Украінская журналістка Міхайліна Скорык, якая ў Менску даведалася пра забарону наведвання Расеі і адначасова Беларусі, распавяла Радыё Свабода падрабязнасці сваёй сустрэчы ў Фрунзэнскім раённым аддзяленні ўнутраных спраў.

Міхайліна Скорык, фота з яе старонкі ў фейсбуку

 

— Міхайліна, як вам паведамілі пра выклік у міліцыю?

— Я прыляцела з Кіева ў Менск 14 снежня рэйсам «Белавія» і на памежным кантролі запоўніла міграцыйную картку, у якой пазначыла сваё імя і кантактны тэлефон. Ніякіх дадатковых пытанняў у аэрапорце да мяне не было.

Прыехала ў гатэль, пасялілася,  ў суботу, 16 снежня, калі мы адправіліся з гатэлю бліжэй да цэнтру, на мой ўкраінскі мабільны патэлефанавалі з беларускага нумару. Мужчына прадставіўся Арцёмам Аляксандравічам і папрасіў тэрмінова, да гадзіны дня прыехаць у аддзел міграцыі Фрунзэнскага РУУС. Але паколькі я не ўяўляла, дзе знаходзіцца гэтая ўстанова, і калі зразумела, куды ехаць, то спазнілася амаль на гадзіну.

Патэлефанавала, ён мяне сустрэў і правёў. Запытаў, ці ведаю я, што знаходжуся ў спісах асобаў, якім забаронены ўезд у Расею. Пра гэта я ня ведала, і мяне гэта вельмі здзівіла. Арцём Аляксандравіч запытаўся таксама пра мой сацыяльны статус, колькасць дзяцей, дату нараджэння і ці мела я нейкія сувязі з тэрарыстычнымі арганізацыямі. Я адказала, што ня мела, а потым падумала, ці аднолькава мы разумеем, што такое тэрарыстычная арганізацыя…

У выніку ён мне паведаміў, што ў сувязі з «расейскімі спісамі» я ёсць гэтак жа непажаданая асоба і ў Беларусі. Тады ён склаў пратакол, я з ім азнаёмілася. Спытаў, калі збіраюся з’яжджаць назад у Кіеў, і на мой адказ — 19 снежня — сказаў: «Вялікая просьба ехаць і больш не вяртацца». Ён папрасіў ксэракопію пашпарту, падпісаць пратакол, развітаўся, правёў і ўсё. То бок, размова трывала 10-15 хвілін.

— У якім тоне адбывалася гэтая размова?

— Размова была вельмі кароткай, нешматслоўнай. Усё па-дзелавому. Ніякай агрэсіі не было.

— Ці цікавіўся ён вашым мужам, які загінуў на Данбасе?

— Не цікавіўся. На ягонае пытанне, ці замужам, я адказала, што ўдава. Усё.

— Ці паказваў ён вам дакумэнт, згодна з якім вам забаронены ўезд на тэрыторыю Расеі?

— Нічога не паказваў. Шчыра кажучы, калі ён папрасіў мяне прыехаць, я разумела, што гэта нейкая праверка, але не разумела яе прычыну. Таму на месцы я лішніх пытанняў яму не задавала.

— Падчас знаходжання ў Менску, не заўважалі нейкіх іншых падазроных рэчаў у дачыненні да сябе?

— Абсалютна не. Я ня першы раз была ў Менску, спадзяюся, і не апошні. Але нічога асаблівага не было. Звычайны гатэль. У мяне няма адчування, што за мной мае хтосьці сачыць ці нешта іншае.

— Перад паездкай у Менск вы высвятлялі магчымасць знаходжання свайго імя ў «чорных спісах»?

— Я маю кантакты ў Міністэрстве замежных спраў Украіны і спытала, наколькі бяспечна ехаць у Беларусь, ці ёсць перасцярогі МЗС у дачыненні да паездак у Беларусь, бо ведала пра выпадкі, калі і з цягнікоў здымалі, як, напрыклад, майго калегу Віталя Мароза, з якім мы разам рабілі відэакурс для журналістаў. Адпаведна, я ведала, што могуць быць нейкія дадатковыя пытанні, але ж так…

Апошні раз я была ў Беларусі ў сакавіку 2014 году, пераходзіла мяжу ў Гомельскай вобласці. І цяпер, калі ўзважвала ўсе рызыкі, прыйшла да высновы, што яны не высокія. Да паездкі ў мяне было адчуванне, што Беларусь — не Расея, але цяпер ёсць пытанні.

— Плянуеце абскардзіць гэтае рашэнне?

— Абавязкова. Калі мною зацікавіліся прадстаўнікі беларускіх уладаў, то я звярнулася ў Пасольства Ўкраіны ў Менску, размаўляла з консулам. З гэтай размовы я зразумела, што такія выпадкі бываюць і дыпляматы з імі сутыкаліся. Консул настойліва мне рэкамэндаваў па вяртанні ў Кіеў запоўніць электронную форму і абскардзіць гэтую забарону па Беларусі. А што рабіць з забаронай уезду ў Расею — як гэта праверыць і што з гэтым рабіць, я яшчэ, шчыра кажучы, не разбіралася.

Апоўначы я вярнулася ў Кіеў, таму яшчэ не высвятляла, што рабіць з расейскай гісторыяй. Але беларускую буду абскарджваць, хаця ня ведаю, чым усё гэта скончыцца.

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: