Лукашэнка ўрэшце падпісаў указ: датаю правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў прызначана 17 лістапада бягучага году. “Рабочая Салідарнасць” папрасіла пракаментаваць гэту падзею лідара прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча.

РС: Што чакаць ад гэтых выбараў, якая карысць ад іх нашаму грамадству?

‒ Праца дэпутатаў актуальнай палаты была надзвычай карыснаю. Падвысілі пенсійны ўзрост, зрабілі сотні тысяч беларусаў “дармаедамі”, замацавалі ў Працоўным кодэксе кантрактную сістэму. Якія яшчэ патрэбныя законы ад гэтых, ці то абраных, ці то прызначаных “дэпутатаў”, каб людзі зразумелі, якая ад іх карысць?

Вядома, напярэдадні выбараў нешта падвысяць, шмат наабяцаюць, заб’юць тэлеканалы расповядамі пра поспехі і высокія паказчыкі, на выбарчых ўчастках будуць смажыць парсючкоў, каб прывабіць выбаршчыкаў… Але добра будзе, калі кожны з выбаршчыкаў, гледзячы на ўсё гэтае, а тксама на цэннікі ў крамах, на кошты камуналкі, на сваё працоўнае месца і на свой заробак, на пенсію, задасць сабе пытанне: а ці сапраўды гэтая ўлада для грамадзянаў, ці гэтыя дэпутаты ‒ слугі народа? Ці можа наадварот ‒ гэта народ у нас мусіць прыслужваць уладзе? Хай кожны сам робіць адпаведныя вынікі і вырашае , ці ёсць у нас сапраўдныя выбары і сапраўдныя народныя дэпутаты.

РС: Шмат так званых апазіцыйных структураў ужо вызначыліся, што будуць прымаць удзел у выбарах. Ці зменіць гэта хаду кампаніі і ці варта чакаць, што кагосьці з іх “прапусцяць” у Палату?

‒ На маю думку, многія з гэтых партый і рухаў не здольныя весці з грамадствам пастаянную сістэмную працу, таму ўдзел у выбарчай кампаніі для іх — гэта магчымасць скарыстацца сітуацыяй і давесці да грамадства, што яны існуюць, што маюць свае погляды і праграмы. Але ці падтрымаюць іх ды іхных кандыдатаў выбаршчыкі, мы нават не даведаемся, бо сапраўдныя вынікі падліку галасоў ніхто не атрымае. Нельга чакаць і таго, што пасля выбараў істотна павялічыцца падтрымка і колькасць сяброў той ці іншай партыі.

А вось чакаць таго, што дзеючыя зараз “абраннікі” ізноў масава папруцца ў палату варта. Хочацца ў іх запытацца: вы ўжо і так шмат чаго нарабілі. Няўжо вам мала? Хочацца яшчэ нарабіць? Хто з гэтых “народных прадстаўнікоў” раіўся з выбаршчыкамі наконт павялічэння страхавога стажу ці закабалення працоўных праз Кодэкс? Выбаршчыкі былі патрэбныя толькі дзеля дэманстрацыі ўдзелу і падтрымкі падчас спектакля пад назваю “усенароднае галасаванне”.

Нават, калі сярод іх “прапусцяць” у палату пару-другую кандыдатаў “ад апазіцыі”, гэта нічога не зменіць, як паказвае досвед. У лепшым выпадку раз-пораз здолеюць агучыць сваё “асобнае меркаванне”. Зато для ўлады плюс будзе вялікі — увесь свет убачыць, якія у нас справядлівыя выбары і дэмакратычны парламент.

Каб Палата прадстаўнікоў насамрэч магла нешта змяніць у краіне ў лепшы бок, яна павінна стаць самастойнай галіной улады, заканадаўчым органам, адпаведна нашай Канстытуцыі. А для гэтага неабходны рэальна вольныя выбары, свабодныя СМІ, моцныя грамадзянскія структуры, у тым ліку і прафсаюзы. Кожны дэпутат павінен адказваць перад сваімі выбаршчыкамі, а не перад начальствам. Пакуль гэтага няма, Палата будзе установаю для “адабрэння” спушчаных зверху рашэнняў.

РС: Ці прафсаюз РЭП мае свой погляд на сітуацыю ў краіне, свае прапановы для паляпшэння становішча?

‒ Мы выпрацоўваем свае погляды на тое, што і як варта мяняць у Беларусі. Спадзяемся, да гэтай працы далучацца і іншыя грамадскія структуры, спецыялісты. Гэтыя прапановы павінны адпавядаць чаканням і патрэбам людзей, а не чыноўнікаў, ўладных “элітаў”. Хаця прафсаюзы цяпер пазбаўлены заканадаўчай ініцыятывы, мы давядзем свае думкі да грамадства, і, мяркую, яны будуць карыснымі для тых кандыдатаў, хто сапраўды хоча працаваць дзеля беларускага народу і паляпшэння яго жыцця. Нават і не ў наступнай Палаце.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...