На Нацыянальным прававым партале апублікаванае новае “Палажэнне аб парадку абмежавання (узнаўлення) доступу да інтэрнэт-рэсурсу”. На мінулым тыдні страціў сілу папярэдні варыянт (“Палажэнне аб парадку абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх састаўных частак), змешчаных у глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт”), зацверджаны ў 2015 годзе. І вось, цяпер можна азнаёміцца ​​з новым. Што змянілася?

Па-першае, назва дакумента. З яго знікла “глабальная камп’ютарная сетка Інтэрнэт” (менавіта так, з вялікай літары). І галоўнае: у назве дакумента з’явілася слова “узнаўленне”: раней было толькі “абмежаванне”, заўважае Еўрарадыё.

Пры гэтым з новага дакумента знік пункт 14, дзе падрабязна апісваліся дзеянні ўладальніка “інфармацыйнага рэсурсу” і Міністэрства інфармацыі па узнаўленні доступу. Гаворка ішла пра тое, куды трэба звяртацца, каб аднавіць доступ да свайго сайта і ў які тэрмін будзе разглядацца зварот. Ад усяго пункта засталося некалькі радкоў пра тое, каму і калі Міністэрства інфармацыі рассылае апавяшчэння аб узнаўленні доступу да інтэрнэт-рэсурсу.

Усе дэталі, якія чапляюць, а-ля барацьба са сродкамі забеспячэння ананімнасці: проксі-серверамі, Tor і г.д. — удала перайшлі са старога дакумента ў новы.

Палажэнне зменшылася прыкладна на адну старонку А4. У асноўным, гэта змены касметычнага характару, звязаныя з набыццём моцы новай рэдакцыі Закона аб СМІ. Абодва дакументы пачнуць дзейнічаць з 1 снежня 2018 года.

Што яшчэ змянілася ў парадку абмежавання і ўзнаўлення доступу да сайтаў?

Зніклі ўсе згадкі дэкрэта № 6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў” і закона “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”. У мінулым дакуменце наркотыкі згадваюцца тройчы, у новым — ні разу.

Знік пункт 1.1, дзе пералічваліся падставы для абмежавання доступу да інфармацыйных рэсурсаў (два папярэджанні на працягу года, публікацыя матэрыялаў, накіраваных на незаконны абарот наркотыкаў і г.д.). Замест гэтага — проста спасылкі на артыкулы закона “Аб сродках масавай інфармацыі”.

Прыбраны пункт 3, пра тое, што пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг абавязаныя абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў “у абавязковым парадку на бязвыплатнай аснове”, і пункт 6, дзе распавядалася, як дзяржаўны орган можа заблакаваць інфармацыйны рэсурс з экстрэмісцкай інфармацыяй.

Новая рэдакцыя Закона аб СМІ набудзе моц 1 снежня. У закон ўводзяцца новыя тэрміны, напрыклад, “сеткавае выданне”, “інтэрнэт-рэсурс”, “уладальнік інтэрнэт-рэсурсу”. Тыя інтэрнэт-рэсурсы, якія распаўсюджваюць масавую інфармацыю, могуць атрымліваць дзяржрэгістрацыю, стаць сеткавымі выданнямі і карыстацца ўсімі правамі традыцыйных СМІ (газет, тэлебачання, радыё). Закон не абавязвае праходзіць рэгістрацыю, яна будзе добраахвотнай.

Уладальнік інтэрнэт-рэсурсу будзе абавязаны ідэнтыфікаваць карыстальнікаў, аналізаваць змест іх публікацый і не дапускаць распаўсюджвання забароненай інфармацыі, а таксама паведамленняў з нецэнзурнымі выразамі. Да забароненай інфармацыі цяпер таксама адносяць заахвочванне да суіцыду і неналежную рэкламу, звесткі пра спосабы зрабіць выбухоўку.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: