Заўсёднікі прапагандысцкай перадачы БТ выглядаюць песнярамі паліцэйшчыны і кепска ведаюць Канстытуцыю ўласнай краіны.

Клуб рэдактараў, прысвечаны папраўкам у беларускім законе аб СМІ

 

Амаль што не гляджу БТ (берагу сваё псіхічнае здароўе), але тут падказалі, што ў мінулую пятніцу ў “Клубе рэдактараў” на тэлеканале “Беларусь 1” паны ў студыі патапталіся па маім артыкуле, падрыхтаваным спецыяльна для “Народнай Волі” і надрукаваным 18 красавіка, пиша палітычны аглядальнік, медыя-эксперт Аляксандр Класкоўскі. Адмыслова паглядзеў запіс выпуску. Слухайце, якая дэмагогія! Нахабна падмяняюць тэзы, тэму дыскусіі, прыпісваюць апаненту тое, чаго ён не заяўляў, і потым бамбуюць за гэта прыпісанае.

Увогуле я напісаў у “Народнай Волі” пра тое, што папраўкі ў закон аб СМІ, на мой погляд, кепскія, што не варта гнаць коней, а трэба арганізаваць сапраўднае грамадскае абмеркаванне. З мяне ж зрабілі дэструктыўнага элемента. Сённяшні галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Дзмітрый Жук заявіў, што мара Класкоўскага – масавыя забурэнні. А кіраўнік “Сельской газеты” Сяргей Міховіч – што для такіх, як я, чым горай, тым лепей.

Былы ж старшыня Белтэлерадыёкампаніі, а цяпер лідар праўладнай “Белай Русі” Генадзь Давыдзька рытарычна спытаўся: а з якой гэта ласкі дзяржава ўвогуле павінна “цацкацца” з масавымі пратэстамі?

Што ж, хоць не я навязваю гэту тэму (і ўвогуле не аднойчы заяўляў у сваіх каментарыях, што не з’яўляюся прыхільнікам рэвалюцый, гвалту), але калі ўжо на тое, то патлумачу.

Дзяржава, пан Давыдзька, мусіць цацкацца з грамадзянамі, у тым ліку абуранымі, таму, што дзяржава – гэта не святая карова, гэта толькі апарат чыноўнікаў, а вось шматтысячныя маніфестацыі – гэта народ. Чыноўнікаў і сам кіраўнік дзяржавы мяняе як пальчаткі. Сёння вы надзімаецеся ад важнасці, а заўтра можаце, як кажа прэзідэнт, з мятлой пайсці. Народ жа, паводле нашай Канстытуцыі, з’яўляецца адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў Беларусі. Яе грамадзянам Асноўны закон гарантуе свабоду мірных сходаў, мітынгаў, шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання.

Падобнае запісана і ў канстытуцыях іншых краін. І калі аўтарытарная ўлада доўга ігнаруе правы ды свабоды грамадзян, то можа адбыцца тое, што мы бачылі ва Украіне падчас майданаў або ў гэтыя дні ў Арменіі, дзе супраць упартага чапляння за ўладу абрыдлага дзеяча выйшлі пратэставаць сотні тысяч – і ўрэшце дамагліся, што прэм’ер Серж Саргсян падаў у адстаўку. Хто не цацкаецца з народам, а робіць стаўку на дручок, той моцна рызыкуе калі-небудзь нарвацца.

Так што хада вашых думак, пан Давыдзька, няправільная. Не на мове застрашвання і дручкоў трэба з народам размаўляць. Наадварот, варта было б дэмакратызаваць закон аб масавых мерапрыемствах, а не абкладаць іх ініцыятараў чырвонымі сцяжкамі з усіх бакоў, як гэта робіцца ў нас.

Чытайце па тэме:  Уладзімір Някляеў: Яны думаюць, што любога можна зламаць…

Яшчэ важней дэмакратызаваць Выбарчы кодэкс, вярнуць празрыстыя канкурэнтныя выбары, бо народ выходзіць на вуліцы найчасцей там, дзе няма магчымасці змяніць уладу праз электаральны механізм. Ён жа ў нас даўно заблакіраваны ржавым ломам. Смеху варта, што баяцца прапісаць у законе ці пастанове Цэнтрвыбаркама, каб пры падліку галасоў паказваўся кожны бюлетэнь, як гэта даўно робіцца нават у адсталых краінах Афрыкі.

Дык вось, пан Жук, я не мару пра забурэнні, я абедзвюма рукамі за мірную трансфармацыю Беларусі. Але, каб не было рэвалюцый, трэба ладзіць даўно наспелыя рэформы і ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў медыйнай сферы таксама. Іншая рэч, што тады дзяржаўным медыямонстрам не застанецца месца, яны прайграюць канкурэнцыю на ́ сумленным медыйным рынку. Яны ўжо сёння прайграюць ́ незалежным рэсурсам у Сеціве, таму чыноўнікі і хочуць гэтыя рэсурсы закілзаць папраўкамі ў закон аб СМІ.

Праўда, яшчэ адзін удзельнік “Клуба рэдактараў” – кіраўнік тэлеканала СТБ, былы першы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі запэўніваў, што папраўкі – мяккія. Але ж я ставіў пытанне больш прынцыпова: чаму ў дэмакратычных краінах (той жа суседняй Польшчы) няма рэгістрацыі нават друкаваных СМІ (хочаш – бяры і выпускай), а ў нас гэты бюракратычны фільтр з мноствам надуманых умоў (мець статус юрыдычнай асобы, рэдактару – пяць гадоў кіроўнага стажу ў СМІ) зараз хочуць накінуць і інтэрнэт- рэсурсам? Чаму мы рухаемся не следам за развітымі краінамі, а ў процілеглы бок? Чыноўнікі цвердзяць: гарманізуем заканадаўства ў межах ЕАЭС. Брава, знайшлі светачаў дэмакратыі: Казахстан, дзе інтэрнэт заціснуты ў разы мацней, чым у нас; Расію, улады якой цяпер тупа ваююць з месенджарам Telegram, валячы мноства ні ў чым не вінаватых сайтаў ды веб-сэрвісаў. Чаму беларускія ўлады, ківаючы на сусветны досвед, бяруць з яго толькі самы жорсткі інструментарый?

Яшчэ было пацешна, калі паны ў студыі сталі палохаць  народ, што калі медыі стануць прыватнымі, як хоча Класкоўскі (хоць я казаў пра раздзяржаўленне, а гэта не адно і тое ж), то давядзецца ўводзіць на іх новы падатак (як у гнілой Брытаніі на Бі-Бі- Сі). Што з’явіцца яшчэ адзін радок у жыроўках няшчасных бабулек.

Во як: страшаць падаткам на Бі-Бі-Сі (гэта, між іншым, не прыватная, а грамадская медыйная арганізацыя), але маўчаць, колькі ў нас ідзе з бюджэту на дзяржаўныя СМІ. Дык Бі-Бі-Сі ж якасны прадукт дае, а яны? “Продукт вторичный”, калі згадаць антыўтопію Вайновіча.

Чытайце па тэме:  Кіраўнік БТ прапанаваў прыгадаць пра Кайзэра і Гітлера на 100-годдзе БНР

У заходніх краінах вядзе рэй менавіта грамадскае тэлебачанне, на якім пануе плюралізм меркаванняў, вытрымліваюцца салідныя эфірныя квоты для апазіцыі. Дзе такое ТБ у нас? Няма і напамінку. На Бі-Бі-Сі даюць узважаную інфармацыю і збалансаваныя каментарыі, а не гоняць прапагандос і хлусню. Вось вы кажаце, што трэба ліквідаваць ананімнасць у Сеціве, каб змагацца з фэйкамі і паклёпамі. А хто адкажа за леташнія пасквілі ў дзяржСМІ супраць фігурантаў справы “Белага легіёна”, якая потым ганебна рассыпалася?

Між тым у нас няшчасным бюджэтнікам выкручваюць рукі, каб падпісваліся на дзяржаўную прэсу. Пры гэтым пан Жук у адным з выпускаў той самай перадачы заявіў: калі “дзяржава прасоўвае менавіта свае выданні”, то гэта нармальна, “людзям, нанятым на працу дзяржавай, карысна чытаць дзяржаўную прэсу”.

Карацей, калі вас гвалтуюць прымусовай падпіскай, расслабцеся і атрымлівайце задавальненне. Вы ж, як любяць паўтараць беларускія чыноўнікі, “государевы люди”.

Панове, ачухайцеся! На двары трэцяе тысячагоддзе, калі дзяржаўная прэса – анахранізм. У большасці дэмакратычных краін яе ўвогуле няма. Прайшоў час бальшавіцкіх “органаў”. Забудзьцеся на зазубраную некалі працу Леніна “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура”. Лепей, зноў жа, зазірніце ў Канстытуцыю, якая забараняе манапалізацыю СМІ дзяржавай.

Што ж да народных грошай, то, калі вы надта сціплыя, скажу за вас: у сёлетнім рэспубліканскім бюджэце на дзяржаўныя СМІ выдзелена 112,9 млн рублёў (значна болей, чым летась: дзе ж ваша самаакупнасць?). І гэта без уліку той падтрымкі, што ідзе з мясцовых бюджэтаў рэгіянальным медыям, а з бюджэтаў міністэрстваў – ведамаснаму друку. У ліку тых, хто атрымлівае казённае фінансаванне, фігуруе і рэдакцыя “Советской Белоруссии”. Бедненькія… Пры гэтым недзяржаўныя медыі з бюджэту не атрымліваюць ні капейкі. Вось вам і дэклараваныя той жа Канстытуцыяй роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці. Як у Оруэла: ёсць роўныя і ёсць раўнейшыя.

Зрэшты, недзяржаўная прэса і не лезе да казённага карыта. Адно пажаданне: каб не душылі, далі нармальна працаваць. Але ж душаць, у тым ліку і драконаўскімі папраўкамі ў закон аб СМІ. Гэта ўжо не першая іх нізка, закону цішком зрабілі рэпрэсіўны апгрэйд напрыканцы 2014 года. Ужо тады Мінінфарм атрымаў паўнамоцтвы блакіраваць сайты без папярэджання і без суда. Цяпер хочуць душыць ямчэй.

У сваім папярэднім артыкуле я зважаў менавіта на тое, што пазасудовы парадак блакіравання веб-рэсурсаў не адпавядае прынцыпам прававой дзяржавы (калі вы ўжо такія дзяржаўнікі), заклікаў да шырокага грамадскага абмеркавання новай рэдакцыі закона аб СМІ. Але ж праект ужо пракруцілі праз Палату прадстаўнікоў у першым чытанні, праігнараваўшы прапановы Беларускай асацыяцыі журналістаў, дэпутата Ганны Канапацкай. Мала шанцаў, што іх прынцыповыя заўвагі будуць улічаны пры другім чытанні, якое не прадугледжвае канцэптуальных правак. Што ж вы наконт гэтага маўчыцё, як мыла з’еўшы?

Чытайце па тэме:  Вялікі гісторык Генадзь Давыдзька

Увогуле такое ўражанне, што заўсёднікі “Клуба рэдактараў” не ведаюць нават жыцця суседніх краін ЕС. Давыдзька даводзіў: у нас жа і нумар мабільнага па пашпарце даюць, так што няма нічога страшнага і ў ідэнтыфікацыі інтэрнэт-каментатараў. Ды выедзьце вы хоць у Вільнюс: там сімку купіце ў любым шапіку без аніякага пашпарта. І неяк жа не развалілася літоўская дзяржава. А пан Жук праводзіў думку, што за намі і так могуць няспынна сачыць: праз тыя ж мабільнікі, плацежныя карткі, таму, маўляў, калі сачэння дадасца – такой бяды. Карацей, перадача ператварылася ў апафеоз паліцэйскай дзяржавы.

Так, ва ўсім свеце спецслужбы маюць пэўныя паўнамоцтвы, інструменты і прававыя падставы для сачэння, каб змагацца з тэрарызмам, напрыклад. Але ж у дэмакратычных краінах спецслужбы пастаўлены пад моцны грамадзянскі кантроль, у нас жа гэтага і блізка няма (пра што вялікае начальства кажа нават з гонарам). І ў нас спецслужбы, увогуле сілавыя структуры напоўніцу выкарыстоўваюцца менавіта ў палітычных мэтах, дзеля барацьбы з апанентамі цяперашняй уладнай групоўкі.

З іншага боку, ва ўсім свеце прэса адстойвае свабоду, бо аматараў яе прыдушыць усюды багата. І толькі ў нас персоны з медыйнага кіраўніцтва выступаюць песнярамі заціскання гаек. Дык ці прэса гэта ўвогуле? Болей падобна на тое, што дзяржаўніцтвам пэўныя персанажы прыкрываюць банальную сервільнасць. Адно што ўдзячны панам з “Клуба рэдактараў” за рэкламу маёй творчасці. Галоўрэд “СБ” сказаў, што не памятае, каб Класкоўскі напісаў пазітыўны аналіз, піша, маўляў, адзін негатыў.

Што праўда, то праўда: няма ў мяне ні каліва сімпатый да сістэмы, пры якой вядуць рэй некаторыя цемрашалы, што выдаюць сваю дрымучасць ды лёкайства за дзяржаўніцтва. А гэта сістэма ў нас трывае, на жаль, даўно. І баюся, што яна надоўга. А як дажыву, то буду рады адрэагаваць пазітыўным артыкулам, калі час абскурантаў скончыцца.

Калі ж коратка рэзюмаваць маю сціплую рэцэнзію на “Клуб рэдактараў”, то вашы перадачы, панове, – гэта, як кажа моладзь у інтэрнэце, вынас мозгу, адстой і днішча.

Аляксандр Класкоўскі, Народная Воля

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: