У Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь прызначаны разгляд справы па скарзе Партыі БНФ на пісьмовае папярэджанне, вынесенае на адрас партыі Міністэрствам юстыцыі.  Судовае пасяджэнне распачнецца 18 мая ў 10.00 ў залі №7 Вярхоўнага суду.  

Падставай для вынясення пісьмовага папярэджання стаўся ўдзел Партыі БНФ у падрыхтоўцы дэманстрацыі да Дня Волі 25 сакавіка, а менавіта распаўсюд заяўнікамі інфармацыі пра месца і час заплянаванай дэманстрацыі да атрымання дазволу на яе. Рэгіструючы орган угледзеў у гэтым парушэнне патрабаванняў закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, нагадвае прэс-служба ПБНФ.

Партыя БНФ лічыць пісьмовае папярэджанне беспадстаўным, таму што заяўнікамі сёлетняй акцыі на Дзень волі выступалі грамадзяне як фізічныя асобы. Як заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, партыя разглядае пісьмовае папярэджанне як правяву палітычнага ціску на палітычных апанентаў улады: “Сапраўдныя парушэнні закона мелі месца выключна і толькі з боку дзяржавы, якая збівала мірных дэманстрантаў, якая не дала ў час адказу на заяўку аб правядзенні дэманстрацыі. Толькі што скончыўся судовы разгляд скаргі на дзеянні Мінгарвыканкама, які ў вызначаны законам тэрмін не даў адказу на заяўку арганізатараў акцыі 25 сакавіка – суд, нягледзячы на відавочныя парушэнні з боку Мінгарвыканкама, не прызнаў чыноўнікаў вінаватымі. Такім чынам, створаная сыстэма супрацьзаконных і беспакараных дзеянняў дзяржаўных слоужбоўцаў па абмежаванні правоў і свабодаў грамадзянаў – і суд з’яўляецца ўсяго толькі прыкрыццём гэтай сістэмы”, – сказаў Аляксей Янукевіч.

Чытайце па тэме:  АМАП захапіў "Вясну", усіх паклалі тварам на падлогу

У межах падрыхтоўкі да разгляду справы Міністэрствам юстыцыі былі прадстаўленыя ў Вярхоўны суд у якасці доказаў шматлікія раздрукоўкі паведамленняў пра падрыхтоўку да акцыі 25 сакавіка з навіновых сайтаў і з сацыяльных сетак, у тым ліку публікацыі інфармацыйнай агенцыі БелаПАН, Радыё Свабода, парталу TUT.BY, сайту “Беларускі партызан”, сайту тэлеканала “Белсат”, газэты “Наша Ніва” ды іншых. Таксама ў якасці абгрунтавання сваёй пазыцыі міністэрствам прадстаўленыя копіі пастановаў аб прыцягненні сябраў партыі да адміністратыўнай адказнасці, у тым ліку пастанова суда Слуцкага раёна, якой сябра Сойму Партыі БНФ Віталь Амяльковіч быў пакараны адміністратыўным штрафам за публікацыю у сацыяльнай сетцы “Вконтакте” закліку да адзначэння Дня волі.

Справу па скарзе Партыі БНФ будзе разглядаць суддзя Вярхоўнага суда Ганна Сакалоўская.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: