Два гады таму жыхар Кобрына Аляксандр Краўчук спыніўся на бензастанцыі ў Баранавічах. Дазапраўка яшчэ не закончылася, калі ў ягонай машыне выбухнуў газавы балон, паведамляе Белсат.

Аляксандр Краўчук, жыхар Кобрына. Скрыншот з відэа

 

«Болю я не адчуваў, толькі аняменне, – прыгадвае той дзень спадар Аляксандр. – Я паглядзеў на нагу і адразу зразумеў, што нагі ў мяне не будзе».

Дактарам давялося ампутаваць нагу ніжэй за калена. Пасля выбуху аўтамабіль «Фольксваген» не падлягае аднаўленню. Цяпер гэтая груда металу захоўваецца ў гаражы нашага героя:

«Вось што засталося ад майго аўтамабіля. Дно фактычна вырванае, седала таксама цалкам вырвала».

У гаражы таксама захоўваюцца тры газавыя балоны, якія ацалелі пасля выбуху. Дарэчы, усё газавае абсталяванне аўтамабіля – ад заводу-вытворцы, «Фольксвагену».

Справаю займаўся Баранавіцкі следчы камітэт, чамусьці адразу пасля здарэння ціску ў балонах не праверылі.

«Ціск ва ўсіх астатніх балонах павінен быць ідэнтычным. На кожным балоне ўсталяваны электрамагнітны клапан, які спыняе струмень, калі газ пачынае выходзіць», – тлумачыць Аляксандр Краўчук.

Вынікі праверкі маглі б паказаць на віну «Фольксваґену» ці яго афіцыйнага дылера ў Беларусі – «Атланта-М».

У студзені 2014 г. кампанія «Атлант-М Фарцойггандэль» паведаміла Аляксандру, што вытворца ладзіць акцыю: замяняе газавыя балоны, бо ў іх знайшліся хібы. Тады замянілі толькі два балоны. Астатнія балоны прапанавалі замяніць праз два гады. На іх замену і ехаў спадар Аляксандр у той дзень, калі адбыўся выбух. Чаму балоны мянялі за два этапы, следства ў той час не зацікавіла.

Баранавіцкі следчы камітэт вінаватых у здарэнні са спадаром Аляксандрам не выявіў. Таму крымінальную справу распачалі берасцейскія следчыя. Толькі яны зрабілі запыт у галаўны офіс «Фольксвагену» у Нямеччыне, на які неўзабаве павінен прыйсці адказ.

«На газавае абсталяванне тэрмін эксплуатацыі – 20 гадоў. Але пакрыццё гэтых балонаў не вытрымлівала ўздзеяння навакольнага асяроддзя, і на балонах узнікала карозія. Газ цісне на сценкі судзінаў аднолькава, і ў тых месцах, дзе сценкі былі тонкія, адбываліся разрывы балонаў», – тлумачыць юрыст Яўген Грачоў.

Яўген Грачоў дадаў, што пасля здарэння з Аляксандрам Краўчуком адбыліся як мінімум тры гэткія выбухі. На шчасце, без ахвяраў.

«Цяпер, наколькі нам вядома, следчыя паставілі канкрэтныя пытанні перад вытворцамі аўтамабіляў: як павінна адбывацца замена балонаў, адначасова або за два этапы? Калі замянілі адну пару, чаму не перакрылі іншую, на якую таксама ўздзейнічала карозія?»

Пра гэта мы запыталіся ў Віктара Шарамета з «Атлант-М Фарцойггандэль», афіцыйнага прадстаўніка кампаніі «Фольксваген» у нашае краіне:

«Мы транслюем заводскія акцыі на наш рэгіён, на рынак Беларусі, у адпаведнасці з інфармацыяй, якую атрымліваем ад вытворцы. В 2014 годзе працы на дадзеным аўтамабілі праводзіліся адпаведна заводскай акцыі, якая дзейнічала на той момант».

Толькі праз паўтара года Аляксандр Краўчук дабіўся, каб распачалі крымінальную справу аб ягонае гісторыі…

«Каб праверка, якую праводзіў Баранавіцкае УСК, была праведзеная прафесійна, то ўсе мае пакуты даўно б скончыліся».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...