Падзеі 19 снежня 2010 года, калі быў жорстка разагнаны пратэст народа супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, паставілі доўгі крыж на лібералізацыі і нармалізацыі адносінаў з Захадам. Цяперашняя нармалізацыя — сітуацыйная, бо зменаў ва ўнутранай палітыцы краіны не адбылося.

Калі хто забыўся, нагадаем: у выніку падзей 19.12.2010 краіна атрымала больш за паўтары тысячы адміністрацыйна арыштаваных, больш за два дзясяткі палітызаваных крымінальных спраў, якія «развязваліся» на працягу ўсяго 2011 года. Еўропа ў адказ увяла маштабныя эканамічныя і палітычныя санкцыі, якія былі знятыя толькі напачатку 2016 года. У стасунках з Захадам у выніку тых падзеяў краіна была адкінутая назад на невядома колькі часу. І зараз мы яшчэ не пераадолелі наступстваў, якія былі створаныя той сітуацыяй.

На Беларусь па-ранейшаму глядзяць з насцярожанасцю, чакаючы ад яе непрадказальных і небяспечных крокаў. Магчыма, не дарэмна.

Варта зазначыць, што галоўная заслуга ў той нармалізацыі стасункаў з Захадам, што мы бачым зараз, — зусім не ўлады і не Аляксандра Лукашэнкі. Па вялікім рахунку, яго палітыка з 2010 года не змянілася ніяк. Гэта мы пабачылі сёлета ўвесну, калі 25 сакавіка Мінск наваднілі салдаты ўнутраных войскаў, а людзей, якія выйшлі мірна святкаваць Дзень Волі, масава раскідвалі па «аўтазаках».

Дзякаваць за нармалізацыю адносінаў кіраўніцтву Беларусі трэба, перш за ўсё, неабачлівай агрэсіўнай палітыцы кіраўніцтва Расіі і Уладзіміру Пуціну персанальна. Каб ён не анексаваў Крым, каб ён не стварыў «рускую вясну» ў Данбасе і не стаў бы для Еўропы першым у спісе небяспекаў — мы б так ні да чаго і не дамовіліся б. Нагадаем, што міжнародны імідж Беларусі не выратаваў нават Чэмпіянат свету па хакеі, які прайшоў у краіне ў 2014 годзе. І толькі перамовы «нармандскай чацвёркі» ў Мінску па Данбасе ў лютым 2015-га дазволілі краіне паказаць сябе не «апошняй дыктатурай Еўропы», а перамоўнай пляцоўкай, «выспай стабільнасці» і гэтак далей.

Нават тое, што прэзідэнцкія выбары 2015 года прайшлі без вялікіх узрушэнняў, — таксама дэманстрацыя не «лібералізацыі» беларускага рэжыму. Здарылася гэта, бо беларусы не хацелі, каб «было так, як ва Украіне».

То бок, для нас проста спрыяльна склаліся знешнія фактары. А ўжо на фоне гэтых знешніх фактараў беларускае знешнепалітычнае ведамства пачало выбудоўваць тую самую «стратэгію нармалізацыі адносінаў», у выніку якой з Сінявокай былі знятыя еўрапейскія і частка амерыканскіх санкцый.

Прычым, узнікае ўражанне, што беларускі МЗС з гэтай сітуацыі спрабуе выціснуць усё, што можна, і «куе жалеза, не адыходзячы ад касы». Мы ўвялі пяцідзённы «бязвіз» для грама­дзянаў 80 краін свету (на падыходзе 10-дзённы), мы імкнёмся пашыраць супрацоўніцтва з ЕС па ўсіх мажлівых і немажлівых напрамках. У Мінску праходзіць саміт Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, куды намесніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына прэтэндуе на ролю старшыні. І Аляксандра Рыгоравіча запрашаюць на саміт Усходняга Партнёрства ў Бруселі. Праўда, замест гэтага кіраўнік Беларусі аддаў перавагу Буда-Кашалёву.

Імпэту беларускага знешнепалітычнага ведамства можна пазайздросціць. І, будзем шчырымі, беларускія дыпламаты спяшаюцца слушна. Менавіта таму, што ўнутраная палітыка Сінявокай застаецца без зменаў, ім трэба ў максімальна кароткія тэрміны зрабіць так, каб дасягнутыя знешнепалітычныя вынікі ператварыліся ў незваротныя. Каб, не дай Божа, у выніку паўтору 19.12.2010 не зруйнавалася ўсё тое, чаго яны дасягнулі за апошнія тры гады.

І ў нечым гэта атрымліваецца. Зноў узгадаем падзеі сёлетняй вясны — нягледзячы на масавы разгон гіпатэтычнай пратэстнай акцыі і крымінальны пераслед у межах «Справы патрыётаў» і «Справы прафсаюзаў», еўрапейскія палітыкі галосна не патрабавалі адрадзіць санкцыі. Верагодней за ўсё, і шэфу беларускага МЗС Уладзіміру Макею, і самому Аляксандру Лукашэнку кулуарна было ўказана на недарэчнасць з’яўлення новых палітвязняў у краіне. Таму «Справу патрыётаў» да суда пакуль не давялі, і ўжо наўрад ці давядуць. Прынамсі, у тым аб’ёме, у якім маглі б гэта зрабіць.

19 снежня 2010 года была зададзеная пэўная парадыгма нашых адносінаў з сусветам, з якой мы зараз пакрысе выкараскваемся. Усе дасягненні знешняй палітыкі Беларусі — гэта якраз спроба выйсці з той парадыгмы канфрантацыі і недаверу, якія стварыліся менавіта тады. Не было б тых падзеяў — можа быць, мы б не называлі нашу знешнюю палітыку «дасягненнямі», а «Наша Ніва» не друкавала б партрэт Макея на першай газетнай паласе.

Але, паўтаруся: наша нармалізацыя адносінаў з Захадам — сітуацыйная, а зменаў ва ўнутранай палітыцы і рэпрэсіўнай логіцы рэжыму не адбылося. Таму 19 снежня 2010 года можа паўтарыцца ў любы момант. І наўрад ці мы знойдзем «другую Украіну» і «другога Пуціна», каб зноў скарыстаць знешні фактар для «прарыву ў ЕС».

Сяргей Пульша, Новы час

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: