Раніцай 19 жніўня 1991 года дэпутаты Апазыцыі БНФ назвалі стварэнне ГКЧП спробай дзяржаўнага перавароту і заклікалі людзей выходзіць на вуліцы.

Дэпутаты Апазыцыі БНФ на мітынгу супраць ГКЧП, жнівень 1991 г.

 

Члены ГКЧП (расшыфроўваецца як «государственный комитет по чрезвычайнму положению») заявілі пра немагчымасць Гарбачова выконваць абавязкі прэзыдэнта СССР паводле стану здароўя і пра навядзенне парадку.

Было і шмат іншых словаў, але галоўнае было — захаванне СССР як імпэрыі і камуністычнай партыі як манапаліста ўлады. Гарбачоў з ягонай ідэяй «абноўленага саюзу» ўжо не задавальняў кіраўніцтва КДБ і ваенна-прамысловага комплексу. Генэралы ў пагонах і ў цывільным праглі аднаўленьня імпэрыі ў «сталінскім» варыянце і сталінскімі мэтадамі. Таму ў Маскву былі ўведзеныя танкі, а ў Менск на чыгуначную станцыю падагнаныя восем закратаваных вагонаў (ім здавалася, што восем хопіць на ўсіх).

Фотаздымак з газэты “Свабода”

 

У палітыцы інструмэнт — гэта слова. Важныя таксама — уменне сфармуляваць, талент дамаўляцца, здольнасць пераканаць. Праграмы, заявы, дэклярацыі, законапраекты — гэтага нязменнага, традыцыйнага прадукту палітычнай дзейнасці у краінах устойлівай дэмакратыі зусім дастаткова.

Але ў час, калі лёс нацыі апынаецца пад пагрозай — тады можа спатрэбіцца дзеянне фізычнае. І тады некалькі дзесяткаў людзей могуць пераламіць хаду гісторыі (нядаўні прыклад — рашучасць некалькіх сотняў людзей на кіеўскім Майдане 22-23 лютага).

І калі слушна, што шлях грамадзтва вызначае актыўная меншасць, дык у экстрэмальных сытуацыях ягоны лёс можа вызначыць дзеянне зусім невялікай групы асобаў. Прычым — не абавязкова з крывёю.

Калі казаць пра жнівеньскі путч 91-га, дык пераломным момантам была ноч з 20 на 21 жніўня ў Маскве — тады некалькі дзесяткаў тысяч чалавек атачылі «Белы дом», дзе знаходзіўся Ельцын з паплечнікамі, і менавіта гэта ўратавала расейскае кіраўніцтва: «Альфа» адмовілася ісьці на штурм, ацаніўшы патэнцыйную колькасьць ахвяраў мінімальна ў 3-5 тысяч.

У Маскве вырашаўся лёс дэмакратыі, а ў Менску — лёс беларускай Незалежнасці.

Дэпутат Апазыцыі БНФ С. Навумчык на плошчы, 24 жніўня 1991 г.

 

На заклік дэпутатаў БНФ у першы дзень путчу ў Менску на плошчу выйшла мо дзве сотні чалавек, але з кожным наступным днём людзей большала, 21 жніўня іх было ўжо некалькі тысяч. Яны прыходзілі да Дому ўраду, а ў самім Вярхоўным Савеце дэпутаты-фронтаўцы працягвалі патрабаваць склікаць нечарговую сэсію.

У выніку, на 24 жніўня на патрабаванне дэпутатаў Апазыцыя БНФ (далучыліся і іншыя дэпутаты — усяго мы сабралі 84 подпісы) была склікана надзвычайная сэсія Вярхоўнага Савету, якая на наступны дзень, 25 жніўня, абвясціла незалежнасць Беларусі.

Падкрэслю: склікаць сэсію нам удалося толькі праз ціск на членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савета, выяўляючы рашучасць — і ў сценах Дому ўраду, і на плошчы. Не было б гэтага ціску — не было б і сэсіі. Адпаведна, і Незалежнасьці не было б — у той час.

Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк і Вольга Галубовіч у першы дзень сэсіі Незалежнасьці

 

Але і сэсія сама па сабе яшчэ нічога не гарантавала: Прэзыдыюм (ад яго імя выступаў Станіслаў Шушкевіч) прапанаваў у парадак дня толькі два пытанні — «Аб цякучым моманце» і «Аб саюзным дагаворы»; наш пакет законапраектаў аб Незалежнасці (іх было больш за дваццаць) быў адкінуты.

Вось вынікі галасавання: за павестку дня Прэзыдыюму — 210 дэпутатаў.

За прапанову надаць Дэклярацыі аб незалежнасці статус канстытуцыйнай сілы, якую выносіў Пазьняк, — 161 голас. Для прыняцця рашэння трэба было 174.

Усе наступныя гадзіны сэсіі — ціск дэпутатаў БНФ, прамовы і з трыбуны, і ад мікрафонаў. Тое ж і з раніцы 25 жніўня. Камуністы выкручваюцца, заяўляюць, што не падтрымлівалі ГКЧП — мы з фактамі ловім іх на хлусні. Звяртаемся да менчукоў (мы дамагліся прамой радыётрансляцыі) з заклікам прыйсьці да Дому ўраду — там з раніцы было некалькі тысяч «фронтаўцаў». І людзі ўсё падыходзяць.

І вось тут адбыўся пераломны момант.

Да трыбуны пайшоў першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў, на той момант рэальны кіраўнік рэспублікі і адзін з найбольш адыёзных членаў Палітбюро ЦК КПСС, які патрабаваў увядзення надзвычайнага становішча і энэргічна падтрымаў ГКЧП. Малафееў ня быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, але як народны дэпутат СССР меў права ўдзелу ў сэсіі. Меў права і на выступ — у парадку чаргі. Але, выглядала, свае правы ён успрымаў як магчымасць беспадзельна валадарыць і ў Беларусі, і ў гэтай залі — ён, уздымаючыся з крэсла, зрабіў жэст у бок Дземяньцея (гэтак дырыжор падае сыгнал даўно зладжанаму аркестру) — і старшыня ВС з разуменнем заківаў галавой: так, так, калі ласка, на трыбуну.

Далейшае адбылося спантанна. Мы паўскоквалі са сваіх месцаў і пабеглі да трыбуны — Галіна Сямдзянава, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў, Мікола Крыжаноўскі, Віктар Ганчар, Іван Герасюк, Алесь Шут, Павал Холад, Яўген Глушкевіч, Сяргей Папкоў… (Мітусіўся Лукашэнка і ўгаворваў нас спыніцца — яго ня слухалі, на відэа гэта добра бачна). «Пайшоў вон!», «На месца!», «Бандыт!» — мы па-просту выштурхнулі Малафеева з трыбуны.

Дэпутатаў-камуністаў, сакратароў абкамаў і райкамаў, старшынь і намеснікаў рай- і аблвыканкамаў, генэралаў і палкоўнікаў, старшыняў калгасаў гэта прывяло у стан здраньцвення. Усемагутнага першага сакратара ЦК, які дзесяцігоддзямі ўспрымаўся намеснікам Бога на зямлі (а яны яшчэ памяталі Сьлюнькова, Машэрава, некаторыя і Мазурава) — сагналі, выкінулі, як школьніка-недарэку. Сьвет, які складаўся дзесяцігоддзямі, абрынаўся — у іх галовах.

Дземяньцей папрасіў абвясціць перапынак, у перапынку раіўся з членамі Прэзыдыюму: «Што рабіць?», і, калі праца сэсіі аднавілася, заявіў пра адстаўку. Людзі на плошчы сустрэлі гэта магутнымі воклічамі, якія, здавалася, даходзілі ў Авальную залю.

Камуністы былі псыхалягічна надломленыя і пачалі здаваць свае «бастыёны» адзін за другім. Вярнуліся да нашай прапановы аб Незалежнасьці. Тады і прагучала зусім нечаканая для парлямэнцкай большасці прамова Пазьняка, у якой лідэру БНФ удалося закрануць нейкія глыбінныя пачуцці. Гэта канчаткова павярнула сытуацыю — з прапановай «падтрымаць Пазьняка» выступілі Кебіч і кіраўнікі вобласцяў. І — у 20 гадзін 12 хвілінаў за Незалежнасць галасуюць 256 дэпутатаў, добрая палова з якіх за некалькі дзён да гэтага, 19 жніўня, пацірала рукі і гатовая была расправіцца з усімі, хто не падзяляў радасці ад абяцанай ГКЧП пэрспэктывы ўмацаваць імпэрыю ды «навесьці парадак».

Людзі вітаюць Незалежнасьць. Жнівень 1991 г.

 

25 жніўня 1991 году здзейснілася мэта пакаленняў беларусаў — іх Бацькаўшчына зрабілася незалежнай краінай. Прызнацца, спачатку я быў напісаў «ажыццявілася мара», і такая фармулёўка слушная, але — ня поўная. Бо можна мроіць і чакаць, пакуль «упадзе з неба», а можна — мець канкрэтную мэту і паслядоўна яе дамагацца. Дамагацца дзеяннямі. Хай бы нават гэтых дзеянняў спатрэбілася ня пяць і ня дзесяць, а высілкаў — не ад аднаго пакаленьня.

І тады непазбежна здарыцца так, што вашыя апанэнты атрымаюць зусім іншае, чым тое, на што разлічваюць.

Напрыклад, замест умацавання сваёй імпэрыі ды захопу іншых дзяржаў — некалькі незалежных дзяржаў на колішняй «сваёй» тэрыторыі. Як у жніўні 91-га.

Сергей Навумчык, Радыё Свабода

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...