Ініцыятыўная група звярнулася да ўладаў горада з прапановай стварыць у Гродне мастацкі музей. Ім прапанавалі прынесці ясную канцэпцыю. Ініцыятары яе стварылі, а ўлады паабяцалі запрасіць на слуханні ў жніўні. Тады будзе ісці размова аб прызначэнні будынка былога Палаца культуры тэкстыльшчыкаў і рамонце ўнутраных памяшканні. Пакуль ідзе знешні рамонт – займаюцца дахам і сценамі, піша hrodna.life.

Якая канцэпцыя музея

– Можа не ў той форме, як хацелася б нам, але мастацкі музей павінен быць, тым больш у Гродне. Гэта патрэбна не толькі мастакам. Гэта культурная каштоўнасць, – кажа Наталля Паўленка, адна з ініцыятараў.

Яны падрыхтавалі матэрыял пра тое, што магло б быць на першым, другім, трэцім паверсе. На першым паверсе плануюць арганізаваць каворкінг, кафэ, мастацкую краму і мультымедыйны зала з сучаснай тэхнікай.

– Зараз вельмі шмат такіх залаў – зала Гагена, Ван Гога, Клімта. Гэта сучасныя тэндэнцыі рабіць музей часткай забаўляльнага жыцця. Культура падаецца сучаснаму грамадству ў якасці адпачынку, а не нуднай навукі. Калі казаць пра турыстычны горад і прыцягненне турыстаў, мы будзем прыцягваць іх не навуковымі фондамі, а прадстаўляць шоу пра гісторыю, культуру і мастацтва горада і вобласці, – кажа Наталля.

На яе думку, гэта дазволіць рабіць зменныя выставы і зрабіць наведванне музея «шматразовым». Тым больш, што многія музеі зараз робяць адкрытымі свае фотабанкі. Гэта магчымасць прадэманстраваць тыя калекцыі, якіх няма ў гродзенскіх музеях: напрыклад, Льва Бакста – ураджэнца Гродна, і прадстаўнікоў парыжскай школы. Аб’яднаць гродзенскую спадчыну ў адным месцы і паказаць маладых мастакоў, якія сыходзяць працаваць толькі ў мультымедыя, і для ўспрымання якіх патрэбныя прастора і праектары.

На другім паверсе былі б пастаянныя экспазіцыі. На трэцім – службовыя памяшканні, лекторыі, майстэрні.

І ўсё працуе – будынак не на адзін раз, а на шматразовае наведванне. І гэта вельмі важна, таму што калі мы прапануем канцэпцыю гораду, мы думаем, што гэта рэч затратная. Але як рэч іміджавая, якая дазваляе на высокім узроўні прадставіць горад, вобласць, краіну – вельмі добрая ідэя, – кажа Наталля.

Яна лічыць, што музей выконваў бы і выхаваўчую функцыю і дапамагаў бы наглядна выхоўваць патрыятызм. Асабліва ў маладых людзях, якія хочуць з’ехаць з краіны.

Што пра гэта думаюць работнікі культуры?

– Другая група, якая занялася пытаннем, ідзе не па тым шляху. Саюз мастакоў займаецца музеем даўно, але на ўзроўні вобласці. А горад па статусе не можа займацца арганізацыяй музея. Калі і будзе, то не гарадскі, а абласны музей або абласная карцінная галерэя. Пытанне вырашаецца, але не ў гэтым будынку – сам будынак не пасуе пад карцінную галерэю. Гаворка ідзе пра другое крыло Новага замка, адкуль пераязджае бібліятэка Карскага. І ў гэтым крыле замка будзе карцінная галерэя пры музейным комплексе, – кажа скульптар Уладзімір Панцялееў.

– Гэта толькі плюс – ёсць гатовы штат супрацоўнікаў. Стаіць пытанне аб пераносе экспанатаў са Старога замка ў гэтае крыло. Гэта пытанне гадоў 10, калі Стары замак здадуць у эксплуатацыю, але ніяк не сёння-заўтра. Наўпрост ці ўскосна ўсе мастакі зацікаўлены ў гэтым. Пакуль варта звярнуць увагу на фарміраванне фондаў, каб потым, калі пытанне вырашыцца, было чым запоўніць гэтую карцінную галерэю. Гэта вельмі няпростае пытанне, – кажа Панцялееў.

Наталля Паўленка лічыць, што музей павінен быць менавіта ў Палацы тэкстыльшчыкаў. На яе думку, месца адыгрывае вялікую ролю, і музей у Новым замку – пройгрышны варыянт. Будынак павінен прыцягваць людзей і завязваць музейны квартал. Тым больш, у Новым замку нельга зрабіць мультымедыйныя залы – плошчы не тыя. Прааналізаваць гродзенскія фонды яна збіраецца ў ліпені.

Пабудаваць новы будынак?

Мастачка Валянціна Шоба лічыць, што трэба пабудаваць пад музей новы будынак дзе-небудзь у цэнтры. Напрыклад, на месцы Дома быту. Яна гатовая паўдзельнічаць у выставах, але не ведае, што можа зрабіць для музея.

– Пачнем з самага галоўнага: калекцыя ёсць? Хто яе падорыць? Якія прыватнікі падораць калекцыю? Гісторыка-археалагічны музей – на якіх падставах? Музей сучаснага мастацтва? Гэта значыць, мастакі павінны ўзяць і падарыць самае лепшае. А потым могуць трапіць у запаснікі, – пытаецца графік Юрый Якавенка. – У нас выставачная зала пустуе – мастакі не робяць выставы. Чаму не робяць – нецікава, з фінансавага пункту гледжання цяжка зараз зрабіць добрую сур’ёзную выставу. І не кожны здольны яе зрабіць.

Наталля Паўленка кажа, што акрамя фінансавання ад горада, можна паспрабаваць знайсці рэсурсы праз гранты. Карціны закупіць ў мастакоў і ўзяць у іншых музеяў. Штат супрацоўнікаў можна знайсці сярод маладога пакалення. Яна лічыць, што за час падрыхтоўкі да стварэння – каля пяці гадоў – можна вырашыць гэтыя пытанні.

Юрый Якавенка падтрымлівае ідэю зрабіць карцінную галерэю ў будынку Новага замка. Таму што ўтрымліваць новы мастацкі музей – дорага.

– Гэта будынак прывесці пад музейныя стандарты, гэта закупка абсталявання, сховішчаў. Гэта кандыцыянеры, спецыяльнае абсталяванне, каб падтрымліваць адмысловую тэмпературу, вільготнасць – так круглы год. Гэта штат работнікаў які трэба. У нас мастацтвазнаўцаў такіх няма, каб гэтыя штаты утрэсці.

Наталля нагадвае, што Новы замак для музея трэба таксама адаптаваць і ўтрымліваць. Траты будуць ўсюды, але зваротная аддача пры новым будынку будзе несувымернай.

Ларыса Макей, гаспадыня галерэі «У Майстра», якая цяпер здаецца ў арэнду, кажа, што гэта «дастаткова ўтапічная думка для маленькага правінцыйнага горада» і на гэта павінны быць вылучаныя велізарныя фінансы.

– Гэта пытанне нашага маленькага горада. Пытанне не фінансаў, а неабходнасці. Людзей, якія рэальна цікавяцца гэтым, становіцца ўсё менш і менш. Хоць моладзь накшталт прыцягнутая. Але местачковасць і ўезднасць маленькай правінцыі – гэта рэальна адчуваецца. Мне здаецца, гэта абсалютна пытанне нашага часу. Сумна, але гэта факт. Мінск існуе па іншых законах. Спадзяюся, гэта і да нас прыйдзе.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...