Дзяржаўныя мэдыя Беларусі амаль цалкам праігнаравалі падзеі да 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі — мітынг-канцэрт 25 сакавіка ў Менску і падзеі ў рэгіёнах, а таксама затрыманні патэнцыйных удзельнікаў несанкцыянаванага шэсця. А вось расейскія выданні прысвяцілі беларускай тэме даволі шмат увагі.

Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году

 

Тэлеканал «Россия 24»

«У Менску затрымалі некалькі дзясяткаў апазыцыйных актывістаў. 25 сакавіка яны адзначаюць так званы Дзень Волі, прымеркаваны да гадавіны заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі. І нават узгаднілі з уладамі мітынг-канцэрт.

Аказалася, затрымалі тых, каму ўзгодненага канцэрту аказалася мала, і яны вырашылі яшчэ правесці шэсце па менскіх вуліцах. Усе, хто прыйшоў на адну з цэнтральных плошчаў Менску, імя Якуба Коласа, з транспарантамі і сцягамі БНР, былі затрыманыя і змешчаныя ў аўтазакі…»

Тэлеканал Ren-TV

«У сталіцы Беларусі Менску паліцыя затрымала некалькі дзясяткаў апазыцыянэраў, якія плянавалі правесці несанкцыянаванае шэсце, прымеркаванае да 100-годдзя з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мітынгоўцы збіраліся прайсці ад плошчы Якуба Коласа да будынка Опэрнага тэатру, дзе быў арганізаваны святочны канцэрт і мітынг. Сярод апазыцыянэраў затрымалі і дваіх карэспандэнтаў польскага тэлеканалу «Белсат».

Тэлеканал Russia Today

«100-гадовы юбілей першага беларускага дзяржаўнага ўтварэння — Беларускай Народнай Рэспублікі — у Менску ўпершыню адзначылі амаль на дзяржаўным узроўні.

Галоўнае свята радыкальнай апазыцыі ўлада вырашыла гэтым разам выкарыстаць у сваіх інтарэсах — для кансалідацыі разрозненай грамадзянскай супольнасці. Адзначыць круглую дату да Опэрнага тэатру выйшлі больш за 40 тысяч чалавек. Апошні раз столькі людзей апазыцыі ўдалося вывесці на вуліцы Менска ў снежні 2010-га на знак пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў. Але калі тады ўсё скончылася масавымі беспарадкамі, то цяпер дазволеная акцыя прайшла мірна».

Радыёстанцыя «Эхо Москвы»

«Беларуская апазыцыя правяла акцыі з нагоды стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Улады ўпершыню дазволілі такія мерапрыемствы на цэнтральных вуліцах і плошчах Менску, Горадні, Берасця ды іншых буйных гарадоў.

У Менску акцыю наведалі каля 25 тысяч чалавек. У той жа час на плошчы Якуба Коласа праваахоўныя органы затрымлівалі ўдзельнікаў несанкцыянаванага сходу. Арганізатары маршу, у тым ліку апазыцыйныя палітыкі Мікалай Статкевіч, Вячаслаў Сіўчык, паэт Уладзімер Някляеў і іншыя, былі затрыманыя яшчэ напярэдадні Дня Волі і на розных падставах адпраўленыя пад адміністрацыйны арышт».

Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году

 

Інфармацыйнае агенцтва «РИА Новости»

«Беларуская міліцыя затрымала ў Менску дзясяткі апазыцыянэраў, якія плянавалі правесці несанкцыянаванае гарадзкімі ўладамі шэсце да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Праваабаронцы заяўлялі, што напярэдадні Дня Волі праводзіліся затрыманні палітычных актывістаў. Сярод іх апазыцыянэры Ўладзімер Някляеў, Вячаслаў Сіўчык, Максім Вінярскі, па дарозе на шэсце затрыманы Мікалай Статкевіч.

Сёлета ў Менскі гарвыканкам былі пададзеныя заяўкі на некалькі акцый з нагоды сотай гадавіны абвяшчэння БНР. Улады дазволілі правесці святочны мітынг і канцэрт, але адхілілі заяўкі на правядзенне шэсця».

Інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс»

«Апазыцыйны палітык, экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі кампаніі 2010 году Мікалай Статкевіч затрыманы ў нядзелю ў Менску. Акрамя таго, на плошчы Якуба Коласа затрыманыя каля 30 чалавек з бел-чырвона-белымі сцягамі і кветкамі, якія плянавалі прыняць удзел у шэсці Статкевіча. Сярод затрыманых — група назіральнікаў „Вясны“ і журналісты.

Беларуская апазыцыя 25 сакавіка ладзіць дазволеныя ўладамі мерапрыемствы з нагоды 100-годдзя БНР. Менгарвыканкам ухваліў заяўку на мітынг і канцэрт каля тэатру опэры і балету. Статкевіч плянаваў асобна правесці шэсце ў Дзень Волі, аднак атрымаў адмову. Беларуская апазыцыя штогод праводзіць акцыі ў Дзень Волі 25 сакавіка. Летась акцыя не была санкцыянаваная і скончылася затрыманнямі».

