Літоўскія археолягі і гісторыкі расказалі Радыё Свабода, як ідэнтыфікавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага і яшчэ двух дзясяткаў паўстанцаў 1863–1864 гадоў.

Падчас раскопак на гары Гедзіміна

 

Таксама ўдзельнікі дзяржаўнай камісіі ў пытаньнях перапахаваньня герояў антырасейскага супраціву патлумачылі, чаму пры мэмарыялізацыі паўстала моўнае пытаньне не на карысьць беларусаў.

 

Знаходкі на гары Гедзіміна. Галоўнае

Лідэрам антырасейскага паўстаньня амаль год (з траўня 1863 па сакавік 1864) выносілі сьмяротныя прысуды.

Згодна з балістычнымі і антрапалягічнымі дасьледаваньнямі, адным паўстанцам прысудзілі шыбеніцу, іншым — расстрэл.

21 засуджаны на сьмерць паўстанец быў пахаваны на гары Гедзіміна ў Вільні.

Закопвалі пакалечаных, са зьвязанымі ззаду рукамі. Пасыпалі целы вапнай, што ўскладняе іх ідэнтыфікацыю.

Расейскія царскія ўлады зраўнялі магілы зь зямлёй, каб не дапусьціць паломніцтва.

Апоўзень на гары Гедзіміна ў Вільні ў 2016 годзе адкрыў таямніцы 150-гадовай даўніны.

Раскопкі пачаліся ў студзені 2017-га.

Афіцыйныя ўлады Беларусі ігнаруюць гістарычныя знаходкі.

Перапахаваньне парэшткаў паўстанцаў заплянавалі на восень 2019 году на могілках Росы.

Надмагільныя надпісы плянуюцца па-літоўску і па-польску, толькі на магіле Каліноўскага па-беларуску.

Парэшткі Кастуся Каліноўскага

​Археолягі, супрацоўнікі Нацыянальнага музэя гісторыі Літвы Гіціс Грыжас і Валдас Сьцепанайціс былі аднымі зь першых адмыслоўцаў, хто наткнуліся на фрагмэнты чалавечых парэшткаў на Гедзімінавай (Замкавай) гары ў Вільні.

Парэшткі Кастуся Каліноўскага

 

У лютым 2016 году там здарыўся першы апоўзень, які паўтарыўся ў кастрычніку. Паўстала пагроза славутай вежы Гедзіміна — помніку гісторыі і культуры ХIV стагодзьдзя. Трэба было тэрмінова «зьвязаць» грунтовыя расколіны, каб будаўнікі маглі пачаць ліквідацыю наступстваў.

Але з улікам гістарычнай значнасьці месца наперад пусьцілі археолягаў. Раскопкі пачаліся ў студзені 2017-га, і ўжо празь некалькі дзён адкрылася першая пахавальная яма, у якой, як цяпер стала зразумела, ляжаў Кастусь Каліноўскі.

«Гэта быў мужчына 25–26 гадоў, — расказаў Гіціс Грыжас. — Ён ляжаў на баку, рукі за сьпіной зьвязаныя, цела аблітае вапнай. Пры ім знайшлі некаторыя прадметы: фрагмэнты абутку, гузікі, мэдальён з выявай Маці Божай Вастрабрамскай, а таксама раскладны мэдальён, унутры якога з аднаго боку крыжык з Хрыстом, з другога — моцна выцертыя, але пазнавальныя абрысы сьвятога Казімера».

У сувязі са знаходкай будаўнікі адтэрмінавалі мантаж умацавальных канструкцыяў, і неўзабаве археолягі наткнуліся яшчэ на адно пахаваньне, групавое: у яме ляжалі трое мужчын прыблізна 24, 25, 26 гадоў, таксама аблітыя вапнай. Як на пасьмяротнай масцы, застаўся адбітак паловы твару аднаго з забітых — вока і нос. Побач з другім ляжаў мэдальён з выявай Маці Божай Чанстахоўскай.

«На вяршыні гары ў 1831 годзе расейцы зрабілі фартэцыю, тэрыторыя стала закрытай, — працягвае Гіціс Грыжас. — Акурат на тым месцы, дзе мы капалі, стаяў дом дырэктара аптычнага тэлеграфу Санкт-Пецярбург — Варшава. Але на 1863 год яго ўжо зьнесьлі. З гораду нічога немагчыма было ўбачыць — хто там і што робіць на вяршыні, на гэтай пляцоўцы. Маглі бязь лішніх вачэй займацца чым заўгодна».

Раскопкі на Замкавай гары

 

Замаскаваныя магілы паўстанцаў, якія знайшлі археолягі, былі супольныя і індывідуальныя — магчыма, у залежнасьці ад чарговасьці выкананьня прысудаў. Паводле экспэрта, найбольшая колькасьць выяўленых парэшткаў у яме — тры. У чатырох знайшлі па два чалавекі, у дзесяці астатніх — па адным. Усе ахвяры — мужчыны ад 20 да 50 гадоў.

Пахаваньні зраўнялі зь зямлёй знарок — каб не ператварыць іх у месца паломніцтва.

Адных павесіць, іншых расстраляць

Згодна з балістычнымі і антрапалягічнымі дасьледаваньнямі, адным паўстанцам прысудзілі шыбеніцу, іншым — расстрэл. Першыя прысуды былі выкананыя ў траўні 1863-га, апошняй ахвярай стаў Кастусь Каліноўскі, якога публічна павесілі 22 сакавіка 1864 году на Лукіскім пляцы — галоўным месцы экзэкуцыі.

«Усяго на сьмяротнае пакараньне асудзілі 21 чалавека — праз павешаньне і расстрэл, — кажа Гіціс Грыжас. — Практычна ўсе каталікі, толькі адзін лютэранін — Уладзіслаў Нікаляй. Паводле сьпісу, асобна павесілі траіх — Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і Баляслава Колышку. Астатнія павешаньні групавыя. І наадварот з расстралянымі: у адным выпадку пакараньне сьпісам, іншыя — па чарзе ў асобныя дні».

Сьпіс лідэраў і ўдзельнікаў паўстаньня, забітых на загад расейскай акупацыйнай адміністрацыі. У дужках — узрост на момант сьмерці:

Станіслаў Ішора (24), сын Станіслава і Марыі, сьвятар у Жалудку Лідзкага павету

Раймунд Зямацкі (53), сын Андрэя, пробашч у Ваверцы Лідзкага павету

Баляслаў Колышка (25), сын Вінцэнта і Апалёніі, н. Карманішкі Лідзкага павету

Юльян Лясьнеўскі (31), сын Паўла, аканом у Вялікім Мажэйкаве Лідзкага павету, н. Варшава

Зыгмунт Серакоўскі (36), сын Ігната і Фартунаты, м. н. Валынь

Зыгмунт Серакоўскі, антрапалягічная ідэнтыфікацыя

 

Аляксандар Раўкоўскі (27), сын Тэафана, Мілюнцы Ашмянскага павету

Юзаф Раўкоўскі (36), сын Тэафана, Мілюнцы Ашмянскага павету

Караль Сіповіч (19), м. н. Вільня Юзаф Яблонскі (20), сын Караля, м. н. Ломжа

Ян Марчэўскі (24), фэльчар

Ян Бянькоўскі (26), сын Тамаша, фэльчар, м. н. Варшава

Генрык Макавецкі (27), сын Генрыка, харужы корпусу лясьнічых, м. н. Магілёўская губэрня

Уладзіслаў Нікаляй (26), сын Фрыдэрыка і Зоф’і, зь лютаранскай шляхты Віленскай губ.

Альбэрт Лясковіч (23), сын Фэлікса (Францішка?) і Зоф’і, н. Голдава Лідзкага павету

Альбэрт Лясковіч, антрапалягічная ідэнтыфікацыя

 

Казімер Сычук (Сацэвіч) (36), сын Адама, Вільня

Мечыслаў Дарманоўскі (27), Варшава

Ігнат Здановіч (23), сын Аляксандра і Эміліі, Вільня

Цітус Далеўскі (23), сын Аляксандра, м. н. Кункулка Лідзкага павету

Якуб Чэхан (Чэхановіч, Цехановіч) (40), Вільня

Канстанцін Вінцэнт Каліноўскі (26), сын Сымона, м. н. Мастаўляны Ваўкавыскага павету

Эдвард Чаплінскі, вучань аптэкара, з Панявескага павету

Ян Марчэўскі (24), вучань фэльчара, м. н. мястэчка Рава, Каралеўства Польскае

Паўстаньне 1863–1864 гадоў было за вызваленьне ад Расейскай імпэрыі і аднаўленьне Рэчы Паспалітай.

Забітых скідвалі адзін на аднаго

Паводле антрапалягічных дадзеных, узросту і спосабу экзэкуцыі першымі ідэнтыфікаванымі былі Бянькоўскі, Марчэўскі і Чаплінскі. Некаторых, працягвае Гіціс Грыжас, удалося апазнаць дзякуючы асабістым рэчам.

«У яме ляжаў мужчына са зьвязанымі ззаду рукамі, на пальцы — залаты пярсьцёнак з гравэраваным надпісам па-польску „Zygmónt Apolonija 11 Sierpnia / 30 Lipca 1862 r.“. Ён як пашпарт — падказаў, што парэшткі належаць Зыгмунту Серакоўскаму: Апалёнія з Далеўскіх — ягоная жонка. Параўнаньне чэрапа са здымкам адкінула сумневы. Акрамя таго, вядома, што ён быў паранены ў сьпіну — пашкоджаньне касьцей таксама пра гэта сьведчыць».

Побач знаходзілася яма з парэшткамі дваіх: аднаму больш за 50 гадоў, другі малады. У абодвух пераламаныя косьці, знайшлі кулю. Праз антрапалягічныя дасьледаваньні і характар пашкоджаньняў удалося высьветліць, што гэта Зямацкі і Лясковіч. Пазьней гэта пацьвердзілі і пробы ДНК, узятыя ад сваякоў — супадзеньне на 98%.

Пахаваньне братоў Раўкоўскіх

 

У наступнай магіле аналіз ДНК на 99% паказаў, што ў магіле двое братоў. Згодна са сьпісам, такая пара была толькі адна — Аляксандар і Язэп Раўкоўскія. Да таго ж былі знойдзеныя мэдальёны.

У некаторыя ямы карнікі скідвалі забітых неахайна, адзін на аднаго або тварам уніз. У адной былі толькі фрагмэнты цела — рука і частка нагі. У найгоршым стане захаваліся парэшткі, якія, згодна з антрапалягічнымі і гістарычнымі дадзенымі, належалі Ўладзіславу Нікаляю. Вядома, што ён быў расстраляны, ужо быўшы ў вельмі цяжкім стане — меў шэсьць кулявых раненьняў.

Так навукоўцы вярталі зь нябыту адно прозьвішча за другім: Лясьнеўскі, Сіповіч, Яблонскі, Макавецкі, Здановіч, Далеўскі, Чэхан…

«Калі ідзецца пра асобна павешаных, цяпер можна казаць, што ў першай знойдзенай яме быў Кастусь Каліноўскі, — кажа Гіціс Грыжас. — Дапамагло антрапалягічнае дасьледаваньне і параўнаньне чэрапа з прыжыцьцёвай фатаграфіяй. І хоць сумневаў, што гэта ён, практычна не застаецца, было б добра працягнуць працу, узяўшы ДНК яго брата Віктара, пахаванага ў Сьвіслачы. Адзіны непацьверджаны пакуль — Станіслаў Ішора: маем ДНК ад жывых нашчадкаў, але ні з кім са знойдзеных не супадае».

Герой польскі, літоўскі і беларускі

Неўзабаве пасьля таго, як на Гедзімінавай гары знайшлі парэшткі паўстанцаў, была створаная дзяржаўная камісія ў справе перапахаваньня пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Саўлюса Сквярняліса.

У яе працы бярэ ўдзел і доктар гуманітарных навук, былы дырэктар Інстытуту гісторыі Літвы Альвідас Нікжантайціс. Паводле яго, калі літоўскі і польскі бок дамаўляюцца аб нюансах мэмарыялізацыі, то афіцыйная Беларусь гэта папросту ігнаруе. Калі зьявілася інфармацыя, што надпісы на магілах герояў плянуюцца толькі па-літоўску і па-польску, беларуская грамадзянская супольнасьць выказала незадавальненьне, а ўлады Беларусі на гэта не адрэагавалі.

«Магу сказаць: чальцы камісіі, як і экспэрты, адзіныя ня толькі што да месца пахаваньня на віленскіх могілках Росы, але і ў тым, што гэта частка гісторыі як мінімум трох народаў — беларусаў, палякаў і літоўцаў, — адзначае гісторык. — Паверце, ніхто коўдру на сябе ня цягне. Іншая рэч, што за ўвесь час працы камісіі зь беларускага афіцыйнага боку ня выяўлена ні кроплі інтарэсу. Прыехалі аднойчы спэцыялісты зь Беларусі, але гэта была нефармальная сустрэча. Тым ня менш, калі глядзець на практычны бок працэсу, Літва па-ранейшаму адкрытая на прапановы Менску».

Пры гэтым, прызнаецца суразмоўца, у Вільні дагэтуль ніхто не разумее, з кім канкрэтна размаўляць у Менску, каб зьявілася хоць нейкая пэўнасьць. У прыватнасьці, ці гатовы хто-небудзь ад імя Беларусі ўдзельнічаць у цырымоніі перапахаваньня, прызначанай на восень 2019 году.

«Ёсьць ідэя зрабіць на трох мовах зборнік, прысьвечаны паўстаньню, — працягвае экспэрт. — Задума такая, каб матэрыял быў напісаны папулярна, зразумела, каб трапіў у школы. Але якая імавернасьць, што яго дадуць навучэнцам у Беларусі? Мая прапанова такая: паколькі афіцыйны Менск не прадэманстраваў ніводнага знаку зацікаўленьня на карысьць таго, што гэта гісторыя ня толькі польская ці літоўская, а і беларуская, варта лічыць падставай, аргумэнтам зварот грамадзкіх арганізацыяў да ўладаў Літвы. Няма патрэбы сварыцца за мінулае, асабліва тое, якое больш яднае, чым разьядноўвае».

Вяртаньне ідэалёгіі заходнерусізму

Падчас круглага стала ў музэі археалёгіі Вільні, прысьвечанага паўстаньню 1863–1864 гадоў і 155-годзьдзю пакараньня сьмерцю Кастуся Каліноўскага, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук спрабаваў патлумачыць літоўскім калегам прычыны маўчаньня афіцыйнага Менску.

«Рэжым, які прыйшоў да ўлады неўзабаве пасьля абвяшчэньня незалежнасьці, узяў на ўзбраеньне палітыку, што паўтарала каноны савецкай гістарыяграфіі, — кажа ён. — Гэта значыць эвалюцыя ня ў бок нацыянальных каштоўнасьцяў, а з ухілам у ідэалёгію заходнерусізму. Яна ўзьнікла ў ХІХ стагодзьдзі якраз падчас паўстаньня і зводзілася да таго, што беларусы — ніякая ня нацыя, а сапсаваныя палякамі расейцы. Фактычна адмаўлялася існаваньне народу, культуры, мовы. Ну якая можа быць дзяржаўнасьць? Заходні край Расеі. Як ні парадаксальна, амаль праз 30 гадоў існаваньня незалежнай краіны тая ідэалёгія зноў запатрабаваная».

Паводле гісторыка, сэнсацыйныя знаходкі на Замкавай гары справакавалі новы віток дыскусіі вакол асобы Кастуся Каліноўскага, якога афіцыйная гістарыяграфія ўпарта ня хоча прызнаваць «сваім».

«Сутнасьць дыскусіі зводзіцца да таго, што Каліноўскі ніякі не беларус, што паўстаньне польскае і прынесла Беларусі толькі шкоду, што ня трэба нават турбавацца ўшанаваньнем памяці, — тлумачыць Алесь Смалянчук. — Такую пазыцыю зноў і зноў агучвае „галоўны гісторык“ Ігар Марзалюк, а значыць, гэта афіцыйны пункт гледжаньня на праблему. Дагаварыўся, што Каліноўскага наагул трэба выкінуць са школьных падручнікаў. Нават за савецкім часам гэта быў народны герой, а ў 1990-я стаў нацыянальным. Здавалася, ягонае месца ў беларускай памяці непарушнае. Але ж не…»

Алесь Смалянчук асабіста сутыкнуўся з «антыкаліноўскімі настроямі» — прычым там, дзе агрэсіі нават не чакаў. Прыгадвае, што размаўляў з прафэсарам духоўнай сэмінарыі ў Жыровічах, які выкладае асновы гісторыі. Як толькі паўстала тэма Каліноўскага, сьвятар літаральна выйшаў зь сябе: маўляў, таго дзеяча трэба выкапаць і яшчэ раз павесіць.

«Апанэнты спрабуюць знайсьці „навукова-гістарычнае абгрунтаваньне“, хоць яно і вельмі слабое. Усё ж гэта другая палова ХІХ стагодзьдзя, крыху іншая нацыянальная сьвядомасьць. Аднак тое, што ён ішоў да Беларусі, зьвяртаўся да беларусаў, да мовы — гэта бясспрэчна. Асоба, на прыкладзе якой можна і трэба выстройваць нацыянальную ідэю. Гэта надзвычай важная частка беларускае гісторыі, а яе намагаюцца проста выкінуць. У Беларусі вельмі складана супрацьстаяць дзяржаве, таму застаецца спадзявацца, што грамадзкія арганізацыі пададуць голас — трэба ўсё прывесьці ў парадак».

Дзе перапахаваюць паўстанцаў

У капліцы на віленскіх могілках Росы, якую да восені абяцаюць рэстаўраваць, будуць абсталяваныя адмысловыя нішы для парэшткаў паўстанцаў 1863–1864 гадоў.

Пытаньне, на якіх мовах будзе надпіс на магілах, паўстала ў сакавіку 2019 году, калі стала вядома пра варыянт афармленьня толькі па-літоўску і па-польску. У пачатку сакавіка камісія сабралася наноў, прысутнічалі прадстаўнікі Літвы і Польшчы. Праз абыякавасьць беларускіх уладаў для надмагільляў зноў вырашылі пакінуць дзьве мовы. Выключэньне зрабілі толькі для Кастуся Каліноўскага — на ягонай магіле пагадзіліся дадаць інфармацыю і па-беларуску. Але ня выключана, што актыўнасьць беларускіх арганізацыяў рашэньне яшчэ можа зьмяніць.

Падчас дыскусіі прагучала прапанова стварыць Беларускі грамадзкі камітэт ушанаваньня памяці паўстанцаў 1863–1864 гадоў, які мог бы прадстаўляць беларускі бок у перамовах наконт перапахаваньня.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...