Атрымаць камэнтар Следчага камітэту і Міністэрства ўнутраных спраў да сытуацыі са справай Юрыя Захаранкі не ўдалося.

Маці былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі 15 траўня пахавалі ў роднай вёсцы Васілевічы Рэчыцкага раёну побач з магілай мужа, які памёр у 80-х гадах. Ульяна Захаранка памерла 14 траўня на 95-м годзе жыцця.

19 гадоў яна чакала весткі ад сына Юрыя, які бяз следу знік у 1999 годзе.

Крымінальную справу аб знікненні Юрыя Захаранкі працягвалі больш за 70 разоў, але гэта імітацыя следзтва, кажа Свабодзе былы следчы менскай пракуратуры Алег Воўчак.

Юры Захаранка знік 7 траўня 1999 году пры да канца ня высветленых абставінах, і дагэтуль следзтва не адказала на пытанне, куды ён падзеўся.

Свабода паспрабавала атрымаць інфармацыю ад МУС і Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь пра стан следзтва ў гэтай справе на 15 траўня 2018 году. Аднак удалося даведацца толькі, што яна чарговым разам была падоўжаная Следчым камітэтам да 26 чэрвеня 2018 году.

Олег Волчек, Беларуская праўда

 

Апазыцыя і праваабаронцы ў Беларусі мяркуюць, што экс-міністар Юрый Захаранка, які пайшоў у апазыцыю Аляксандру Лукашэнку, стаў ахвярай так званага «эскадрону смерці». Паводле Алега Воўчака, беларускія ўлады ў расследаванні справы Захаранкі выбралі тактыку працягваць кожныя тры месяцы справу, каб ствараць бачнасць працы перад праваабаронцамі і структурамі Эўразвязу. «Маўляў, расследаванне вядзецца, чаго вам яшчэ?»

Чытайце па тэме:  «Жудасней, чым турма!» – актывістка, якую кінулі ў псіхіатрычны шпіталь

Алег Воўчак кажа, што да апошняга часу Ўльяна Рыгораўна Захаранка спрабавала знайсці праўду пра лёс сына. «Неверагодна, але яна жыла з надзеяй, што ён жывы. Відаць, з гэтай надзеяй яна ўчора і памерла», — кажа Алег Воўчак.

Дзве справы пра знікненне Юрыя Захаранкі

Пасля знікнення Захаранкі ў 1999 годзе былі заведзеныя дзве справы. Адну завяла пракуратура (у 2011 годзе яна была перададзеная ў Следчы камітэт, які сфармавалі на базе следчай управы МУС). Другая, апэратыўна-вышуковая справа, дагэтуль застаецца на ўліку ў Міністэрстве ўнутраных спраў.

«Летась я звяртаўся ў МУС з пытаннем, як ідуць пошукі. Сказалі, што выніку няма», — распавёў Алег Воўчак.

Пра справу аб расследаванні знікнення Юрыя Захаранкі ў Следчым камітэце праваабаронца Алег Воўчак ведае, што яе дагэтуль вядзе Юрый Вараўка — той самы, які да 2011 году працаваў у пракуратуры Беларусі і там таксама расследаваў гэтую справу.

Цяпер Вараўка загадчык аддзелу, менавіта ён падпісвае свае адказы, паведамляючы кожныя тры месяцы, што справа працягнутая.

«А больш нічога не адказвае — відаць, такі загад», — мяркуе Алег Воўчак.

Праваабаронца перакананы, што свае абавязкі следчы выконвае фармальна не таму, што знайсці сляды і доказы злачынства немагчыма, а таму, што ад пачатку гэтая справа была пераведзеная ў разрад палітычнай, а значыць тупіковай. На пытанне, ці быў за 19 гадоў следзтва пэрыяд, калі ў справе Юрыя Захаранкі рабіліся пэўныя следчыя дзеянні, Алег Воўчак рашуча адказвае, што такога пэрыяду ніколі не заўважаў.

Чытайце па тэме:  Алег Воўчак: А калі ў мамы чацвёра хлопчыкаў, і адзін загіне – ці гэта нармальна?

«Нічога рэальна не рабілася. Нямецкі ці які след, куды нібыта ўцёк Захаранка, нават гэтыя плёткі насамрэч не правяраліся, бо следчыя добра разумелі, што гэта прыдумка. А калі мы звярталі ўвагу следчых на заявы афіцыйных асобаў пра лёс Захаранкі і зазначалі, што гэтыя заявы варта праверыць, следзтва нават не адказвала. За 19 гадоў змяніліся 4 следчыя, і ўсе рабілі аднолькавыя адпіскі — што ваш ліст атрыманы, аб прынятых захадах вам паведамяць пасля следзтва. Мінула 19 гадоў, нічога не паведамілі», — кажа Воўчак.

Маці справу так і не паказалі, памерлым сына не прызналі

Ульяна Захаранка, 2013 год

 

Вядома, што з матэрыяламі справы аб знікненні Юрыя Захаранкі так і не азнаёмілі Ўльяну Захаранку, хоць яна неаднаразова гэтага дамагалася.

«Ёй адказвалі, што, паколькі справа яшчэ не завершаная, дык ня могуць нічога паказаць. Тады Ўльяна Захаранка спрабавала дамагчыся, каб прызналі сына памерлым, але суд ня стаў разглядаць яе заяву, адпаведна справу зноў не паказалі».

У пачатку 2010-х гадоў Ульяна Рыгораўна паскардзілася ў ААН на тое, што яе сына Юрыя Захаранку ў Беларусі катавалі.

«Гісторыя цягнулася шмат гадоў, у выніку ў ААН прынялі рашэнне, каб расследаванне завяршылі, пакаралі вінаватых, а маці выплацілі грашовую кампэнсацыю, але беларускі бок адказаў, што „гэта не абавязковае для выканання, а рэкамэндацыйнае рашэнне“. Вось так яе марудзілі да апошняга для жыцця», — кажа Алег Воўчак.

Чытайце па тэме:  «У Беларусі захоўваецца патэнцыял для сацыяльнага выбуху»

Яшчэ адна скарга Ўльяны Захаранкі разглядаецца ў ААН

Пра яшчэ адну цяжбу з беларускай дзяржавай наконт лёсу сына расказала кіраўніца Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру Раіса Міхайлоўская. Праваабаронца дапамагала Ўльяне Захаранцы складаць і накіроўваць скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН. Пакуль гэтая скарга не разгледжана. Ці будзе прынята па ёй рашэнне?

«У другой скарзе мы рабілі ціск на тое, што Ўльяне Захаранцы адмоўлена ў доступе да правасуддзя, бо суды адмаўляліся разглядаць яе заявы аб прызнанні сына памерлым. У ААН прынялі гэтую скаргу, і цяпер яна знаходзіцца ў стадыі камунікацыі з дзяржавай», — кажа Міхайлоўская.

Праз паўгода дзяржава мае адказаць камітэту правоў чалавека ААН на гэтую скаргу. Гэта Міхайлоўскай нядаўна паведамілі з ААН, бо яна з’яўляецца прадстаўніцай Ульяны Захаранкі.

«Але вось цяпер, калі Ўльяны Рыгораўны, на жаль, ужо няма, у мяне ўзнікаюць сумненні, ці будзе беларуская дзяржава ўвогуле камунікаваць з ААН наконт гэтай скаргі. Але мы будзем шукаць магчымасці, каб завершыць і гэтую скаргу лягічным рашэннем. Гэта наш абавязак перад Ульянай Захаранкай, якая да апошняга змагалася за памяць аб сыне», — сказала Свабодзе праваабаронца Раіса Міхайлоўская.

Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: