Краўдфандынгавая кампанія па выданню кнігі ўспамінаў Народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнка мінула ўмоўны экватар. Пра тое, як яна праходзіць і змест кнігі распавядае аўтар, журналіст і пісьменнік Аляксандр Тамковіч.

Зінаіда Бандарэнка і Аляксандр Тамковіч, фота: БАЖ

 

-Перш за ўсё хачу адзначыць, — гаворыць Аляксандр Тамковіч, – што сродкі на выданне кнігі збіраюцца даволі хуткімі тэмпамі. На сённяшні дзень  сабрана ўжо больш, як 60 адсоткаў ад неабходнай сумы. І гэта не гледзячы  на складанасці, з якімі вымушае пастаянна сутыкацца айчыная  банкаўская сістэма. Дакладней “узровень” работы аднаго з самых вядомых банкаў краіны. Ніколі не думаў, што могуць узнікнуць праблемы з тым, каб ахвяраваць на годную справу  асабістыя сродкі…

Падрабязны аналіз на гэты конт будзе па канчатковых выніках краўдфандынга, а зараз я хачу адзначыць толькі тое, што “паслугі” аказваюцца не на альтруістычнай глебе… Не разумею, як за такую “крывую” работу можна браць яшчэ і грошы, бо нават сябры маёй каманды змаглі фінансава падтрымаць праект толькі з (!!!) шостай спробы.

— Вы пастаянна падкрэсліваеце, што падтрымка выдання кнігі – не ёсць у чыстым выглядзе дабрачыннасць?

— Так. Размова  пра класічную перадаплату, то бок чалавек плаціць за тавар (у дадзены выпадку цудоўная кніга) сёння, а атрымае яго заўтра. Прычым, па кошце меншым, чым будзе потым.

Да таго ж атрымае  яе з аўтографам спадарыні Зінаіды, што робіць кнігу на парадак больш каштоўнай.

— Лагічна крыху распавесці пра змест кнігі? У чым яе ўнікальнасць?

—  У тым, што пра падзеі свайго жыцця Зінаіда Бандарэнка расказвае так шчыра, што як аўтар, я нават некаторым часам спрабаваў крыху карэктаваць суразмоўцу.  Звычайна, нашы людзі імкнуцца застацца ў гісторыі “белымі і пухлявымі”, а іх успаміны нагадваюць выбарчыя ўлёткі. Зінаіда Аляксандраўна зламала гэты стэрэатып.

Нягледзячы на тое, што выхад кнігі прымеркаваны да яе 80-годдзя (цяжка паверыць), выданне не будзе дацкім, то бок парадна-ўзорным.   Гэта пранізлівы расказ  пра жыццё ЧАЛАВЕКА, АСОБЫ. Плануецца  больш за  250 старонак¸ з якіх больш за палову фатаграфіі, сярод якіх – унікальныя кадры.

Напрыклад, далёка не ўсе ведаюць, што ў маладосці Бандарэнка скончыла медвучэльню  і нават удзельнічала ў прыняцці  родаў, але акушэрам ні дня не працавала – перамагло тэлебачанне.

Кніга называецца “Мой шлях да Беларусі”. Гэта своеасаблівы адказ на знакаміты верш не менш знакамітага Ніла Сымонавіча Гілевіча.

Да таго ж, мне было вельмі цікава зразумець, як атрымалася, што чалавек спачатку аблашчаны ўладай, якога там імкнуліся зрабіць сваім хаўруснікам, выбраў не лаўры афіцыйнай славы, а  апалу. Гэта быў вельмі знакавы выбар, бо на адной чашы шаляў лёсу было нябеднае, прапагандысткі-легендарнае жыццё, а на другой –“хто не з намі, той супраць нас”.

Калі пасля рэферэндуму 1996 года Лукашэнка пераможцам прыехаў на Беларускае тэлебачанне, ніхто не прымушаў  Зінаіду Бандарэнка выказваць яму прэтэнзіі  наконт сціплага ўжывання беларускай мовы і публічна спрачацца.

Каб гэтага не адбылося, сёння бы людзі  не збіралі  б грошы на выданне кнігі яе ўспамінаў…

Вельмі ўдзячны за  сур’ёзную падтрымку Нобелеўскай лаўрэатцы па літаратуры Святлане Алексіевіч, тэлеканалу “Белсат, фонду “Вяртанне” і асабіста Паўлу Бераговічу, Саюзу беларускіх  пісьменнікаў, віртуальнай бібліятэцы “Камунікат”, ад усёй душы дзякуй (сёння іх ужо за сотню) тым простым людзям, хто сваімі ахвяраваннямі  падтрымаў наш праект.

Дарэчы, Святлана Алексіевіч некалі вяла на беларускім тэлебачанні аўтарскую праграму. Наконт яе Бандарэнка сказала так: “У Алексіевіч быў толькі адзін “недахоп”. Адчувалася, што яна больш разумная за многіх сваіх суразмоўцаў…”

На жаль, на падобную дабрачыннасць здольныя далёка не ўсе. Добра разумею, якую негатыўную рэакцыю гэта вызаве, але мне НАДЗВЫЧАЙ хочацца назваць прозвішчы тых, хто па розных прычынах адмовіўся ад рэальнай  падтрымкі праекта.

Безумоўна, справа гэтая цалкам добраахвотная і любых пытанняў тут не можа быць па вызначэнню. Размова толькі пра тых, хто прэтэндуе  на нейкае лідарства  ў грамадстве– былыя кандыдаты ў прэзідэнты, кіраўнікі апазіцыйных палітычных партый і рухаў, вядомыя  праваабаронцы, дзеячы “трэцяга сектара”, бізнесмены і г.д.

Многія з іх гучна называюць Зінаіду Аляксандраўну Бандарэнка легендай БТ, гонарам нацыі, мадоннай, лайкаюць  у інтэрнэце артыкулы пра нашу кампанію, аднак зрабіць канкрэтны далейшы крок у іх (у  адрозненне ад іншых і не самых заможных ) чамусьці не атрымліваецца..

Спадзяюся,  падтрымка віпаў — справа будучыні, бо збор сродкаў працягваецца і я заклікаю гэта зрабіць  бліжэйшым часам  https://www.talaka.org/projects/2991/fund, А, калі ўзнікнуць складанасці, праверыць падключэнне функцыі  3-D Secure.

Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: