Звесткі пра некаторыя выпадкі самагубства сярод вайскоўцаў трапляюць у СМІ, нягледзячы на закрытасць тэмы. Пры гэтым вайсковая частка ў Печах фігуруе ў зводках рэгулярна і нашмат часцей, чым іншыя.

3 кастрычніка 2017 года, Аляксандр Коржыч

На дадзены момант гэта апошні вядомы выпадак самагубства ў беларускім войску. 21-гадовага Коржыча нібыта знайшлі павешаным у памяшканні вайсковай часткі ў барысаўскіх Печах, дзе ён праходзіў тэрміновую вайсковую службу. Пры гэтым родныя Коржыча ў афіцыйную версію аб самагубстве верыць адмаўляюцца. Родныя вайскоўца перадалі ў рэдакцыю Свабоды пасмяротныя фатаздымкі, на якіх выразна відаць гематомы. Таксама яны кажуць, што ў Аляксандра Коржыча падчас службы ў войску неаднаразова адбіралі грошы, яму пагражалі расправай.

31 сакавіка 2017 года, Арцём Басцюк

Арцём служыў у вайсковай частцы № 25849 Барысава. За дзень да гібелі Басцюк патэлефанаваў бацькам, папрасіў у іх прабачэння і развітаўся. Усхваляваныя родныя адразу ж звязаліся з кіраўніцтвам часткі і папрасілі разабрацца ў сітуацыі. Там іх запэўнілі, што з сынам будзе ўсё ў парадку.

За тры тыдні да смерці сына Басцюкі прыяжджалі ў частку на сустрэчу з яе кіраўніцтвам. Тады Арцём Басцюк у прысутнасці бацькоў расказваў камандаванню пра выпадкі дзедаўшчыны, называў імёны і прозвішчы тых, хто чыніў на яго ціск.

Пасля смерці Басцюка Следчы камітэт пачаў праверку. Вынікі расследавання пакуль не агучваюцца, да суду справа яшчэ не дайшла

Чытайце па тэме:  Министр обороны прокомментировал трагедию в Печах

10 лютага 2017 года, Павел Старанкоў

Парэшткі 19-гадовага служачага тэрміновай службы з часткі № 44540 знайшлі праз некалькі месяцаў пасля яго знікнення з месца службы. Старанкоў сышоў з часткі яшчэ ў лістападзе 2016 года і значыўся ў вышуку. Мінабароны і Следчы камітэт у якасці асноўнай прычыны смерці Старанкова назвалі суіцыд. Праводзілася праверка, апытвалі ягоных таварышаў па службе і родных. Вынікі праверкі не публікаваліся.

19 студзеня 2017 года, Печы, смерць на пляцы

Трагедыя здарылася на тэрыторыі 72-га навучальнага цэнтра ў Печах. Па інфармацыі, якая трапіла ў СМІ, вайсковец паветрана-дэсантных войскаў памёр падчас практыкаванняў на пляцы. Прэс-служба Мінабароны пацвердзіла інфармацыю пра здарэнне, аднак падрабязнасцяў не раскрыла. Вядома толькі, што яно «не звязанае з праходжаннем вайсковай службы».

24 жніўня 2016 года, вайсковы палігон пад Барысавам

Пра гэты выпадак інфармацыі няшмат. Вядома, што здарэнне адбылося на 226-м палігоне «Барысаўскі» падчас вучэбных стрэльбаў. Вайсковец тэрміновай службы атрымаў баявыя патроны і накіраваўся на агнявы рубеж. Аднак, не даходзячы да яго, прыклаў дула да галавы і выстраліў усе тры патроны.

Нябожчыку было 23 гады, а да завяршэння тэрміну службы заставалася два месяцы. Інфармацыю пра здарэнне пацвердзілі ў Мінабароны, аднак падрабязнасцяў не раскрылі, спасылаючыся на «этычныя прычыны». Следчы камітэт праводзіў праверку па факце гібелі вайскоўца, яе вынікі не публікаваліся.

Чытайце па тэме:  БНК прапануе свой план умацавання беларускага войска

22 сакавіка 2015 года, Печы

Паведамленне прэс-службы Міністэрства абароны: «21 сакавіка 2015 года ў 72 аб’яднаным навучальным цэнтры меў месца факт самагубства вайскоўца тэрміновай службы. Для ўстанаўлення сапраўдных прычын таго, што здарылася, праводзяцца следчыя дзеянні. Міністэрства абароны выказвае спачуванне родным і блізкім ваеннаслужачага».

Падрабязнасці здарэння не раскрываліся.

13 красавіка 2005 года, Барысаў, Максім Кажэка

Кажэка загінуў у барысаўскіх Печах праз тры месяцы пасля прызыву ў войска. Ён быў адзіным сынам у бацькоў, у войска пайшоў адразу пасля школы. Перад самагубствам Максім Кажэка самавольна пакінуў частку, яго знайшлі на наступны дзень за 6 кіламетраў ад яе ў лесе. Вайсковец павесіўся на ўласным рамяні, у кішэні была развітальная запіска з просьбай «дараваць усё».

«Войска — складаная школа, праўдзівая праверка характэрных для асобы ўласцівасцяў, — гаварылася ў афіцыйным каментары Мінабароны з нагоды смерці Максіма Кажэкі. — Тут імгненна раскрываюцца ўсе эмацыйна-валявыя праблемы маладога чалавека, якія завуаляваныя размераным цывільным жыццём».

Мінабароны Беларусі вельмі неахвотна дзеліцца дадзенымі пра колькасць самагубстваў у беларускай арміі. У 2004 годзе тагачасны міністар абароны Леанід Мальцаў адзначаў, што за год у беларускай арміі ўчынілі самагубства 11 чалавек.

У артыкуле кіраўніка ўпраўлення інфармацыі галоўнага ўпраўлення ідэалягічнай працы Мінабароны палкоўніка Уладзіміра Макарава «Армія і дысцыпліна», размешчаным на сайце Мінабароны ў 2009 годзе, прыводзяцца значна меншыя лічбы.

Чытайце па тэме:  Conflict Intelligence Team указала на сообщения о гибели в Сирии еще двух россиян

«У беларускай арміі аналагічны паказчык (колькасць самагубстваў) у мінулым годзе складаў каля 1 на 10 тысяч чалавек, гэта значыць у тры разы менш, чым па рэспубліцы, і ў чатыры разы менш, чым ва Узброеных Сілах у сярэдзіне 90-х гадоў», — гаварылася ў ім. Гэта значыць — каля 5 выпадкаў у год.

У тым жа артыкуле палкоўніка Макарава падаецца статыстыка самагубстваў у беларускім войску сярэдзіны 90-х. У 1995 годзе ва Узброеных сілах Беларусі было 42 самагубствы. У наступныя гады, як піша Макараў, колькасць трагічных здарэнняў пачала зніжацца:

«Захады, зробленыя ў 1995–1996 гадах дзеля прафілактыкі злачынстваў і здарэнняў, спрыялі скарачэнню колькасці толькі самагубстваў больш як у два разы ўжо ў 1996 годзе».

Сярод гэтых захадаў называюцца стварэнне лабараторыі сацыяльна-псіхалагічных даследаванняў а таксама ўвядзенне пасады вайсковых псіхолагаў.

Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.