Больш за сем гадзінаў цягнуўся «Большой разговор с президентом» 1 сакавіка ў Мінску. Лукашэнка гаварыў многа, але больш па дробязях і пра сябе, любімага. Пры гэтым беларускі кіраўнік не прамінуў, каб не «праехацца бульдозерам» па апазіцыі. Праўда, гэтым разам гаворка пра «адмарозкаў» набыла новыя адценні: калі абаронцаў Курапатаў Лукашэнка назваў «ашалелымі», то да былых калег па Вярхоўным Савеце 12-га склікання звяртаўся па імёнах (хай сабе і на «ты»), звяртаўся да іх, як да роўных. Ці змянілася нейкім чынам стаўленне Лукашэнкі да апазіцыі, а па сутнасці – да іншадумства?

ria.ru

 

«Візаві» запрасіла да дыскусіі ганаровага старшыню ТБМ Алега ТРУСАВА, які асабіста прысутнічаў на мерапрыемстве, і аднаго з арганізатараў ­100-й гадавіны БНР Паўла БЕЛАВУСА.

Алег Трусаў, фота: Алесь Сабалеўскі

 

АЛЕГ ТРУСАЎ: «ХТО НІКОЛІ НЕ БЫЎ ДЭПУТАТАМ – НЕСІСТЭМНАЯ АПАЗІЦЫЯ, ЯКАЯ ТОЛЬКІ І ЗАЙМАЕЦЦА, ШТО БЕГАЕ ПА ВУЛІЦЫ»

– Як вы патрапілі на мерапрыемства, на якія звычайна запрашаюць «правераных» людзей?

– Па асабістаму запрашэнню Лукашэнкі. Ён персанальна мяне запрасіў праз свайго чалавека. Мне пазванілі, я перапытаў: а вы дакладна ведаеце, што Лукашэнка хоча мяне бачыць? Так-так, хоча. Калі хоча, дык прыйду.

– Якія ўражанні ў вас засталіся пасля сямігадзіннага марафону?

-У цэлым – вельмі добрыя. Калі адкінуць усё слоўнае шалупінне, усе мы падкрэслівалі, што выступаем супольна: і левыя і правыя, і белыя і чырвоныя – за неза­лежнасць. Фактычна гэта быў наш адказ Чэмберлену, супольны адказ: мы ні ў якую Расію губерніямі не пойдзем. Гэта самае важнае ў прэс-канферэнцыі. Лукашэнка сказаў, што 98 адсоткаў на рэферэндуме прагаласуюць за незалежнасць.

– З аднаго боку, Лукашэнка сказаў, што яго­ныя спецыялісты прыйшлі да высновы пра немэ­тазгоднасць адкрыцця беларускамоўнай вну, з іншага – прапанаваў Нацыянальнаму ўніверсітэту перакладаць законы на беларускую мову.

– Не, вы кепска яго слухалі. Ён сказаў: не трэба новай вну, хай вывучаюць беларускую мову ў старых вну, так ён сказаў. Не трэба ствараць новую вну, хай у старых вну вучаць і беларускую, і рускую мовы. А потым сказаў: раз вы новую самі стварылі, то малайцы, вучыся, Раманчук, у Трусава, як без грошай ствараць вну. Раз стварылі новы ўніверсітэт, рыхтуйцеся перакладаць законы, вы вам заплоцім, але нямнога (смяецца).

– Гэта значыць, што Лукашэнка даў дабро на адкрыццё Нацыянальнага ўніверсітэта?

– Канешне! Ён жа мог зусім па-іншаму сказаць. Тым больш, што я не падымаў гэтае пытанне, яго падняў ваш калега з «Еўрарадыё». Думаю: падымі гэтую праблему, дык скажа «не трэба нам!» – і ўсё!

– Лукашэнка шмат апеляваў да вас, да Голубева, да Пазьняка – да апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. А з другога боку, гаварыў пра сённяшнюю апазіцыю, дзе многа «ашалелых». Гэта спроба падзяліць апазіцыю на «сваю» і «не сваю»?

– Калі казаць навуковай мовай, гэта спроба падзяліць апазіцыю на сістэмную і несістэмную. Мы былі сістэмнай апазіцыяй, нас, як і яго, абраў народ. А былых дэпутатаў не бывае: да нас Лукашэнка апеляваў, як да роўных: і я тады быў дэпутатам, і Голубеў, і Пазьняк. У нас былі розныя кааліцыі, але мы стварылі гэтую краіну і мы выступаем за яе незалежнасць. А ўсе астатнія – гэта несістэмная апазіцыя бегае па плошчы. Вось у чым сутнасць.

– У гэтым ёсць глыбінны сэнс ці звычка ўсіх дзяліць на сваіх і чужых?

– Лукашэнка 25 гадоў знаходзіцца ва ўладзе, ён памудрэў, многаму навучыўся. Проста ён не заўжды фармулюе свае думкі фармальна правільна, сваімі словамі выказваецца. Фактычна зараз ён кажа правільна – за столькі гадоў ва ўладзе шмат чаго даведаўся, але ўсё адно фармулюе думкі крыху па-народнаму, скажам так.

– Як вы зразумелі пазіцыю Лукашэнкі па Курапатах, якую досыць падрабязна выказаў беларускі кіраўнік?

– Я так зразумеў, што Лукашэнку проста ўвялі ў зман. Сёння раніцай [2 лютага. – «БелГазета»] абаронцы Курапатаў знялі відэаролік – адказ Лукашэнку. Там выступаў Чахольскі [прадстаўнік КХП-БНФ. – «БелГазета»] з дакументамі. Там гаворыцца, што людзі Лукашэнкі далі яму не тую інфармацыю, паказалі ўсе дакументы – карацей кажучы, адказалі на ўсе закіды Лукашэнкі. Я проста ў захапленні ад Чахольскага і Шапуцькі: яны пайшлі ў Курапаты, паказалі, што ад пахаванняў да рэстарана «Паедзем паядзім» не 500 метраў, а 50. Думаю, гэты ролік убачыць і Лукашэнка; а калі ўбачыць, то ніякіх крыжоў зносіць не будзе. Самае галоўнае – ён загадаў аднавіць «лаву Клінтана» (смяецца), каб можна было спачатку пасядзець на гэтай лаве, а пасля схадзіць выпіць і закусіць у гэты рэстаран за спачын душы. Гэта была спроба прымірыць розных людзей, маўляў, што вы там брыкаецеся.

– Ці ўбачылі вы ўсю карціну «палітычнай вакханаліі», якая чакае Беларусь у 2019-20гг.?

– Я цяпер амаль стопрацэнтна ўпэўнены, што першымі пройдуць парламенцкія выбары і будуць яны ў канцы гэтага года, а прэзідэнцкія будуць у наступным. Ён умацаваў свае пазіцыі, убачыў, што за незалежнасць выступаюць усе і канчаткова пераканаўся, што датэрміновыя выбары не патрэбныя. Таму першымі пройдуць парламенцкія выбары – па старому сцэнару, а ў наступным годзе – па старому сцэнару пройдуць прэзідэнцкія.

У пятніцу Лукашэнка абвясціў, што вылучае сваю кандыдатуру (многія журналісты чамусьці пра гэта не напісалі). Ён упершыню сказаў, што ідзе на выбары. І ўбачыў: у зале ўсё нармальна, Расіі не трэба баяцца, усе за мяне, спачатку выберуць сяброў у палатку, а потым зноў мяне выберуць. А там – жыццё пакажа.

– Чаму з’явілася версія пра датэрміновыя выбары? У працэс умешваецца непрадказальны чыннік – эканоміка?

– Пра гэты слабы чыннік гаварыў Сяргей Навумчык яшчэ 25 гадоў таму: заўтра голад – і Лукашэнку канец. А той толькі таўсцее і лішні тлушч скідвае на каньках. Вось і ўсё. Эканамічны стан у нас някепскі. Гэтыя $400 млн., якія Беларусь губляе з-за падатковага манеўру ў Расіі, Захад дасць. Пасля вяртання Лукашэнкі з Сочы міністр сказаў: Еўрасаюз дае мільярд еўра. Губляе $400 млн., атрымлівае мільярд еўра. Які можа быць кепскі стан, пра што вы кажаце?

Пасля таго Лукашэнка правёў нараду, умацаваў незалежнасць. А цяпер заяўляе: абыдземся, не трэба нам гэтая кампенсацыя. А вось за ваенныя базы, сволачы, заплоціце (смяецца). Ён жа не проста так узняў пытанне пра прысутнасць ваенных баз: плаціце нам або вымятайцеся! І заплоцяць, і крэдыт дадуць: дзве базы хоць і маленькія, але вельмі важныя – увесь расійскі флот залежыць ад адной з гэтых баз.

Даведка «БелГазеты». Алег Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954г., археолаг, гісторык беларускай архітэктуры, адзіны ў краіне выкладчык гісторыі філатэліі ў Беларусі. Кандыдат гістарычных навук (1981). Палітык і грамадзкі дзеяч, ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

Павел Белавус, svaboda.org

 

ПАВЕЛ БЕЛАВУС: «АДМАРОЗКІ, АЛЕ СВАЕ АДМАРОЗКІ»

– Лукашэнка ўспрыняў заяўку на святкаванне 101-й гадавіны БНР на стадыёне «Дынама» як асабістую знявагу. Чаму кіраўнік дзяржавы дэманструе такое стаўленне да гэтай даты?

– Я цэлы дзень слухаў ягоную прэс-канферэнцыю. Лукашэнку ўсё ці то не падабалася, ці то ўсё не трэба было: «Бессмертный полк» – не трэба, Дзень Волі – не трэба, беларуская мова – не трэба, Нацыянальны ўніверсітэт – не трэба, «русский мир» – не трэба. Нічога не трэба.

А што тады трэба? Адчуванне такое, што сам Лукашэнка ўжо не разумее, што ён хоча і што яму трэба ад гэтай краіны.

І ў нашым выпадку ягоныя выказванні гучалі вельмі дзіўна. Зразумела, што мы не прасілі «Дынама» бясплатна, мы гатовыя аплаціць арэнду, пакрыць усе выдаткі. Мы гатовыя рабіць святкаванне на тых жа умовах, на якіх праводзяць свае канцэрты Саладуха ці Корж, – на камерцыйных умовах, на юрыдычных падставах арэндаваць гэтую пляцоўку. Але адны могуць зладзіць канцэрт на «Дынама», іншыя не могуць, бо Лукашэнка, маўляў, асабіста знайшоў грошы на рэканструкцыю стадыёна. Лукашэнка абрушыў усе ілюзіі грамадства, што нейкія змены адбываюцца.

На Бангалор, куды нас адпраўляюць, мы дакладна не пойдзем, бо не хочам вяртацца да акцый апошняга дзесяцігоддзя – сумных і правальных. Мы хочам рабіць, як казалі і раней, нацыянальнае свята, мерапрыемства для ўсіх, каб у гэты дзень людзі адчувалі сваю еднасць і годнасць, і адкрыта гаварылі пра важнасць захавання незалежнасці.

На перамовах з рознымі дзяржструктурамі мы падкрэслівалі: мы не выступаем супраць кагосьці, мы – за нашу краіну, за нашу незалежнасць. Але па-ранейшаму нас успрымаюць як ворагаў. Тое ж самае мы ўжо праходзілі на прыкладзе «Арт-сядзібы»: калі пачынаўся праект, нас успрымалі як дзікіх ворагаў, з першых пяці памяшканняў нас высялялі пад рознымі нагодамі. Але апошнія гады «Арт-сядзібу» не чапалі, мы праводзілі любыя мерапрыемствы.

І ў нашым выпадку, быць можа, Лукашенка толькі «созревает», але яшчэ «недосозрел». Карацей кажучы, трэба з ім асабіста гаварыць, каб да канца зразумець, што робіцца ў ягонай галаве.

– Лукашэнка, гаворачы пра Курапаты, пра курапацкую варту, назваў актывістаў «ашалелымі». Ці ўспрынялі вы, арганізатары Дня Волі, гэтую характарыстыку на свой адрас?

– Разумееце, словы пра «ашалелых», пра крыжы ў Курапатах, якія яго напружваць, пра «пятую калону» мы чуем не першы раз. Ён не ўпершыню называе людзей з іншымі поглядамі «адмарозкамі». З аднаго боку, мы адмарозкі, а з іншага боку – мы канструктыўныя адмарозкі; раней характарыстыка «адмарозкі» гучала часцей і больш яскрава, а зараз – больш па традыцыі і з іншым зместам: адмарозкі і ёсць адмарозкі, але свае адмарозкі.

Эксперты кажуць, што у яго адчуваецца сум па 90-х: калі жыццё было яскравае і эмацыйнае, калі шла няспынная барацьба – за прэзідэнцтва, з апанентамі, з якімі ён выступаў на роўных – з тым жа Голубевым, Трусавым. А зараз яму сумна, бо няма з кім біцца, весці барацьбу; адмовіцца ад сваіх установак ужо не можа, таму ўсё адно ўзгадваюцца нейкія адмарозкі: не хапае чалавеку барацьбы. Тыя людзі, каго заўжды традыцыйна трэба было біць, зараз кажуць: не біце нас, мы адэкватныя нармальныя людзі, як і вы, мы выступаем за незалежнасць, за «сильную процветающую Беларусь». І ён не можа сказаць, што супраць моцнай Беларусі, і мы за моцную Беларусь – за што ж нас біць, калі мы займаем адны пазіцыі? Але ўсё адно шукае падставы, каб укалоць «адмарозкаў».

– Адну частку апазіцыі Лукашэнка называе «ашалелымі», аднак да Голубева, Трусава, Пазьняка звяртаецца як да роўных…

– Таму што тады былі самыя маладыя гады, самы яскравы час, які ўзгадваецца ўсё жыццё. Цяпер усё зразумела, а тады ўсё было самае яскравае і эмацыйнае.

Зразумела, што мы не пойдзем ні на якія Бангалоры (1 сакавіка апублікавалі адмысловую заяву) – давайце шукаць кампраміс. Мы не пойдзем на Бангалор, вы не хочаце даваць «Дынама», бо для вас гэта нейкі асабісты аб’ект. Але летась пасля святкавання 100-годдзя БНР каля Опернага тэатра, калі людзі ўжо разышліся, была ідэальная чысціня; камунальшчыкі, якія прыйшлі прыбіраць, разводзілі рукамі: а што прыбіраць, калі ўсё чыста? Бо на канцэрт прыйшлі людзі высокага маральнага і грамадскага ўзроўню, нельга параўноваць з мерапрыемствамі на 3 ліпеня.

А зараз нашу заяўку трактуюць так: яны прыйдуць на наш стадыён перад Еўрапейскімі гульнямі і разаб’юць-разнясуць яго! А мы ж не агалцелыя фанаты «Зеніта», мы адэкватныя людзі, здольныя дастойна правесці мерапрыемства за незалежнасць і суверэнітэт.

– Альтэрнатыўныя варыянты ўжо ёсць: калі не «Дынама», то што?

– Рэч у тым, што мы пачулі адказ Лукашэнкі, але да гэтага часу (ужо прайшло больш за месяц) не дачакаліся адказу Мінгарвыканкама. Цяпер наказ Лукашэнкі яны атрымалі, адпаведна, дадуць афіцыйны адказ на нашу заяўку. Бо ў гісторыі Дня Волі здараліся розныя сітуацыі: бывала, проста адмаўлялі ў правядзенні мерапрыемства, бывала, што прапаноўвалі альтэрнатыўныя варыянты, а бывала, як летась: вашу заяўку мы не можам задаволіць, але падайце аператыўна новую заяўку на новую пляцоўку.

Таму мы зараз чакаем афіцыйнага адказу ад Мінгарвыканкама, і спадзяемся, што кампрамісны варыянт будзе знойдзены.

Даведка «БелГазеты». Павел Белавус нарадзіўся 22 жніўня 1987г. у Лідзе. Скончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, географ. Працаваў у турфірмах, служыў у войску. У 2011г. стаў адным з сузаснавальнікаў культурніцкай пляцоўкі «Арт-сядзіба». У 2014г. заснаваў камерцыйны праект symbal.by. З’яўляецца адным з арганізатараў 100-годдзя БНР.

Гутарыў Юрась ДУБIНА, БелГазета

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...