставіць свой сольны праект. Ну, а 9 верасьня ён разам з «Крамбамбуляй» збіраецца выступіць на піўным фэсьце ў Лідзе.

Васіль Садоўскі, Польскае Радыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...