З падачы Аляксандра Лукашэнкі ў сакавіку сілавікі зладзілі шэраг паказальных арыштаў, а дзяржаўныя медыі распавялі пра «атрады баевікоў» і ледзь не рыхтаванні да дзяржаўнага перавароту. Belsat.eu высвятляе, чым можа скончыцца «справа патрыётаў».

Рэчавыя доказы па “справе патрыётаў”

Абвінавачванне аб рыхтаванні масавых закалотаў знятае з чарговага фігуранта – намесніка старшыні незарэгістраванай партыі «Народная Грамада» Сяргея Кулініча, якога вызвалілі з СІЗА 3 красавіка пад падпіску аб нявыездзе. Раней знялі падазрэнні яшчэ з трох маладафронтаўцаў. За кратамі застаюцца яшчэ 14 асобаў – іх вінавацяць у рыхтаванні да масавых закалотаў ды стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.

Чаму здымаюць абвінавачванні?

Эксперты сыходзяцца на думцы, што следства проста не здолела «прышыць» маладафронтаўцам ніякага крыміналу: яго проста няма.

Афіцыйныя лісты з інфармацыяй пра закрыццё крымінальнай справы спачатку атрымалі маладафронтаўцы Зміцер Дашкевіч і Сяргей Пальчэўскі, пазней – Раман Васільеў. Спыненне крымінальнай справы тлумачыцца аднолькава – адсутнічае склад злачынства. На той момант усе хлопцы знаходзіліся ўжо на волі.

Лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч называе гэтыя дзеянні следства «юрыдычным доказам, што справа высмактаная з пальца».

На гэтую акалічнасць звяртае ўвагу і юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна»Валянцін Стэфановіч:

Цяпер справы спыняюцца супраць тых, хто абвінавачваўся па адным артыкуле – па арганізацыі масавых беспарадкаў. Відавочна, што клуб «Патрыёт», актывісты «Маладога фронту» не мелі аніякага дачынення да «незаконнага ваеннага фармавання». Прадявіць ім вышкалы ды зброю было вельмі цяжка.

21 – 22 сакавіка спецслужбы затрымалі 17 асобаў, якім прадявіліабвінавачванне паводле артыкулу «Рыхтаванне да ўдзелу ў масавыхзакалотах». У выніку «справу аб масавых закалотах» раздзьмулі да 35 фігурантаў (па іншых звестках, да 32-х). Арышты пачаліся пасля заявы Лукашэнкі, якая прагучала 21 сакавіка на магілёўскім прадпрыемстве «Кронаспан», што затрыманыя баевікі са зброяй, якія правакавалі масавыя беспарадкі. А «лагерам баевікоў» аказаўся афіцыйна зарэгістраваным лагерам «Патрыёт» пад Асіповічамі.

Чытайце па тэме:  КГБ отказался от "дела патриотов", СК прекратил дело по массовым беспорядкам

– Крымінальную справу збіралі з розных элементаў. Верагодна, аператыўна-вышуковыя захады супраць групы, якая застаецца ў СІЗА па абвінавачанні ў «незаконным узброеным фармаванні», вяліся раней, а напярэдадні 25 сакавіка для ўладаў наступіў зручны момант, каб «раскрыць» сетку баевікоў. Да справы далучалі ўсіх, каго маглі, і выбудоўвалі сувязь паміж гэтай групай, 25 сакавіка і Статкевічам, – мяркуе Валянцін Стэфановіч.

Рыхтаванні да масавых закалотаў даказаць не ўдасца?

Заняткі ў патрыятычным клубе, якія ў дзяржмедыях падавалі як трэніраванні баевікоў.

– Хутчэй за ўсё, фэйкавая справа «аб падрыхтоўцы да масавых закалотаў» будзе спыненая. Ніхто ж не адмаўляе, што існаваў «Белы легіён» ці клуб «Ваяр». Падкінуць якую дымавую шашку – вось табе і ўзброенае фармаванне. Але даказаць бясчынствы, якіх не было, іх арганізацыю, якой не было, зусім немагчыма, – перакананы Зміцер Дашкевіч.

Дайсці да суда: і палітвязняў не нарабіць, і асудзіць

Пластыкавы страйкбольны “аўтамат”, які знайшлі ў “баевікоў”

11 красавіка газета прэзідэнцкай адміністрацыі «СБ. Беларусь сегодня» паведаміла, што супраць чальцоў «Белага легіёну» заведзеная другая крымінальная справа – па артыкуле 287 Крымінальнага кодэкса «Стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання ці кіраўніцтва такім фармаваннем, удзел у ім». Санкцыя артыкула прадугледжвае да 7 гадоў зняволення.

ПЦ «Вясна» не мае дакладнай інфармацыі па справе, таму праваабаронцы асцерагаюцца прагназаваць, ці будзе спынены крымінальны пераслед супраць людзей, якія цяпер зараз знаходзяцца з СІЗА. Уся інфармацыя па справе выкладзеная толькі ў адзіным прэс-рэлізе КДБ і ў відэаматэрыялах беларускага тэлебачання, якія не з’яўляюцца афіцыйнай інфармацыяй.

Чытайце па тэме:  Нападение мигрантов на задержанных на Хованском кладбище засняли на видео

Аднак праваабаронца Валянцін Стэфановіч фактычна не мае сумненняў, што справа дойдзе да суда:

– У чым заключаецца рэальнае абвінавачванне і ягоны аб’ём, мы не ведаем – пра гэта мы дазнаемся толькі на судзе. Калі справа сапраўды была сфальсіфікаваная, то на месцы ўлады я б не ішоў з такой доказнай базай у суд.

Склад злачынства носіць фармальны характар: крыміналізаваная любая дзейнасць незаконных узброеных стварэнняў, незалежна ад мэты стварэння; мэта (ці ахова некага, ці абарона краіны ад любой вонкавай агрэсіі) не ўплывае на кваліфікацыю. Другая прыкмета крымінальнага артыкула – зброя, якая кваліфікаваная паводле закона «Аб зброі»: неабавязкова баявая, можа быць паляўнічая, газавая, або выбуховыя рэчывы і боепрыпасы. Відавочна, што трэба даказваць і наяўнасць групы: павінна быць структура, іерархія.

Зміцер Дашкевіч лічыць, што дзяржава занадта шмат рэсурсаў уклала, каб проста зняць усе абвінавачанні з фігурантаў крымінальнай справы:

– Рэжым вельмі раздзьмуў істэрыю вакол гэтай справы, генералы паклалі свой аўтарытэт, таму некага будуць судзіць і абіраць меру стрымання. Верагодна, выберуць такі варыянт пакарання, каб не парадзіць новых палітвязняў, але адначасова і асудзіць, хай сабе на ўмоўныя тэрміны ці вызваліць прама ў зале суда. Нейкую частку людзей да суда давядуць пры такой істэрыі.

Па «справе патрыётаў» праходзілі 35 асобаў, усе яны ад пачатку затрымаліся па абвінавачванні ў рыхтаванні масавых закалотаў. Пасля частцы фігурантаўпрадявілі новае абвінавачанне – у стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання». Цяпер за кратамі застаюцца 14 асобаў, якія, мяркуючы па ўсіх, абвінавачваюцца адразу па двух артыкулах.

Чытайце па тэме:  Былы кіраўнік «Белага легіёна» Сяргей Чыслаў: Гэта ўкладваецца ў сцэнар мірнай акупацыі

«Трэба патрабаваць ад дзяржавы кампенсацыю за незаконнае ўтрыманне пад вартаю»

Валянцін Стэфановіч адзначае адну акалічнасць: сярод затрыманых былі людзі, якім абвінавачванне нават і не прадяўлялася; яны знаходзіліся ў статусе падазраваных, пасля іх адпускалі. Прынамсі, з «Маладога фронту» абвінавачванне прадяўлялася толькі Дашкевічу і Пальчэўскаму, астатніх хлопцаў затрымалі ў якасці падазраваных і нават не абіралі меру стрымання; з іх узялі толькі абавязальніцтва з’яўляцца па выкліку следства.

– Я б настойліва рэкамендаваў усім, хто адсядзеў у СІЗА, падаваць позвы аб кампенсацыі маральнай шкоды. Незаконнае ўтрыманне пад вартай ёсць падставай для спагнання кампенсацыі маральнай шкоды. Я не прыгадаю, каб нехта патрабаваў такую кампенсацыю – варта стварыць такі прэцэдэнт, – адзначыў Валянцін Стэфановіч.

Юрый Дубіна, belsat.eu


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.