Гісторык Зміцер Дрозд прэзентаваў на радзіме драматурга ў Бабруйску сваю кнігу «Таямніцы Дуніна-Марцінкевіча», якая раскрывае малавядомыя факты з жыцця аўтара культавай «Пінскай шляхты», паведамляе Белсат.

Здымак аўтарства Антона Прушынскага. Крыніца wikimedia.org

 

Прозвішча «Дунін» – выдумка

Больш за тое, Зміцер Дрозд сцвярджае, што амаль уся «радаслоўная» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча – фальсіфікацыя. «Акрамя, магчыма, метрыкі аб ягоным нараджэнні, і дакументаў, што датычаць непасрэдна ягонага жыцця – там ёсць сапраўдныя дакументы, распавёў гісторык. – Нашая навуковая экспертыза паказала, што з 12 тых дакументаў, што Дунін-Марцінкевіч прадставіў як доказ свайго шляхецкага паходжання – 7 дакладна фальшывыя, 5 – сумнеўныя. То бок, няма няводнага сапраўднага дакументу».

Шыльда на бабруйскім касцёле пра тое, што там хрысцiлi Дунiна-Марцiнкевiча

 

Пісьменнік сцвярджаў, што ягоны продак – Пётр Дунін з Даніі, які жыў у 1200-х гадах. Але гэта цалкам міф, пярэчыць Дрозд:

«Пётр Дунін ніколі не называўся сам гэтым прозвішчам, і не карыстаўся гербам «лебедзь». Тым больш, паміж ім і Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам – 500 гадоў. Гэтыя людзі ніяк не звязаныя паміж сабой».

Сапраўднае прозвішча і пісьменніка, і ягоных бацькоў было Марцінкевіч. Зміцер Дрозд вывучыў сотні дакументаў, звязаных з сям’ёй драматурга, з якіх вынікае – ніхто і ніколі з сям’і, продкаў не падпісваўся Дуніным-Марцінкевічам.

А навошта беларускаму драматургу гэта было патрэбна – выдумваць?

«Мяркую, што Дунін-Марцінкевіч пасля смерці бацькі і мітрапаліта, арцыбіскупа Магілёўскай архідыяцэзіі Станіслава Богуш-Сестранцэвіча, які ім апекаваўся, быў у не самым простым фінансавым становішчы, – тлумачыць гісторык. – А гучнае прозвішча і шляхетнае паходжанне можна было паспяхова манетызаваць, чым у ХІХ стагоддзі займаўся шмат хто – бізнес па стварэнні фальшывых радаводаў квітнеў».

Памятны знак на радзiме у вёсцы Панюшкавiчы

 

Турэмны тэрмін за падробку дакументаў

Радавод Дунін-Марцінкевіч прыдумляў не толькі сабе. Працуючы ў Менскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі, ён фальсіфікаваў доказы шляхецкага паходжання за грошы. Зміцер Дрозд кажа, што ёсць звесткі, што яшчэ ў маладыя гады Вінцэнт Марцінкевіч сам вырабляў пячаткі розных устаноў, і нават каралеўскія.

За што і апынуўся ў 1835 годзе ў Менскім турэмным замку. Там драматург знаходзіўся чатыры месяцы. У ягонай афіцыйнай біяграфіі паводле даведкі, якую Дунін-Марцінкевіч сам жа зрабіў і прадставіў у кансісторыю, кажацца пра хатні арышт на гэты час.

Бацькі Дуніна-Марцінкевіча былі зусім не беднымі шляхцічамі

Вядомы факт: «Вінцэнт нарадзіўся ў Панюшкавічах у сям’і беднага арандатара», які сам араў зямлю. Але гэта таксама міф, кажа Зміцер Дрозд.

Зміцер Дрозд сцвярджае, што бацька драматурга, Ян Марцінкевіч, быў багатым чалавекам. Ён валодаў маёнткам у Слуцку. Гэта пацвярджаецца дакументамі, якія кажуць, што яшчэ ў 1806 годзе сям’я была ў Слуцку і там у касцёле хрысцілі сястру Вінцэнта.

У Панюшкавічах, мяркуючы па ўсяму, Марцінкевічы з’явіліся як раз у 1808 годзе, калі і нарадзіўся Вінцэнт. Сам маёнтак належаў мітрапаліту Станіславу Богуш-Сестранцэвічу, а Ян Марцінкевіч прыехаў урэгуляваць некаторыя справы пасля ранейшага арандатара.

Марцінкевічы падтрымлівалі вельмі цесныя сувязі з мітрапалітам, які паўсюль называецца дзядзькам Вінцэнта, хоць насамрэч крэўнымі сваякамі яны не былі паводле Дразда.

 

Кнігі і п’есы па-беларуску – маркетынгавы ход

Магчыма, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч быў адным з першых, хто на беларускай мове спрабаваў пабудаваць бізнес.

Зміцер Дрозд сцвярджае, што сам драматург ніколі не лічыў сябе беларусам, а толькі палякам. А пісаць па-беларуску і для беларусаў ён пачаў па даволі меркантыльных матывах, бо ніша беларускамоўнай літаратуры і драматургіі была свабодная, і Дунін-Марцінкевіч разважыў, што так можна было бы падзарабіць. Праўда, абагаціцца на творчасці ён так і не змог.

Акрамя, Дунін-Марцінкевіч ніколі не выступаў за вызваленне сялянаў ад прыгону. Пра што сам і казаў на допытах, заўважае спадар Дрозд: «Ён жа сам тады даводзіў – паглядзіце, пачытайце мае творы – я заўсёды падтрымліваў прыгоннае права».

Выкраў нявесту і ўзяў з ёй таемны шлюб

У асабістым жыцці драматурга кіпелі сур’ёзныя жарсці. Ён выкраў сваю каханую. Маці Юзэфы Бараноўскай тады пайшла скардзіцца да губернатара, што Дунін-Марцінкевіч, якому было ўжо за 20, супраць волі трымае ў сваім доме 14-гадовую дзяўчыну. Губернатар перадаў справу ў менскую духоўную кансісторыю, якая і праводзіла следства.

Дунін-Марцінкевіч тады прадставіў метрыку Юзэфы, якая даказвала, што ёй насамрэч 16 гадоў, а значыць, яна можа самастойна прымаць рашэнні. Сама Юзэфа казала, што была з Вінцэнтам па сваім жаданні, што ў іх шчырае каханне. Але бацькі гэты саюз не багаслаўлялі. Тады маладыя пайшлі на хітрыкі – узялі тайны шлюб ва ўніяцкай царкве ў Сеніцы пад Менскам. Пазней, праўда, шлюб быў прызнаны несапраўдным, і пара вянчалася другі раз.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...