27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з прэзідэнтам В’етнама Чан Дай Куангам. “Бакі абмяркуюць увесь комплекс пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, а галоўнай тэмай перамоваў стане развіццё гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння”, ― паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.

Трактар МТЗ-50 на купюры ў 200 в’етнамскіх донгаў.

$ 500 млн тавараабароту. Дзе?

Лукашэнка і Чан сустракаліся ўсяго 7 месяцаў таму, у снежні 2016 года, і дамовіліся “значна актывізаваць эканамічнае ўзаемадзеянне, прамысловую кааперацыю, павялічыць тавараабарот і давесці яго ў 2017 годзе да 500 млн долараў”. Аднак пакуль што гэтая дамоўленасць застаецца не больш чым бадзёрай дэкларацыяй. За студзень-красавік 2017 года Беларусь і В’етнам нагандлявалі на $31.866.000.

Так, гэта на 36,3% больш, чым у студзені-красавіку 2016 года. Але да дамоўленых $500 млн, прама скажам, няблізка.

У 3 разы за 10 гадоў. Гэта колькі?

На пачатку года пра плённае супрацоўніцтва з В’етнамам выказаўся міністр прамысловасці Віталь Воўк. “За 10 гадоў тавараабарот паміж нашымі краінамі павялічыўся ў 3 разы”, ― перадае словы чыноўніка агенцтва “Мінск-Навіны”.

Воўк амаль не перабольшыў. У 2006 годзе тавараабарот паміж Беларуссю і В’етнамам склаў $ 49,3 млн. А ў 2016 годзе тавараабарот быў $121,0 млн. Такім чынам, за 10 гадоў ён павялічыўся ў 2,45 раза. Ну, у 2,5 раза, калі акругліць.

Варта заўважыць, што $121,0 млн ― гэта каля 0,2% ад агульнага таваразвароту Беларусі. Так што назваць В’етнам хоць колькі-небудзь важным гандлёвым партнёрам пакуль не выпадае. Зрэшты, час такі ― для нас цяпер усе партнёры важныя.

Чытайце па тэме:  Потому что не получится

Асноўнымі артыкуламі беларускага экспарту ў В’етнам у 2006 годзе былі калійныя ўгнаенні ($25,6 мільёна долараў), трактары ($4,1 млн), кар’ерныя самазвалы ($3,5 млн), запасныя часткі ($1,2 млн), рухавікі ($1,2 млн), станкі ($0,6 млн), падшыпнікі ($0,5 млн). За 10 гадоў структура экспарту амаль не змянілася. Акрамя угнаенняў, мы па-ранейшаму прадаем у В’етнам трохі трактароў, трохі грузавікоў і трохі запчастак да іх.

Пра што дамовіліся з папярэднім прэзідэнтам В’етнама?

Неяк так супадае, што лідары Беларусі і В’етнама сустракаюцца ў снежні. Напрыклад, 9 снежня 2015 года Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з Чыонг Тан Шангам, тагачасным прэзідэнтам В’етнама. Палітыкі “дамовіліся актыўна садзейнічаць павелічэнню тавараабароту і інвестыцый, ураўнаважыць гандлёвы баланс”.

Што з гэтага атрымалася? Таваразварот за 2015 год ― $149,9 млн, за 2016 год ― $121,0 млн. Нічога не скажаш, паспрыялі павелічэнню тавараабароту.

Ды і гандлёвы баланс ўраўнаважылі своеасабліва. Беларускі экспарт у В’етнам за 2016 год знізіўся на 31,1% ― да $ 76,8 млн. А імпарт наадварот вырас ― на 15,3%, да $44,2.

Чым Беларусь гандлюе з В’етнамам?

Цікавы факт: на купюры ў 200 в’етнамскіх донгаў намаляваны трактар “Беларус”. Гэта зроблена ў памяць пра савецкую дапамогу, якую В’етнам атрымліваў пасля вайны з ЗША. Але атрымліваць ― гэта адно, а купляць ― зусім іншае. Што наконт экспарту беларускіх трактараў у В’етнам?

Чытайце па тэме:  Мантра про "конкуренцию" не изменит ситуацию в торговле

Апошнія дадзеныя статыстыкі на сайце Белстата ― за 2015 год. Мы прадаем у В’етнам калійныя ўгнаенні, поліаміды (пластмасы, якія выкарыстоўваюцца ў аўтапраме, машынабудаванні і іншых галінах), шыны, рухавікі, часткі і прылады для аўтамабіляў і трактароў. І ёсць яшчэ два артыкулы экспарту: “аўтамабілі грузавыя” (у 2015 годзе ― 27 штук!) і, уласна, “трактары і седлавыя цягачы”. У 2015 годзе В’етнам купіў 75 беларускіх трактароў на $1,1 млн. Гэта на 18 трактараў болей, чым ў 2014-м, але на 108(!) трактараў менш, чым у 2013-м. Год на год не прыходзіцца…

А вось адзін з асноўных артыкулаў імпарту з В’етнама ― абутак, што вельмі лагічна. В’етнамкі ж! У 2015 годзе мы завезлі 50,6 тысяч пар в’етнамскага абутку. Праўда, у дакументах гаворка ідзе пра “абутак з верхам з натуральнай скуры”.

Еўрарадыё


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.