З 1 сакавіка ў Польшчы пачаў дзейнічаць закон, паводле якога, абмяжоўваецца праца гандлёвых сетак і крамаў у нядзелю. Жыхары Горадзеншчыны ўпэўненыя, што ўжо ёсць спосабы, як гэта абмінуць.

Гандаль плянуюць абмяжоўваць паступова

Паводле паведемленняў польскіх СМІ, сёлета крамы ў Польшчы будуць працаваць толькі дзве нядзелі ў месяц: першую і апошнюю нядзелі. Так, у сакавіку 4-га і 25-га крамы працуюць.

У наступным годзе гандаль у крамах абмяжоўваецца толькі да аднае нядзелі ў месяц, а з 2020 году наагул будзе забаронены ва ўсе нядзелі цягам году, акрамя вызначаных 7 нядзель: гэта дзве нядзелі перад Калядамі, адна нядзеля перад Вялікаднем ды апошнія нядзелі студзеня, красавіка, чэрвеня і жніўня.

«Ужо зараз на аўтазапраўках пачалі дабудоўваць гандлёвыя павільёны…»

Горадзенцы, якія прывыклі ў выходныя наведвацца ў Беласток на закупы, без аптымізму ўспрынялі новаўвядзенні ў Польшчы. Маўляў, страцяць і палякі і яны будуць мець нязручнасці.

«Зробяцца чэргі большыя на мяжы ў пятніцу і суботу, — кажа спадарыня Рэгіна, якая раз на тыдзень наведваецца ў Беласток на закупы. — Людзі ўсё роўна не перастануць ездзіць, бо выгада пакуль ёсць».

Але тыя, хто часта ездзіць у Польшчу і ня толькі на закупы, а каб зарабіць з паездкі глядзяць на новаўвядзенні больш аптымістычна.

«Так, ня будуць працаваць гандлёвыя сеткі, крамы, але ўсё ўжо хутка можна будзе набыць на аўтазапраўках, — аптымістычна сцьвярджае спадар, які дагэтуль возіць на продаж салярку і цыгарэты. — Ужо зараз на многіх запраўках на Падляссі пачалі дабудоўваць супэр-маркеты, бо гандаль у крамах на заправачных станцыях, паводле новага закона, абмяжоўвацца ня будзе». — аўтарытэтна кажа спадар.

Насамрэч, польскія СМІ, як прыклад, пішуць пра гандлёвую сетку «Intermarché», якая валодае 63 супэр-маркетамі пры якіх пачалі адкрытывацца заправачныя станцыі. У прыватнасці, днямі такая запраўка адкрылася пры супэр-маркеце ў Раве Мазавецкай і супэр-маркет пры ёй працуе 7 дзён у тыдзень ад 6.00 да 22 гадзіны. Кіраўніцтва «Intermarché» запэўнівае кліентаў, што падобныя запраўкі будуць пашырацца па ўсёй Польшчы.

Гандлёвыя сеткі самі шукаюць выйсця

Да прыкладу, добра вядомая гандлёвая сетка «Biedronka» аб’явіла аб тым, што мае намер змяніць расклад працы. Плянуецца, што працоўны дзень у панядзелак будзе пачынацца праз 15 хвілін пасля поўначы. Тым часам нямецкая гандлёвая сетка Lidl падоўжыць працоўны дзень сваім работнікам у суботу да тае пары, каб самы запознены кліент мог набыць тавары ў іх крамах.

Гандаль не забаронены ў нядзелю на вакзалах і ў інтэрнэце

Многія палякі і беларускія пакупнікі задаюцца пытаннем — як будзе выглядаць праца крамаў, якія знаходзяцца ў адным будынку з вакзаламі? На гэтае пытанне пакуль няма адказу. Мая суразмоўніца, спадарыня Рэгіна, распавядае, што, да прыкладу, у Беластоку пры новым вакзале адчынена вялікая крама «Kaufland», а таксама шэраг буцікоў, якія месцяцца ў адным будынку з вакзалам.

«Там усё можна набыць, — распавядае спадарыня, — і ня трэба нават яшчэ-куды небудзь ехаць».

І ўрэшце, як высветлілася, ніхто не забараняў рабіць закупы праз інтэрнэт. Многія вытворцы пачалі адчыняць у гарадах адмысловыя месцы, дзе можна нават у нядзелю папросту прымерваць адзенне, альбо глядзець і выбіраць бытавую тэхніку і расплаціцца за яе набыццё з мабільнага тэлефона.

Аплаціўшы праз інтэрнэт магчыма такім чынам набываць і харчы, праўда, пры ўмове, што ў крамах іх будуць аддаваць не прадавачкі, а ахоўнікі крамы — гэта таксама не забараняецца.

Дарэчы, у новым польскім законе прадугледжаны і выключэнні. У нядзелю можа працаваць крама, дзе за прылаўкам будзе стаяць уладальнік гандлёвай кропкі. Таксама дазваляецца праца ў пякарнях, кандытарскіх, на аўтазаправачных станцыях, у кветкавых крамах, у паштовых аддзяленнях, на вакзалах і ў аэрапортах.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: