Калі так хочацца яскрава праявіць сваю творчую энергію, зрабіце флэшмоб, напрыклад, у абарону Джона Сільвера — Эдуарда Пальчыса. Можаце прыйсці хоць голымі, хоць апранутымі.

cygankou

Якія самыя папулярныя артыкулы апошнія дні на большасці незалежных сайтаў, у тым ліку і Радыё Свабода? Флэшмоб «распранацца і працаваць», які распачаўся пасля чарговага «афарызму» Лукашэнкі.

Прыкольна, весела. Мне ўвогуле здаецца, што ў нас і без усялякіх прычынаў многія людзі мараць публічна распрануцца, а тут акурат для гэтага з’явілася нібыта ідэйная нагода — масавы флэшмоб. Пасцябаліся ды і годзе. Узбагацілі сваё сумнае офіснае існаванне яркім эпізодам.

Але калі некаторыя пачалі тлумачыць гэты нявінны флэшмоб нейкімі ідэйнымі прычынамі — «смехам з дыктатуры», «першаснай формай пратэсту», «дыктатуры паміраюць, калі з іх пачынаюць смяяцца» — то ў мяне гэта натуральна пачало выклікаць усё большае раздражненне.

На Захадзе вось ужо колькі гадоў існуе флэшмоб «у метро без штаноў». Гэта што — пратэст супраць «звярынага капіталізму», барацьба за вызваленьне чалавека ад прыгнёту спажывецкага грамадства? Не, гэта проста флэшмоб, безыдэйны і фактычна бессэнсоўны.

Як і наш, з распрананнем.

Знайшлі дасягненне: «з яго ўжо смяюцца». З Лукашэнкі даўно смяюцца, 22 гады. Хто-небудзь бачыць, што ўлада ад гэтага пахіснулася і гатовая паваліцца — засталося распавесці толькі яшчэ адзін анекдот? І дарэчы, тады, у 90-я, гэта была сапраўды яркая, жорсткая сатыра альбо рэзкі, трапны гумар — ці то ананімная паэма «Лука Мудзішчаў», ці фільм Хашчавацкага «Звычайны прэзідэнт», альбо вострыя карыкатуры ў газеце Імя.

А цяперашнія фоткі з распрананнем — вяршыня адвагі і вынаходніцтва, прабачце, офіснага планктона. Паглядзеў бы я на гэтых смельчакоў, калі б да іх у офіс уварвалася міліцыя і затрымала, ну, напрыклад, «за антыграмадскія паводзіны». Ці працягнулі б яны свой «прыкольны сцёб»?

Ад такога смеху «дыктатуры» не слабеюць, яны ачалавечваюцца.

Я зразумеў, дарэчы, што мне гэта нагадвае — сцёбную песеньку «Саша останется с нами», якую прапаганда падхапіла і зрабіла фактычна дэвізам прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнкі 2006 году. Гэта, так бы мовіць, ачалавечванне вобразу, набліжэнне яго да простага народу. На месцы цяперашніх ідэолагаў сёння я б друкаваў масавымі накладамі серыял журналіста Алеся Пілецкага «давайпака». Такая добразычлівая, прыязная да галоўнага героя іронія: Лукашэнка там амаль заўсёды душэўны, мудры, заўжды ўцірае нос сваім апанентам — Пуціну і апазіцыі.

«З яго смяюццца»… Ну, канечне, чаму б не пасмяяцца, калі гэта можна, калі за гэта нічога не будзе, калі да гэтага флэшмобу ўжо далучыліся спевакі, што працуюць на БТ, журналісты «Спутніка».

Калі так хочацца праявіць сваю творчую энергію, зрабіце флэшмоб, напрыклад, у абарону Джона Сільвера — Эдуарда Пальчыса. Можаце прыйсці хоць голымі, хоць апранутымі — я ў любым выпадку прасякнуся да вас павагай.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: