Непераўзыдзены беларускі гісторык, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька ў сваім адказе на прапанову палітыка Рыгора Кастусёва шырока асвятляць палітычныя падзеі стогадовай даўніны ў Беларусі чарговы раз паўтарыў заезджаны тэзіс савецкай прапаганды, у якім жорстка асуджаецца адзін з урадаў Беларускай Народнай Рэспублікі за тое, што ён 25 красавіка 1918 г. накіраваў тэлеграму германскаму кайзеру Вільгельму з канстатацыяй факту, што “Рада Беларускае Народнае Рэспублікі дакляравала незалежнасць цэльнае і недзялімае Беларусі”.

Cавецкая дэлегацыя на чаале з Л.Троцкім падчас перамоў

 

Хацелася б нагадаць шаноўнаму актору-палітыку наступныя рэчы:

  • Больш як за месяц да згаданай тэлеграмы, 3 сакавіка 1918 г., бальшавіцкі ўрад Савецкай Расіі, не раячыся ні з адным прадстаўніком беларускага народу, падпісаў дамову з кайзераўскай Германіяй у асобе статс-сакратара МЗС Германіі Кюльмана, начальніка штаба войскаў германскага Усходняга фронту Гофмана. З савецкага боку дамову падпісалі члены ЦВК Савета Рабочых, Сялянскіх і Салдацкіх дэпутатаў Расіі Рыгор Сакольнікаў і Леў Карахан, а таксама народны камісар замежных спраў Георгій Чычэрын. Тэкст Дамовы быў зацверджаны на пасяджэнні Саўнаркама Савецкай Расіі з ініцыятывы Уладзіміра Леніна ва ўмовах жорсткай барацьбы з апанентамі.
  • Згодна з гэтай дамовай Савецкая Расія добраахвотна і назаўсёды саступала кайзераўскаму ўраду тэрыторыю амаль усёй Беларусі, з выняткам часткі Віцебскай і Магілёўскай губерняў.
  • Ні ў адным вядомым пасланні кіраўнікоў Савецкай Беларусі да цэнтральнай бальшавіцкай улады аніводнага разу не падкрэслівалася тое, што Беларусь ёсць ці павінна быць незалежнай, цэласнай і непадзельнай дзяржавай.
Чытайце па тэме:  Уладзімір Някляеў: Яны думаюць, што любога можна зламаць…

Такім чынам, Урад БНР на чале з Раманам Скірмунтам (які, дарэчы, праіснаваў толькі некалькі тыдняў) не меў іншага выбару, як паспрабаваць дамовіцца наконт будучыні Беларусі з урадам кайзера Вільгельма – проста таму, што маскоўскі бальшавіцкі ўрад праз вышэйзгаданую Брэсцкую дамову перадаў абсалютную большасць беларусаў пад юрысдыкцыю Германіі! Каму яшчэ, як не прызнанай савецкай уладай германскай адміністрацыі,урад БНРтады мог і павінен быў дасылаць тэлеграму аб перамовах пра лёс Беларусі?

Натуральна, адказу ад спадара Давыдзькі не чакаю. Бо адказаць яму па сутнасці няма чаго.

Лявон Баршчэўскі, Народная Воля

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: