Са сваіх крыніцаў «Новаму Часу» стала вядома, што 24 снежня ў Мінску плануецца правесці круглы стол, тэма якога — «Русский мир и место Беларуси в нём».

Сяргей Касцян

Сяргей Касцян

Мерапрыемства павінна прайсці ў канферэнц-залі гатэля «Спутник». Арганізатар дэбатаў — «Беларускі славянскі камітэт», арганізацыя, якая ставіць за мэту аб’яднанне ўсіх славян у агульнай славянскай канфедэрацыі на грунце сацыялістычнай ідэалогіі, а таксама ідэалогіі антыглабалізму, супрацьстаяння з Захадам і ліберальнымі ідэямі.

Ініцыятарам правядзення круглага стала выступіў Сяргей Касцян, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад праўладнай Камуністычнай партыі (кіраваў Камісіяй па міжнародных справах), а сёння — старшыня «Беларускага славянскага камітэту». На мерапрыемства запрошаны 15-20 удзельнікаў, галоўны дакладчык — доктар філасофіі, прафесар Леў Крыштаповіч. Ён, дарэчы, добра вядомы не толькі сваімі прарасійскімі поглядамі цалкам у плыні сумнавядомага інфармацыйнага агенцтва Regnum, але і тым, што да нядаўняга часу працаваў намеснікам дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ІАЦ) пры Адміністрацыі прэзідэнта. Прычым, ён быў не проста намеснікам дырэктара, але і «абліччам» ІАЦ — прадстаўляў гэтую структуру на шматлікіх публічных мерапрыемствах.

Цікава тое, што Сергей Касцян — абсалютны і безумоўны прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі. Ва ўсіх сваіх публічных выказваннях ён імкнецца заставацца цалкам у рэчышчы выказванняў і меркаванняў кіраўніка краіны. Але ж, як мы ведаем, Лукашэнка за апошнія два гады неаднаразова крытычна выказваўся на адрас «русского мира». І ніводнага разу не ўхваліў гэтую ідэалогію. Чаму сёння Сяргей Касцян — безумоўны аўтарытэт сярод беларускіх славянафілаў і антыглабалістаў — раптам узяўся прасоўваць ідэю «русского мира» насуперак публічнай пазіцыі Лукашэнкі — пакуль загадка.

Паміж іншага, Леў Крыштаповіч вядомы тым, што прапаноўвае адмовіцца ад ідэі, згодна якой беларуская ідэнтычнасць выйшла з Вялікага княства Літоўскага. «Пад нацыянальнымі традыцыямі пачынаюць прапагандавацца і развівацца такія традыцыі, якія, я лічу, нічога агульнага не маюць з ментальнасцю нашага беларускага народа: калі ў нашу беларускую культуру цягнуць Радзівілаў, Сапег, Агінскіх, як прадстаўнікоў менавіта беларускіх шляхетных родаў», — піша Крыштаповіч.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: