Заўважана, што ў Беларусі пад уплывам антыдэмакратычнай прапаганды нарастае агрэсіўная варожасць да суседніх народаў, якія вырваліся з імперскай таталітарнай пасткі на свабоду. Значна паменела дабраты, узаемавыручкі і ў стасунках звычайных людзей.

Чалавеку на працягу жыцця пастаянна даводзіцца змагацца са сваёй маральнай, інтэлектуальнай і культурнай недасканаласцю, балансаваць паміж дабром і злом, рабіць складаны выбар. Не ва ўсіх гэта атрымліваецца вынікова, са знакам плюс.

Вялікая бяда ў тым, што мы, жыхары постсавецкай Беларусі, не навучыліся жыць самастойна, свабодна і годна, не ліквідавалі свае рабскія звычкі. Адкуль хранічная хвароба? Чаму на савецкіх абсягах з’явіўся і надоўга замацаваўся культ асобы, эпагеем якога стала бяспрыкладнае абагаўленне крывавага тырана Сталіна, чый дух яшчэ не выветрыўся да гэтага часу? Чаму пасля бясслаўнага распаду СССР у большасці незалежных краін зноў усталяваўся аўтарытарызм з усімі мярзотнымі рысамі і якасцямі?

За апошнія 30 гадоў матэрыяльны свет, які нас акаляе, змяніўся рэвалюцыйна — параўнайце камуналкі і «хрушчоўкі» з сучасным, хай сабе ў многіх людзей сціплым, але камфартабельным жыллём, прымітыўныя «запарожцы» і «масквічы» з класнымі, дасканалымі іншамаркамі, сціплыя магазіны, дзе не было ніякага выбару харчу і тавараў, з новымі фірменнымі асяродкамі гандлю, супермаркетамі, запоўненымі прадукцыяй на любы густ.

Адбылося гэта не дзякуючы новым «мудрым правадырам», як спрабуе даказваць «прыдворная» прапаганда, а таму, што рухнула «жалезная заслона» паміж Усходам і Захадам і нам адкрыўся вялікі дэмакратычны свет, дзе даўно пануюць дакладныя прававыя ўзаемаадносіны, тэхналагічны прагрэс, цывілізаванасць, высокі ўзровень жыцця.

Самай архаічнай, на вялікі жаль, засталася наша свядомасць. Мы па-ранейшаму любім уладу «з бізуном у руках», усе яе атрыбуты, знакі і сімвалы, спакойна згаджаемся з культам сілы. Мы не пратэстуем супраць гвалту і яўных глупстваў аўтарытарнага рэжыму. Мы хочам мець матэрыяльныя даброты як на Захадзе, а парадкі — феадальныя…

Я заспеў праявы сталінскай жорсткасці, калі судзілі за два буракі, за жменю каласкоў, прынесеных з калгаснага поля. Пазней было не раз, што і самому перападала ад аб’ездчыкаў за касьбу саўгаснай травы: каб сям’і пракарміцца, трэба ў гаспадарцы трымаць птушак, жывёлу. А чым іх карміць?

З маленства назіраў стасункі звычайных людзей і начальства. У калгасе, а затым саўгасе, у якіх мне выпала жыць да паўналецця, ужо на ўзроўні брыгадзіра або кіраўніка вытворчага ўчастка выразна выяўлялася вядомая формула: «Я — начальнік, ты — дурань!»

Няважна, што службоўцы любога рангу часта былі прапойцамі і нікчэмнасцямі. Паслушэнства, страх нават перад дробненькімі, плюгавымі начальнічкамі, жылі невыводна. У вачах насельніцтва яны выступалі сімваламі ўлады, здаваліся грознымі ценямі ідала, які сядзіць у маскоўскім Крамлі. Начальніцкая жорсткасць заўсёды капіравалася ўнізе. Усё гэта цяпер — безумоўна, з нейкімі зменамі — паўтараецца.

Жыхарам Беларусі хочацца, каб ва ўсім свеце нас лічылі добрымі, талерантнымі, гасціннымі, шчырымі людзьмі. Прапаганда і мы самі сцвярджаем, што так яно і ёсць. Але ці адпавядае высокая самаацэнка рэальнасці?

Замежныя госці дзівяцца беларускай змрочнасці і суровасці. Мы ўсё робім толькі напаказ, нават радуемся для некага, але ці шмат усмешак на нашых тварах у будзённым жыцці? Праявы злосці, варожасці і хамства ўзнікаюць на вуліцах, у чэргах паліклінік, аптэк, магазінаў, рынкаў імгненна, прытым звычайна з-за нязначнай дробязі. Гэта адразу кідаецца ў вочы іншаземцам, вельмі здзіўляе іх.

Тое, што мы можам напаіць спіртным «да зняцця рыз» і накарміць «ад пуза» любых гасцей, каб яны пасля расказвалі пра выключную беларускую прыветлівасць, яшчэ нічога не азначае. Наадварот, часта гаспадары са сваёй звыклай чаркай лезуць смоллю нават да непітушчых або хворых людзей, якім катэгарычна нельга ўжываць алкаголь. Якая ж гэта дабрата?

Цяпер звернемся да больш важных праблем. Якія ж мы добрыя, калі далі дазвол уладнаму хамскаму клану на цынічнае свінства — забяспечыць сабе раскошнае жыццё, а большасць грамадства кінуць у бязлітасны вір выжывання, які вымотвае ўсе нервы і сілы, ператварае ў многіх сем’ях быт у сапраўднае пекла?

Ці можна лічыць добрымі людзей, якія заплюшчваюць вочы на тое, што амапаўцы цягаюць за валасы па асфальце дзяўчат і старых жанчын, якія выйшлі на мірны мітынг пратэсту, што міліцыянеры даюць хлуслівыя сведчанні на судовых працэсах, што супрацоўнікі праваахоўных органаў самі парушаюць законы: па-садыстску збіваюць затрыманых, удзельнічаюць у карупцыйных махінацыях?

Як прызнаць добрымі тых грамадзян, якія моўчкі згаджаюцца з марнатраўствам народных грошай на любыя прыхамаці правіцеля, з будаўніцтвам у небяспечнай зоне экалагічна шкоднай АЭС, калі здароўе нацыі і без таго моцна падточана Чарнобылем?

Увогуле, стан нашага грамадства выклікае трывожныя думкі. З аднаго боку, карыстаючыся інтэрнэтам, вялікая колькасць людзей, асабліва маладых, стала больш інфармаванай, дасведчанай, а з другога — заўважаецца, што гэтая акалічнасць мала ўплывае на палітычнае, грамадзянскае, інтэлектуальнае і маральнае развіццё. Многія грамадзяне сталі абсалютна абыякавымі не толькі да лёсу Айчыны, але нават да сваіх сямейных абавязкаў. Побач з ростам душэўнай глухаты адбываецца прыкметны культурны заняпад самой асобы: дэградацыя пісьменнасці, валодання гутарковай мовай, зніжэнне камунікабельнасці.

Выдатны расійскі артыст А. Басілашвілі ў інтэрв’ю падкрэсліў: «Воспитание в людях чувства доброты, сострадания, открытости — это главная, величайшая задача культуры». Але якую культуру прапануе аўтарытарная дзяржава народу? Што там нацыянальнае? Ці даюць нешта карыснае грубыя, прымітыўныя забаўляльныя тэлепраграмы? Як выхаваць добрых людзей, калі на экранах без супынку ідуць сцэны гвалту, садызму?

Што ж рабіць? Разумная, сумленная і моцная беларускім духам частка грамадства, якая, на шчасце, яшчэ ёсць, павінна паказаць прыклад вяртання дабраты ў наша жыццё, больш выразна выявіць яе да інвалідаў, старых людзей і дзяцей, да сваёй зямлі, лясоў, рэк і азёр, да нацыянальнай культуры і роднай мовы. Неабходна прымусіць электронныя СМІ звесці да мінімуму паказ забойстваў, праліцця крыві…

Пад настрой неяк у маладосці напісаўся верш, ідэі якога тым не менш застануся верным да скону:

Я жорсткасці зазнаў урокі,
Ды больш вучылі дабратой.
І каб, здаецца, не сурочыць, —
Жыў і жыву навукай той.
Без боязі адкрыты вочы
У свет, што вулеем гудзе.
Лічу я: жорсткасць — гэта ночы,
А дабрата — высокі дзень.
Хоць цяжка іх паважыць, змерыць,
Кажу з адзнакай праваты —
Я ў сілу жорсткасці не веру,
Я веру ў сілу дабраты.

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін прадмову да маёй кнігі вершаў і паэм «Прысак часу» закончыў такой фразай: «Сіла дабраты і робіць будзённае слова Паэзіяй!» Яму, чараўніку роднай мовы, можна давяраць.

Калі дабрата здольная нараджаць нават паэзію, то як жа патрэбна яе стваральная, натхняльная і гаючая сіла ў паўсядзённым жыцці!

Сяргей Законнікаў, Свободные новости плюс


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.