Ілюстрацыйнае фота. Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году

 

Агенцтва EurAsia Daily

«У Менску прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі — самая маштабная акцыя беларускай апазыцыі за шмат гадоў. Адбыліся мітынг і канцэрт, арганізаваны збор подпісаў за тое, каб 25 сакавіка стала дзяржаўным святам.

Апошнім часам у рамках палітыкі „беларусізацыі“ назіраецца працэс пераасэнсавання ролі БНР у працэсе фармавання сучаснай дзяржаўнасці. На афіцыйным узроўні пачала падтрымлівацца ідэя пра тое, што БНР папярэднічала БССР і РБ. Улады ўпершыню дазволілі святочныя імпрэзы ў Менску, Горадні, Берасці ды іншых гарадах, дзе дазволілі выкарыстоўваць нацыяналістычную сымболіку, якая раней знаходзілася пад тайнай забаронай. Таксама дазволена ўстаноўка памятнай дошкі на доме, дзе была абвешчаная незалежнасць БНР».

Газэта «Известия»

«Апазыцыянэры, якія плянавалі несанкцыянаваную ўладамі акцыю да 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), затрыманыя ў Менску.

БНР была абвешчана ў ноч на 25 сакавіка 1918 года ва ўмовах нямецкай акупацыі, урад краіны эміграваў пасля ўсталявання савецкай улады ў 1919 годзе.

Затрыманні міліцыя правяла ў цэнтры беларускай сталіцы. Затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек, сярод іх — журналісты польскага тэлеканалу «Белсат», які ня мае акрэдытацыі ў Беларусі. У пачатку сакавіка беларускі лідэр Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ўлада ў краіне «павінна быць у адным кулаку».

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманні на Дзень Волі ў Менску. 25 сакавіка 2018 году

 

«Независимая газета»

«У Менску адзначалася 100-годдзе БНР. Урачыстасці азмрочыліся затрыманнямі апазыцыянэраў і шараговых грамадзянаў — хто не захацеў святкаваць паводле сцэнару ўладаў, апынуліся ў аддзяленнях міліцыі і Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

У дазволеным месцы ўпершыню за ўсе гады кіравання Лукашэнкі быў разгул беларускасці. З канцэртам на беларускай мове выступалі гурты, у шапіках прадавалася нацыянальная сымболіка, за выкарыстанне якой яшчэ нядаўна затрымлівалі, луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Праўда, за межамі гэтай “выспачкі”ў тая ж краіна: на прылеглых вуліцах аўтазакі і аўтобусы з амапаўцамі, а мясцовыя анлайн-СМІ не змаглі весці трансляцыі, бо інтэрнэт у раёне Опэрнага тэатру не працаваў».

Інтэрнэт-выданне Lenta.ru

«У Менску 25 сакавіка прайшла масавая акцыя, прымеркаваная да стагоддзя ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнікі сабраліся на плошчы ля будынка Вялікага тэатра опэры і балету, трымаюць бел-чырвона-белыя сцягі і гербы «Пагоня», якія ў 1918 годзе былі дзяржаўнымі атрыбутамі БНР. На сцэне перад мітынгоўцамі выступаюць музыкі.

Арганізатары, якія атрымалі ад гарадзкіх уладаў дазвол на правядзенне мітынгу і канцэрту, плянавалі, што ў мерапрыемствах возмуць удзел да 25 тысяч чалавек. Як адзначае беларускае «Радыё Свабода», рэальных удзельнікаў было амаль удвая больш: валянтэры раздалі на прапускных пунктах каля 40-50 тысяч праграмак «Свята незалежнасці».

Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018

Санкцыянаванае ўладамі «Свята Незалежнасці» прайшло 25 сакавіка каля менскага Опэрнага тэатру, на Траецкай гары. Паводле розных ацэнак, мітынг-канцэрт наведалі 40-50 тысяч чалавек. На свяце выступілі Ігар Варашкевіч і Кася Камоцкая, дачка Лявона Вольскага Адэля, рок-гурты AkuteDzieciuki і іншыя. Мітынг-канцэрт быў дазволены менскімі ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў з яе з бел-чырвона-белымі сцягамі. Да канцэрту была спроба правесці несанкцыянаванае шэсце ад плошчы Якуба Коласа, затрымалі дзясяткі чалавек. Агулам па краіне былі затрыманыя больш за 100 чалавек. Розныя імпрэзы 25 сакавіка прайшлі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а таксама ў іншых краінах па абодва бакі Атлянтычнага акіяну.

БТ прысвяціла Дню Волі 28 сэкунд. Астатнія дзяржаўныя мэдыя прамаўчалі.

Ігар Карней, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: