Трэці дзень ні ежы, ні кавы ці гарбаты. Пад пад’ездам – ​​карэта хуткай дапамогі. Звычайная кватэра ў Калінкавічах – другая кропка на мапе Беларусі, дзе галадаюць маці асуджаных па “наркаманскім” артыкуле 328 КК.

spring96.org

 

Удзельніцы бестэрміновай галадоўкі патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Яны перакананыя, што справы “за наркотыкі” ў Беларусі папросту фабрыкуюцца, і хочуць расказаць пра гэта. Іх падтрымліваюць “мамы 328”, якія галадаюць у прыватным доме ў вёсцы пад Мінскам. Удзельніцы другой галадоўкі паставілі палаткі проста на агародзе – і таксама патрабуюць сустрэчы з Лукашэнкам, нагадвае Еўрарадыё.

Старэйшай з шасці мам, якія гладаюць у Калінкавічах, – 66 гадоў. 28 красавіка ў яе падняўся ціск, давялося зрабіць укол. Падрыхтоўка і першыя дні галадоўкі даліся нялёгка ўсім: звальненне з працы, візіт міліцыі, выклік у пракуратуру… Але нават абяцаньні старшыні райвыканкама не пераканалі галадоўніц накрыць на стол.

“Плакала, прасіла прабачэння, але ёй давялося адмовіцца нас прыняць”

“Мы збіраліся праводзіць галадоўку ў Буда-Кашалёва, – прыгадвае адна з удзельніц акцыі Ліяна Шуба. – Але там пачалі ціснуць на гаспадыню дома. Выклікалі ў пракуратуру, распавялі, чым ёй пагражае прадастаўленне памяшкання для несанкцыянаванага мерапрыемства і магчымасці працы неакрэдытаваных СМІ. У яе малодшы сын пад наглядам, пагражалі адправіць яго за краты. Зразумела, што дзіця даражэй за ўсё. Яна плакала, прасіла прабачэння, але ёй давялося адмовіцца нас прыняць”.

Арганізатарам прыйшлося думаць над новым месцам. Спыніліся на кватэры ў Калінкавічах, дзе жыве яшчэ адна “мама 328”. Каб не было праблем, схадзілі ў Гомельскі гарвыканкам і папрасілі афіцыйнага дазволу – пакінулі заяўку на правядзенне калектыўнай галадоўкі. Там адмовілі.

Чытайце па тэме:  Рак забівае 180 тыс. беларусаў штогод

“27 красавіка мы сабраліся, – працягвае Ліяна Шуба. – Не паспелі прыехаць і паведаміць журналістам адрас, як прыйшлі міліцыянты, уручылі гаспадыні кватэры позву з’віцца ў пракуратуру з тлумачэннямі. Мы спыталіся, што за тлумачэнні. Нам адказалі, што яна прадастаўляе памяшканне для несанкцыянаванага мерапрыемства. Потым нас наведаў дырэктар школы, размешчанай у гэтым раёне, нібыта па сігнале, што тут знаходзяцца непаўналетнія дзеці без нагляду. Так, у дачкі гаспадыні кватэры ёсць сын – дырэктар школы пераканаўся, што непаўнагадовае дзіця знаходзіцца разам з мамай і бабуляй і, у дадатак, не вучыцца ў яго.

На гэтым візіты не скончыліся. Пераканацца ў тым, што дзіця пад наглядам, прыйшлі з садка, дзе працуе дачка гаспадыні. Сказалі, што атрымалі сігнал з інспекцыі па справах непаўналетніх. Вось так на нас ціснуць. І гэта не ўсё: Таццяну Канеўскую, якая прыдумала гэтую акцыю, папрасілі напісаць заяву аб сыходзе з працы. Хіба гэта сумленна? Мы не патрабуем нічога невыканальнага. Напрыклад, я лічу, што гэта няправільна, калі за кантрабанду 300 кілаграмаў наркотыкаў даюць меншы тэрмін, чым за продаж 20 грамаў марыхуаны. Нешта ў нас не так – трэба ўсё гэта адрэгуляваць”.

“Паедзем на сустрэчу з чыноўнікамі, не спыняючы галадоўкі”

Галадоўніцы не паспявалі адкрываць і закрываць дзверы перад “гасцямі”. 27 красавіка каля 21:00 у кватэру зноў прыйшлі. Так пачаліся перамовы са старшынём Калінкавіцкага райвыканкама Сяргеем Цвіком і старшынём раённага Савета дэпутатаў Віктарам Замосцікам.

Чытайце па тэме:  Экс-глава охраны Трампа рассказал о «неприличном» предложении от русских

“Яны захацелі з намі пазнаёміцца, даведацца, хто мы і што тут робім, – патлумачыла ўдзельніца галадоўкі. – Перад намі нават папрасілі прабачэння! Я так зразумела, іх задача была выступіць у якасці міратворцаў, для спынення канфлікту. Яны агучылі, што кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава гатовая нас прыняць 2 траўня. Мы адказалі, што Адміністрацыя прэзідэнта не з’яўляецца органам, які валодае заканадаўчай ініцыятывай.

А мы патрабуем змены заканадаўства і перагляду крымінальных справаў па артыкуле 328. Старшыня выканкама доўга спрабаваў пераканаць нас, што трэба пайсці насустрач уладам, выслухаць іх прапановы, знайсці нейкі кампраміс. Мы вылучылі сустрэчнае патрабаванне, каб на гэтай сустрэчы прысутнічалі кіраўнікі ўсіх зацікаўленых ведамстваў, у якіх ёсць права заканадаўчай ініцыятывы і якія будуць ўзгадняць законапраект па змене артыкула 328. Толькі пры гэтай умове мы паедзем у Адміністрацыю прэзідэнта на сустрэчу з чыноўнікамі. Не спыняючы галадоўкі”.

Маці асуджаных папрасілі даць ім транспарт, бо 2 траўня – гэта будзе ўжо шосты дзень галадоўкі. Старшыні раённага Савета дэпутатаў ўручылі спіс чыноўнікаў, якіх жанчыны хочуць бачыць на сустрэчы, а таксама спіс журналістаў, якіх просяць суправаджаць іх у паездцы. Ён паабяцаў даць адказ на наступны дзень.

Абяцанне стрымаў і прыйшоў каля 17:00 28 красавіка. Патлумачыў, што маці чакаюць у АП, спіс перададзены, але каго канкрэтна запросіць на сустрэчу Качанава, адказаць пакуль не можа. І з транспартам у Беларусі бяда: дабірацца давядзецца самім.

Чытайце па тэме:  Магілёўскім галадоўніцам выклікалі хуткую дапамогу

Мамы прынялі запрашэнне ў Адміністрацыю прэзідэнта. “Калі па выніках сустрэчы нам выразна не скажуць, што – так, будуць перагледжаныя крымінальныя справы, будзе створаная для гэтага камісія, створаны законапраект па змене артыкула 328, дык мы вернемся назад і працягнем галадоўку”, – абяцаюць у Калінкавічах.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: