З канца 2018 года на паліцы беларускіх крамаў пачало трапляць печыва прадпрыемства «Тор» (ранейшая назва – «Конти») з падкантрольнага баевікам “ДНР” Данецку. «Конти» лічыцца адной з самых буйных кандытарскіх кампаніяў на постсавецкай прасторы, яе ўладальнікам з’яўляецца віцэ-прэмʼер Украіны часоў прэзідэнцтва Януковіча Барыс Калеснікаў. Belsat.eu высвятляў як кантрабанда з ДНР трапляе ў Беларусь і хто гэтым займаецца.

Барыс Калеснікаў. Фота – ITAR-TASS / Konstantin Sazonchik

 

Першымі на з’яўленне ў Беларусі прадукцыі з “ДНР” звярнулі ўвагу журналісты «Аб’ектыву» яшчэ ў студзені. Печыва «Лугавое» прадавалася ў сетцы гіпердыскаўнтэраў «Капілка», што належыць прыватнай кампаніі «Баніар» (яна таксама валодае супермаркетамі BIGZZ). Пазней карыстальнікі сацыяльных сетак знайшлі данецкае печыва «MixFruit» і ў дзяржаўнае сетцы крамаў «Веста» у горадзе Барысаў.

Belsat.eu ужо некалькі гадоў расследуе гандлёвыя сувязі Беларусі з “ДНР” і “ЛНР”, аднак упершыню мы сутыкнуліся не з экспартам на падкантрольныя баевікам тэрыторыі, а з імпартам. Як гэта стала магчымым?

«Мы ў гэтыя гульні не гуляем»

У гіпердыскаўнтэры «Капілка» журналіст belsat.eu знайшоў два віды печыва з “ДНР”: «Лугавое» з апельсінам і «Лугавое» з малаком. На этыкетцы пазначаны дадзеныя вытворцы і месца вытворчасці: ДП «Тор» Данецк і Горлаўка. Упаўнаважаны вытворцам імпарцёр у Беларусь – сумеснае таварыства з абмежаванаю адказнасцю (СТАА) «Белвінгруп».

«Белвінгруп» – адна з самых паспяховых прыватных кампаніяў на алкагольным рынку Беларусі. Фірма мае дзяржаўную ліцэнзію на імпарт алкаголю, а таксама з’яўляецца афіцыйным дыстрыб’ютарам замежных алкагольных брэндаў у Беларусі. Кампанія ўваходзіць у холдынг Garsia Group, якому належыць сетка алкагольных крамаў «Wine&Spirits» ды «Гарсія», а таксама гандлёвая марка «Сябры». Навошта кампаніі з добрай рэпутацыяй спатрэбілася вазіць у Беларусь печыва з ахопленага вайною рэгіёну?

Офіс кампаніі «Белвінгруп»

 

Мы звязаліся з саўладальнікам групы кампаніяў Garsia Group Сяргеем Цюшкевічам. Бізнесовец заявіў: ён упершыню чуе пра тое, што ягоная кампанія працуе з Данецкам, паабяцаў высветліць усе абставіны і пасля гэтага даць belsat.eu разгорнуты каментар. На наступны дзень Сяргей Цюшкевіч распавёў, што «Белвінгруп» сапраўды са снежня 2018 года пастаўляе ў Беларусь каля пяці тонаў печыва гандлёвай маркі «Кариба» (належыць ДП «Тор») штомесяц. Аднак фірма мае кантракт з расейскай кампаніяй і бізнесовец быў вельмі здзіўлены, даведаўшыся, што печыва выраблялася ў так званай “ДНР”. Цюшкевіч назваў гэтую сітуацыю «прыкрым непаразуменнем, якое мы, вядома, выправім».

– Існуе прадстаўніцтва кампаніі «Конти» у Расейскай Федэрацыі. Гэтае прадстаўніцтва і прадае нам печыва. Я ўпершыню ад вас пачуў, што яно вырабляецца на Данбасе.

– То бок вы працуеце з Барысам Калеснікавым?

– Мы з ім не знаёмы. Я нават не ведаю, хто там уладальнік і каго яны падтрымліваюць! Мы мелі зносіны толькі з менеджарам па экспарту.

– Пасля таго, што высветлілася, ці збіраецеся вы скасаваць гэтую супрацу?

– Натуральна, мы скасуем супрацу. Да нас прыходзіць шмат прапановаў – маўляў, прадайце нешта ў ДНР. Але мы заўсёды адмаўляліся. Мы ў гэтыя гульні не гуляем. Наша задача – быць падалей ад палітыкі.

Печыва з ДНР, што продаецца ў Беларусі

 

Бізнес пад прыкрыццём

Галоўным уласнікам кандытарскай кампаніі «Конти» з’яўляецца Барыс Калеснікаў. Холдынг «Конти» уключае ў сябе заводы ў Данецку, Горлаўцы, а таксама ў расейскім Курску. Паводле часопісу «Фокус», Калеснікаў займае 25-ю пазіцыю ў спісе самых багатых бізнесоўцаў Украіны, яго багацце выданне ацэньвае ў $ 275 млн. Аднак Барыс Калеснікаў не толькі алігарх, але і палітык. Ён тройчы абіраўся ў Вярхоўную Раду ад Партыі рэгіёнаў, а падчас прэзідэнцтва Віктара Януковіча займаў пасаду віцэ-прэм’ера і міністра інфраструктуры Украіны. Цяпер Калеснікаў – адзін з лідараў прарасейскай партыі «Апазіцыйны блок», што прыйшла на змену Партыі рэгіёнаў. Паводле СМІ, Барыс Калеснікаў – сябра алігарха Рыната Ахметава, якія з’яўляецца самым багатым чалавекам Украіны. Брат алігарха Ігар Ахметаў – адзін з акцыянераў «Конти».

Паведамлялася, што з пачаткам вайны на Данбасе праца заводаў «Конти» на падкантрольных баевікам тэрыторыях спынілася. Галоўны офіс кампаніі пераехаў у Канстантынаўку, што кантралюецца афіцыйным Кіевам. У кампаніі «Конти» за апошнія гады неаднаразова падкрэслівалі, што не маюць дачынення да заводаў у Данецку і Горлаўцы. У 2015 годзе тыя нават змянілі назву – «Конти» пераўтварылася ў ДП «Тор». Аднак працягнула прадаваць тую ж прадукцыю, што і раней.

«Афіцыйна іх быццам бы «отжали» “ДНРаўцы”. Але, паводле неафіцыйных дадзеных, кантроль над «Конти» (цяпер «Тор») захоўвае Калеснікаў. Проста перайменаваў фабрыку для адводу вачэй», – кажа ўкраінскі журналіст, ураджэнец Данецку Дзяніс Казанскі.

Пра тое, што заводы ў Горлаўцы і Данецку не былі захоплены баевікамі і засталіся ва ўласнасці Калеснікава кажуць і нашыя крыніцы на баку сепаратыстаў. Былы палявы камандзір Аляксандр Хадакоўскі распавёў belsat.eu, што фабрыкі не былі нацыяналізіраваны і Калеснікаў застаецца іх уладальнікам. Праўда, ці ажыццяўляе непасрэднае кіраўніцтва – сказаць не можа. Мясцовы палітычны тэлеграм-канал «Данецкі абарыген» сведчыць у сваю чаргу, што Калеснікаў наагул не страціў ніякай сваёй маёмасці на тэрыторыях падкантрольных “ДНР”.

На сайце «савету міністраў» “ДНР” пра ДП «Тор» распавядаецца, як пра найбуйнейшага вытворцу непрызнанай рэспубліцы і аднаго з нешматлікіх экспарцёраў. Дарэчы, на этыкетцы печыва «Лугавое», што мы знайшлі ў беларускіх крамах, прысутнічаюць дадзеныя ўпаўнаважаных імпарцёраў – у Казахстане, Таджыкістане і РФ. Начальнік экспартнага аддзелу ДП «Тор» Яўген Парахненка адначасова з’яўляецца дырэктарам імпарцёра прадпрыемства ў РФ – ТАА «Тор». ТАА «Тор» была зарэгістравана ў самым пачатку вайны на Данбасе ў Курске – у тым жа горадзе месціцца расейская фабрыка Калеснікава «Конти-Рус».

На ДП «Тор» belsat.eu пацвердзілі, што партнёрам прадпрыемствам у Беларусі з’яўляецца «Белвінгруп», аднак падрабязнасці супрацы даведацца не атрымалася. Інфармацыю пра тое, што кіраўніцтва «Белвінгруп» не ведала аб паходжанні печыва, Яўген Парахненка каментаваць адмовіўся: «Я не пацвярджаю гэта і не зняпраўджваю».

У сваю чаргу, у «Белвінгруп», спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу, гэтак і не паведамілі belsat.eu назву расейскай кампаніі, з якой яны мелі кантракт на пастаўкі печыва.

Нагадаем, паводле ўкраінскага заканадаўства, забаронены любы гандаль з прадпрыемствамі, што знаходзяцца на падкантрольных баевікам тэрыторыях. Такі гандаль фактычна прыроўніваецца да кантрабанды.

Што ў выніку

Калі верыць бізнесоўцу Сяргею Цюшкевічу, «Белвінгруп» фактычна падманулі. Яны заключалі кантракт з расейскім прадстаўніцтвам «Конти», а атрымалі прадукцыю, што была выраблена ў акупаваным Данецку. Гэта яшчэ адно сведчанне на карысць версіі, што прадпрыемствамі ў Горлаўцы і Данецку дэ-факта засталося ва ўласнасці Барыса Калеснікава. Пад прыкрыццём расейскага прадстаўніцтва кампаніі Калеснікава быў арганізаваны збыт прадукцыі заводаў з тэрыторыі “ДНР” у трэція краіны – у прыватнасці, у Беларусь. Калі б кампанія «Конти» страціла кантроль над сваймі заводамі ў Горлаўцы і Данецку, арганізаваць такую схему было б фактычна немагчыма.

У «Белвінгруп», спаслаўшыся на камерцыйную таямніцу, не паведамілі belsat.eu назву расейскай кампаніі, з якой яны мелі кантракт на пастаўкі печыва. Але ў дадзенай схеме гэтая кампанія ў любым выпадку выконвала ролю фірмы-пракладкі, без якіх гандаль беларускіх прадпрыемстваў з ЛДНР немагчыма сябе ўявіць.

Атрымаць каментар асабіста ў Барыса Калеснікава belsat.eu не змог.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: