Спецаперацыя “пераемнік”, арганізаваная Барысам Ельцыным у Расіі, закончылася драматычна для большасці яе ўдзельнікаў.

Нурсултан Назарбаеў, AFP

 

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў сышоў у адстаўку, пакінуўшы за сабой пасады кіраўніка Савета бяспекі і партыі “Нур Атан”. Да заканчэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў 78-гадоваму кіраўніку Казахстана заставаўся год.

Што ж прымусіла Назарбаева датэрмінова пакінуць пасаду прэзідэнта?

Верагодныя матывы Беларускай праўдзе патлумачыў эксперт па нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін.

-Назарбаеў абвясціў, што з 20 сакавіка 2019 года пакідае прэзідэнцкую пасаду. Але ці сыходзіць Назарбаеў?

-Мала хто сумняецца, што праводзіцца спецаперацыя – спецаперацыя па аднаўленні ўлады, то бок, імкненне захаваць уладу ў папярэдняй эліце і памкненне захаваць мадэль, пабудаваную ў Казахстане за апошнія 30 гадоў, якія Назарбаеў і кіруе краінай. Далёка Назарбаеў не адыходзіць, хаця такія аперацыі, як паказвае гісторыя, з’яўляюцца рызыкай для людзей, якія спрабуюць іх ажыццявіць. Я б сказаў, што вынікі такой аперацыі пакуль непрадказальныя.

-Што прымусіла Назарбаева пайсці на такую спецаперацыю? Ён і без гэтых фінтоў мог законна кіраваць краінай усё астатняе жыццё.

-Астатняе жыццё – безумоўна. А калі скончыцца ягонае жыццё? Што стане з уладай, з сістэмай, якую ён будаваў, з ягонай сям’ёй? У дэмакратычнай краіне такая сітуацыя не прынесла б праблем. Але ў Казахстане гэта выклікае заклапочанасць: якім будзе далейшы лёс, у тым ліку родных і блізкіх Назарбаева? Таму, каб забяспечыць і аднаўленне улады, і забяспечыць спакой і стабільнасць блізкім, з далёкіх часоў існуе практыка: моцны лідар сыходзіць быццам бы ў адстаўку, а ягоная месца займае чалавек, які пазначаецца ягоным пераемнікам. Некаторы час, пакуль існуе моцная рука, што сышла ў адстаўку, але не адышла далёка, дазваляе маладому кіраўніку набрацца досведу, назапасіць рэсурс і сілы, каб затым кіраваць самастойна. Я думаю, што гэты манеўр і з’яўляецца спробай забяспечыць пераемнасць улады і забяспечыць стабільнае існаванне блізкім людзям Назарабаева.

-Ці вымушаны гэта крок?

-Наконт таго, наколькі ён вымушаны. Відавочна, Назарбаеў стварыў сістэму, якая даволі эфектыўна кантралюе сітуацыю ў краіне: аднапартыйная сістэма, здушэнне апазіцыі (падчас вельмі жорсткае, нават больш жорсткае, чым у Беларусі) – здаецца, уладзе няма чаго апасацца. Але ў чым адрозненне падобных рэжымаў ад рэжымаў дэмакратычных, дзе народ абірае кіраўніцтва на выбарах – усеагульных, свабодных і справядлівых, і дзе існуе палітычны плюралізм? Гэта стабільнасць. Гісторыя ведае масу прыкладаў, калі дыктатар набіраў на выбарах 99 адсоткаў, але не праходзіла і года, як ён злятаў са сваёй уладай. То бок, падтрымка такіх рэжымаў часцяком толькі вонкавая, унутры яе няма.

Нурсултан Абішавіч, безумоўна, разумны чалавек, ён не можа не разумець, што такая рызыка існуе. Тым больш, што казахстанская эканоміка знаходзіцца ў стагнацыі – гэта яшчэ адзін выклік палітычнай уладзе, таму вельмі добра было б загадзя падсцяліць саломку. У такой сітуацыі манеўр Назарбаева выглядае вельмі рызыкоўным, але неабходным: Назарбаеву ўсё-такі 78 гадоў, і хоць ён не выглядае чалавекам старым, які страціў сваю энергію, усё роўна даводзіцца думаць пра будучыню.

Адстаўка Назарабаева крыху ажыўляе палітычную сітуацыю, ажыўляе грамадства і робіць далейшыя падзеі, нават калі яны будуць дырыжавацца Назарабаевым, больш падобнымі да вяртання ў дэмакратыю.

Наступныя прэзідэнцкія выбары ў Казахстане мусяць адбыцца ў красавіку 2020 года. Здавалася б: чаму не дасядзець гэты год? Але не: перадаецца ўлада кіраўніку парламента, і нібыта Назарбаеў тут ні пры чым. У мяне ўзнікае адчуванне, што на наступных выбарах мы пабачым некага з родзічаў Назарбаева, і хутчэй за ўсё гэта будзе ягоная дачка Дарыга. Найперш каб паказаць і свайму грамадству, і міжнароднай супольнасці, што Казахстан – сучасная дзяржава, якой кіруе жанчына, і за ўсім гэтым схаваць спецаперацыю “пераемнік”, дзеля чаго ўсё і задумвалася.

-Ці стане ўчынак Назарбаева прыкладам для пераймання на аўтарытарнай постсавецкай прасторы?

-За апошнія 30 год свет неаднойчы назіраў такія сыходы. Пачынаючы ад Піначэта, які таксама спрабаваў гарантаваць недатыкальнасць, доступ да прыняцця рашэнняў – не атрымалася.

Дэн Сяопін здолеў захаваць свой уплыў на палітыку і стварыў сістэму, якая да нашага часу аднаўляецца. Але ў Кітаі прынцыпова іншая сістэма у тым ліку і камплектацыі палітычнай эліты, якая прымае рашэнні, дый сама сістэма прыняцця рашэнняў крыху адрозніваецца ад казахстанскай.

Лі Куан Ю адразу накіраваў Сінгапур на шлях дэмакратызацыі, якая цяпер працягваецца; хаця і там адчуваюцца наступствы аўтарытарызму. Аўтарытарызм ніколі не праходзіць бясследна – ні для дзяржавы, ні для грамадства, і след гэты, як правіла, негатыўны.

Усе мы памятаем Барыса Мікалаевіча Ельцына, і зараз, гледзячы на Назарбаева, усе прыгадваюць ягоныя словы: “Я стаміўся, я сыходжу”. Якраз гэты выпадак паказвае рызыкі, якія могуць рэалізавацца: людзі, заангажаваныя ў спецаперацыю “пераемнік” у Расійскай Федэрацыі, спадзяваліся на адно, атрымалі зусім іншае. І наступствы спецаперацыі для гэтых людзей досыць драматычныя.

Ці могуць пераняць вопыт Назарбаева іншыя аўтарытарныя кіраўнікі? Па-першае, Назарбаеў вельмі разумны чалавек, па-другое, мае сталёвыя нервы – гэта значыць, пралічыў усё да канца. У чалавека без такога розуму, досведу, у тым ліку і партыйна-апаратных гульняў савецкага часу, заўсёды будуць заставацца сумненні ў слушнасці такога сцэнару; думаю, што ў самы апошні момант у яго могуць здаць нервы, а значыць, ён зробіць спробу кіраваць да смерці ці, хутчэй за ўсё, гэтая аперацыя праваліцца. А правал паслужыць спускавым кручком для хуткіх радыкальных пераменаў у краіне.

Георгій Громаў, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...