Кіраўнік аддзелу інфармацыйнай бяспекі адной з буйных IT-кампаній пры ўмове ананімнасці расказаў Свабодзе, што стала з мабільнай сувяззю 25 сакавіка ў раёне Опэрнага тэатру паміж 12 і 19 гадзінамі. Спэцыяліст таксама быў у названы час у гэтым раёне і зазнаў нязручнасці на сабе.

Вежа мабільнай сувязі. Ілюстрацыйнае фота

 

«25 сакавіка ля Опэрнага была сувязь, але з вельмі нізкай хуткасцю, — кажа ён. — Час ад часу яна ўвогуле перарывалася. Як быццам трапляеш у яму».

Тое самае адбывалася з тысячамі мабільнікаў удзельнікаў свята і журналістаў, якія спрабавалі перадаваць інфармацыю і адсылаць фота ў свае рэдакцыі, а таксама весці жывую трансляцыю з месца святкаванняў. Не працавала нават адмысловае абсталяванне для трансляцый, разлічанае на слабы сыгнал.

Хуткасць мабільнага інтэрнэту падчас канцэрту ля Опэрнага 25 сакавіка 2018

 

«Вышкі адключаліся дыстанцыйна»

«Мабільная сувязь каля Опэрнага банальна глушылася адключэннем найбліжэйшых вышак, — кажа спэцыяліст. — Такая інфармацыя да мяне даходзіла. Людзі, якія працуюць у кампаніях — апэратарах мабільнай сувязі (калегі, так скажам), атрымалі заданне адключыць пэўныя пункты на пэўны час».

Паводле экспэрта, адключыць вышкі мабільнай сувязі ў Менску можна дыстанцыйна. Для гэтага ня трэба прыходзіць і выключаць на ёй рубільнік. Усё робіцца з офісу, праз кампутар. Адключаецца перадача дадзеных, пакідаецца толькі сувязь для кіравання абсталяваннем вышкі.

«Таксама існуюць тэхналёгіі, якія дазваляюць глушыць мабільную сувязь на пэўнай тэрыторыі без удзелу кампаніі-апэратара, — працягвае спэцыяліст. — Гэта дастаткова магутная апаратура. Аказвае ўздзеянне ня толькі на радыёхвалі пэўнай частаты, але і на прылады, якія працуюць на падобных, блізкіх частотах».

Па ацэнках праваабаронцаў на пляцоўцы ля Опэрнага адначасова знаходзілася каля 11 тысяч чалавек

 

На практыцы гэта азначае, што ў радыюсе некалькіх кварталаў пад уздзеяннем такога абсталявання будуць дрэнна працаваць тэлевізары, Wi-Fi і нават лядоўні. Таму для абмежавання магчымасці карыстацца мабільнымі тэлефонамі прасцей выкарыстаць варыянт з адключэннем вышак.

«Гэта больш практычны спосаб, — кажа экспэрт. — Варыянт з уласным абсталяваннем выкарыстоўваюць, калі сувязь трэба заглушыць хутка, гарантавана і бяз лішніх размоваў з прадстаўнікамі кампаніі-апэратара, на якія таксама патрэбен час. Альбо калі ўвогуле таемна гэта трэба зрабіць. Тады дастаткова аднаго грузавіка з апаратурай — і 2-3 кварталы будуць бяз сувязі».

Скаргаў на перабоі ў працы тэлевізараў і прыватных Wi-Fi-сетак у раёне Опэрнага 25 сакавіка не было. Затое гучалі меркаванні, што праблема з мабільнай сувяззю каля Опэрнага з’явілася праз вялікую колькасць людзей, што прыйшлі святкаваць 100-годдзе абвяшчэньня незалежнасці БНР. Экспэрт у галіне інфармацыйнай бяспекі ставіцца да такой вэрсіі скептычна.

«Колькасць людзей, якія збіраюцца ў адным месцы, таксама ўплывае на якасць мабільнай сувязі, — кажа спэцыяліст. — Павялічваецца нагрузка на перадатчыкі, і найбліжэйшыя да вялікай колькасці людзей вышкі не ўпраўляюцца з патокам дадзеных. Людзі звоняць, адсылаюць фота праз інтэрнэт, робяць стрымы. Аднак апэратары ўжо навучыліся гэта пераадольваць. Тэхналёгія QoS пераразмяркоўвае трафік паміж некалькімі пунктамі. Яна дазваляе бачыць, які кантэнт і па якім канале сувязі прапускаць, якія пункты найбольш загружаныя, а якія ня вельмі».

Па словах спэцыяліста, такія тэхналёгіі працуюць у аўтаматычным рэжыме. Умяшанне чалавека неабходнае толькі тады, калі нагрузка сапраўды гіганцкая.

«Апэратары даўно навучыліся спраўляцца з колькасцю чалавек і ў 5 тысяч у адным месцы, і ў 10 тысяч, — кажа экспэрт. — Пляцоўка ля Опэрнага для іх дакладна не праблема».

«Узламалі ня сам дрон, а пульт кіравання»

25 сакавіка ў раёне Опэрнага тэатру зніклі прынамсі два дроны, якія здымалі відэа для парталу TUT. BY і тэлеканалу «Белсат». Арганізатары канцэрту і мітынгу «Сьвята Незалежнасьці»  дапусцілі, што гэта адбылося праз хакерскую атаку.

«Дроны магчыма і перахапіць, і прымусова пасадзіць, — кажа спэцыяліст. — Усё залежыць ад мадэлі дрона, яго прашыўкі і абсталявання, якое працуе супраць дрона. Дроны старых мадэляў лёгка ўзламаць. Сучасныя складаней».

Па яго словах, шляхоў узлому беспілётнікаў два. Першы — узлом пульта кіраваньня дронам, другі — узлом самога дрона. Усё гэта робіцца на адлегласці, ніхто за плячыма не стаіць. Дастаткова 200–300 мэтраў. Ідэальна — зверху, аднак на роўнай пляцоўцы можна перахопліваць сыгналы з пульта і па гарызанталі.

«Сам дрон узломваюць, калі трэба перахапіць яго сыгнал, — кажа экспэрт. — Узломваецца дрон, блякуецца сыгнал, які ён дасылае на пульт кіравання. Затым яму дасылаюць свае сыгналы кіравання, якія дазваляюць пасадзіць беспілётнік побач з сабой».

У выпадку з узломам пульта кіравання ўсё нашмат прасцей і эфэктыўней. З дапамогай адмысловага абсталявання блякуюцца сыгналы, якія апэратар дрона дасылае на свой беспілётнік. Пасля гэтага квадракоптэр перастае «разумець», што яму рабіць, і спрабуе самастойна сесці ў бліжэйшым зручным месцы.

«У гэтым выпадку дрон можна паспрабаваць „падмануць“, — гаворыць спэцыяліст. — Трэба яго „пераканаць“, што пульт узломшчыка — гэта яго „родны“ пульт кіраваньня. Калі гэта ўдасца зрабіць, то таксама можна кіраваць узламаным дронам і пасадзіць яго там, дзе трэба ўзломшчыку».

Па словах экспэрта, атака на пульт кіравання дрона апраўданая для новых мадэляў беспілётнікаў. У першую чаргу таму, што яны маюць добра зашыфраваныя каналы сувязі з боку дрона, і іх пульт узламаць значна прасцей.

«У выпадку з тым дронам, які ўдалося ўратаваць 25 сакавіка, хутчэй за ўсё, была менавіта такая сытуацыя, — мяркуе спэцыяліст. — Узломшчыкам не ўдалося займець кантроль над самім дронам, яны здолелі ўзламаць толькі пульт. Пра гэта сведчыць і тое, што апэратар страціў сувязь са спадарожнікамі сыстэмы GPS. Сыгнал з іх ідзе менавіта на пульт кіравання, а потым ужо перадаецца на дрон».

Па словах спэцыяліста, сфатаграфаваная на даху «дома Чыжа» прылада вельмі нагадвае скіраваную Wi-Fi антэну, якую можна выкарыстоўваць у тым ліку для ўзлому пульта кіравання дрона.

«Такая антэна нагадвае тэлескоп, я сам імі карыстаўся, — кажа спэцыяліст. — Яны „б’юць“ нават на 5 кілямэтраў. На адлегласці 2 кілямэтры сыгнал увогуле выдатны».

Невядомая прылада на даху 25 сакавіка 2018

 

Прадстаўнікі мабільных апэратараў адмаўляюць адключэнне сувязі ў раёне Опэрнага тэатру з 12 да 19 гадзіны 25 сакавіка.

Па інфармацыі Свабоды, такія ж праблемы з сувяззю 25 сакавіка ўзніклі каля 11-й гадзіны ў раёне, дзе жыве Мікалай Статкевіч. Акурат у гэты час адбывалася затрыманне палітыка.

Па стане на 4 красавіка дроны, якія здымалі відэа для парталу TUT. BY і тэлеканалу «Белсат», уладальнікам не вярнулі. Яны звярнуліся з заявамі аб крадзяжы абсталявання ў міліцыю.

Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: