У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Аркадзя Куляшова адчынілі адноўленую Залю славы. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займае асоба самага вядомага выпускніка ўніверсітэту – Аляксандра Лукашэнка.

Экспазіцыя ў Залі славы ахапіла ўсю гісторыю існавання ўніверсітэту. Ад станаўлення навучальнай установы ў 1913 годзе ў якасці Магілёўскага настаўніцкага інстытуту і да сённяшніх дзён пад назвай МДУ імя А. Куляшова. «Гісторыю ствараюць людзі. Сёння мы можам ганарыцца сваёй прыналежнасцю да навучальнай установы, якая дала нам першага прэзідэнта краіны», – падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкаму Андрэй Кунцэвіч.

Аляксандру Лукашэнку сапраўды адведзена цэнтральнае месца ў экспазіцыі – ёсць кадры яшчэ маладога Лукашэнкі падчас студэнцкага жыцця, а таксама кадры Лукашэнкі-дзяржаўнага дзеяча, калі ён наведваў універсітэт ужо ў якасці кіраўніка краіны. Як вядома, Аляксандр Лукашэнка скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага педагагічнага ўніверсітэту (назва ўстановы ў той час) у 1975 годзе па спецыяльнасці «настаўнік гісторыі і грамадазнаўства».

Футбольная каманда, трэці злева – Аляксандр Лукашэнка

На стэндах, прысвечаных Лукашэнку, апроч фотаздымкаў змешчаныя заліковая кніжка, характарыстыка, канстытуцыя РБ 1994 года, ягоныя ўлёткі.

Акрамя Лукашэнкі на дошку гонару патрапіў і шэраг спартоўцаў – выпускнікоў МДУ імя. А. Куляшова. У якасці выбітных выпускнікоў таксама згадваюць некаторых дзеячы адукацыі і культуры, як, напрыклад Канстанціна Бандарэнку – былога рэктара МДУ.

Залікоўка Лукашэнкі

Заля славы – гэта не толькі музейная экспазіцыя, але і паўнавартасная аўдыторыя для заняткаў. Рэктар універсітэту Дзяніс Дук паабяцаў, што кожная група студэнтаў атрымае магчымасць хоць раз правесці тут заняткі. З абсталявання ў залі былі заўважаны два планшэта і адзін мультымедыйны экран.

Адкрыццё Залі славы ў МДУ імя А. Куляшова адбылося ў межах святкавання 105-годдзя ўніверсітэту, а таксама акурат перад V Форумам рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які пройдзе ў Магілёве 10-12 кастрычніка. Паводле праграмы Форуму, альма-матар Лукашэнка таксама стане месцам сустрэч беларускіх і расейскіх дэлегацый.

Ларыса Арлова, belsat.eu

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: