Еўрарадыё стала вядома пра яшчэ адну трагедыю, якая адбылася ў той жа часці №43064 і нават у той жа 3-й роце, дзе служыў (і быў знойдзены павешаным) пінчук Аляксандр Коржыч. 2 верасня 2016 года 22-гадовы Ігар Трапец са Століна страціў вока падчас танкавых стрэльбаў.

Ігар Трапец да таго, як трапіў у войска. Фота з ВК.

 

Два месяцы хлопец праляжаў у вайсковым шпіталі, а пасля атрымаў інваліднасць. Але справу атрымалася замяць — здарэнне прадставілі як няшчасны выпадак, а паказанні супраць хлопца далі не толькі яго камандзіры, але нават салдат, які знаходзіўся з ім у адным танку.

У гісторыі Ігара ёсць і дзедаўшчына, і трагічны збег абставін. Але самае галоўнае — камандзіры, пры якіх адбылося здарэнне, засталіся служыць у войску. Пагоны захавалі прапаршчык Артур Вірбал, камандзір роты Павел Сукавенка і начальнік 3-й школы Аляксандр Чарноў.

Праз год служыць у Печы трапіў 21-гадовы Аляксандр Коржыч. Хто ведае, ці знайшлі б яго ў пятлі, калі б кіраўніцтва Міністэрства абароны своечасова адрэагавала на няшчасце, што адбылося з Ігарам Трапцом, і пакарала вінаватых.

Печы, дзе “няма” дзедаўшчыны

Ігар Трапец не збіраўся служыць у войску. Ён скончыў індустрыяльна-педагагічны каледж у Пінску і працаваў майстрам па зварцы ў прафесійным ліцэі №9 у Магілёве. Адзін прызыў хлопец прапусціў, бо важыў менш, чым мусіў. Але з другога разу, нягледзячы на тое, што недавес захаваўся, яго ўсё ж прызвалі ў войска.

“Я мусіў ехаць у частку ў Слонім, але чамусьці нас накіравалі ў вучэбку ў Печы, — распавядае Ігар Трапец. — Спачатку мы праходзілі курс маладога байца пад кіраўніцтвам афіцэраў са Слоніма. Ніякіх прэтэнзій да іх, служба ішла лёгка, усё падабалася. А пасля КМБ нас размеркавалі па навучальных ротах. Я быў у 3-й школе і трапіў у 3-цю танкавую роту”.

Менавіта ў гэтую роту праз год, у веснавы прызыў 2017 года размеркавалі служыць пінчука Аляксандра Коржыча.

“Пра каго вам распавесці першым? Быў у нас такі прапаршчык — [Артур] Вірбал. Чалавек запальчывы, — кажа хлопец. — Напазычаў у салдатаў грошай — 2 мільёны рублёў старымі. Пасля таго, як я вярнуўся са шпіталя і камісаваўся, я звязваўся са сваімі таварышамі па службе, і даведаўся, што грошы ён ім так і не вярнуў”.

Чытайце па тэме:  Друзья погибшего в Печах солдата не верят в самоубийство

Але на Вірбала ніхто не паскардзіўся — і ніякай адказнасці за ўчынак ён не панёс. На момант, калі ў часці №43064 загінуў Саша Коржыч, ён так і заставаўся прапаршчыкам 3-й роты. У ліпені 2017 года сябры Коржыча злавілі яго на тым, што ён завалодаў банкаўскай картай салдата і здымаў з яе грошы ў навакольных банкаматах. Цяпер Следчы камітэт падазрае Артура Вірбала ў махлярстве, прапаршчык затрыманы.
“Былі ў нас таксама два сяржанты. Адзін — нармальны, а другі — з Мінскай вобласці, на “гражданцы” быў трактарыстам, — працягвае Ігар Трапец. — Аматар забраць сабе ўсё смачнае з прадуктаў, якія табе прывезлі ў дзень для наведванняў, і ты нясеш у частку, каб пачаставаць тых, хто жыве далёка, і для каго не прыехалі. Ніхто з начальства ўвагі на гэта не звяртаў”.

Гэтыя двое сяржантаў увосень пайшлі на “дэмбель”. Замест іх кіраваць аддзяленнямі ў роце сталі Яўген Бараноўскі і Ягор Скуратовіч. Абодва яны пасля смерці Сашы Коржыча былі затрыманыя СК па падазрэнні ў нестатутных адносінах.

Ігар Трапец на працы ў Магілёве. Фота з ВК

 

Ён кажа: “Скажаш, што сам падлез”

2 верасня 2016 года Ігар Трапец атрымаў траўму, якая змяніла ўсё яго жыццё:

“Гэта былі танкавыя стрэльбы. Я сядзеў “на наводчыку”. Заняткі вёў лейтэнант Віктар Санюк. Паступіў негалосны загад адстрэльваць усе боепрыпасы. Хто ўсе не адстрэльваў, на вышцы атрымлівалі па галаве. Ведаеце, ёсць у амуніцыі падсумак. Туды кладуцца салдацкія “панчохі” з агульнавайскавога абарончага камплекта. І ім па галаве пару разоў.

Танк стаяў у акопе. Мы карысталіся тады ўкладным ствалом — такой прыладай, каб страляць снарадамі меншага калібру. Штука гэта не вельмі ўдалая, клініць пасля кожнага стрэлу. Мой таварыш далажыў, што мы зробім яшчэ адзін стрэл. А калі я нахіліўся, каб нанова ўзвесці пушку, механік пачаў выязджаць з акопа, і ўся вага пушкі мне прыйшлася ў вобласць правага вока. Усё было паламанае”.

Чытайце па тэме:  Алег Волчак: Бацькі павінны мець права прасіць аб пераводзе іхных сыноў з Печаў у іншую частку

Ігара перабінтавалі і завезлі ў медроту ў Печах, але доктар, які прыйшоў яго агледзець, сказаў, што зрабіць нічога не зможа. Хлопец увесь час быў у свядомасці.

“Прыйшоў Сукавенка [Павел Сукавенка, камандзір 3-й роты, на той момант — лейтэнант. — Еўрарадыё], запытаўся, як я. Я кажу: “Нармальна”. Ён кажа: “Скажаш, што сам падлез”. Я кіўнуў, але пасля не стаў казаць, што вінаваты сам, бо атрымаў траўму, калі выконваў загад. Мяне перавезлі ў Вайсковы шпіталь у Мінску, на тры дні паклалі ў рэанімацыю. Пасля перавялі ў афтальмалогію. Агулам у шпіталі я праляжаў роўна два месяцы”.

Павел Сукавенка пасля гэтага выпадку на стрэльбах не проста працягнуў служыць у Печах, але і менш чым праз год атрымаў яшчэ адну зорачку на пагоны. Пасля смерці Аляксандра Коржыча старшы лейтэнант Сукавенка быў затрыманы. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства па ч.3 арт. 455 — “Бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы”.

Аднойчы, калі Ігар яшчэ быў у шпіталі, да яго завіталі ўжо знаёмы нам лейтэнант Санюк і маёр Вадзім Даніленка, намеснік начальніка 3-й школы па ідэалагічнай рабоце. Яны папрасілі хлопца напісаць тлумачальную.

Маёр Вадзім Даніленка. Фота: edinstvo.by

 

“Я даў тлумачэнні, але нашы з Санюком версіі разышліся. Тады яны сказалі мне, што хлопец, які быў са мной у адным танку, таксама напісаў тлумачальную, і ў ёй звінаваціў ва ўсім мяне”, — працягвае Ігар Трапец.

Пакуль хлопец ляжаў у шпіталі, яго маці напісала на імя міністра абароны ліст пра тое, што танк, на якім адбыўся няшчасны выпадак, быў няспраўны. “Таварышы па службе распавялі мне, што ў часць прыязджала праверка. Але ў танк ніхто нават не заглядваў, той укладны ствол ніхто не глядзеў. Правяраючы проста запытаўся ў прапаршчыка, як такое магло адбыцца. Той яму распавёў. Вось і ўся экспертыза”.

Чытайце па тэме:  "Остановилось сердце". Ещё одна смерть срочника в Печах

“Як жыву? На пенсію па інваліднасці”

У выніку хлопец страціў зрок на правае вока. З войска яго камісавалі. У студзені 2017 года мама Ігара зноў напісала міністру абароны. Ёй прыйшоў адказ: справа закрытая, уся віна за здарэнне ўскладзеная на салдата.

“У выніку я атрымаў інваліднасць. Выплаты — ніякай. Тое, што я вучыўся чатыры гады — па спецыяльнасці працаваць не магу. Як жыву? На пенсію. Хацеў з майстроў перакваліфікавацца ў выкладчыкі, выкладаць тэорыю, але сказалі, таксама нельга. А ў нас тут працы няма. Тым больш, што цяжкая праца мне забароненая. Магу працаваць седзячы: нешта пісаць, запаўняць. Але тут такой працы няма”.

Да войска Ігар сустракаўся з дзяўчынай. Ён кажа, што яна дачакалася яго вяртання. Але неўзабаве яны ўсё ж разышліся.

“Мама спрабавала дамагчыся праўды. Зноў пісала міністру — атрымлівала адпіскі. Звярталася ў Камітэт салдацкіх маці — безвынікова. Наколькі я ведаю, у часці ніхто не быў сур’ёзна пакараны. Лейтэнанта Санюка перавялі ў іншую роту і некалькі месяцаў утрымлівалі грошы. Але не на маю карысць — я ад іх не атрымаў нічога”, — падсумоўвае Ігар.

Хлопец збіраецца звярнуцца ў Следчы камітэт, каб абставіны яго справы былі вывучаныя нанова, і тыя, каго ён лічыць вінаватымі ў сваім калецтве, былі пакараныя.

…На шосты дзень пасля таго, як 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвале будынка медыцынскай роты, Міністэрства абароны знайшло ў сабе сілы пракаментаваць яго загадкавую гібель. Кіраўнік прэс-службы ведамства Уладзімір Макараў тады асабліва падкрэсліў, што “гэта першы выпадак самагубства ў Печах у гэтым годзе”.

Пакінем у баку тое, што Макараў не меў права сцвярджаць, што Коржыч скончыў жыццё самагубствам, бо следчыя дагэтуль не высветлілі ўсе абставіны здарэння, і нават цяпер яшчэ распрацоўваюць тры версіі смерці салдата. Важнае іншае: сцвярджаючы пра “першы выпадак”, Макараў быццам бы ўпэўнівае нас, што тое, што адбылося, — выключэнне. Але іншыя няшчасныя выпадкі, якія адбыліся ў Печах, сведчаць пра адваротнае.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.