Галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч паведаміў, што вызначаюцца межы і ахоўныя зоны Курапатаў, каб «ваколіцы Курапатаў перасталі быць ласым кавалкам для ўсялякіх забудоўшчыкаў».

Павал Якубовіч, галоўны рэдактар газэты “СБ. Беларусь сегодня”                                           Фота з сайту газэты

 

На конкурс на мэмарыяльны знак у Курапатах у рэдакцыю газэты «СБ. Беларусь сегодня» даслана болей за 60 праектаў, на добраўпарадкаванне Курапатаў людзі пералічыць на дабрачынны рахунак больш за 3 тысяч даляраў. Пра гэта распавёў «Свабодзе» рэдактар газэты Павал Якубовіч. Паводле яго, ёсць «дырэктыўная каманда», каб перадаць вырашэнне адміністрацыйных пытанняў, датычных Курапатаў ад Менаблвыканкаму Менгарвыканкаму, а таксама нарэшце вырашаецца пытанне з ахоўнымі зонамі мэмарыялу.

— Павал Ізотавіч, увесну быў абвешчаны конкурс на мэмарыял у Курапатах. Раней паведамлялася, што Міністэрства культуры атрымала 26 эскізных праектаў, я днямі звязвалася з міністэрствам, там адказалі, што пра вынікі конкурсу яшчэ нельга казаць. Вы ініцыявалі больш шырокі фармат конкурсу, і прапанавалі дасылаць свае прапановы непасрэдна ў рэдакцыю газэты «СБ. Беларусь сегодня». Сябры так званай працоўнай групы, якіх вы запрашалі да ўдзелу ў вызначэнні пераможцаў конкурсу, казалі мне, што пакуль яны яшчэ нічога не бачылі і не абмяркоўвалі. Што адбываецца з правядзеннем конкурсу? Ці можна казаць пра нейкія вынікі?

— Конкурс працягваецца, працягваецца збор сродкаў. Каля 3 тысячаў даляраў людзі перавялі на рахунак дзеля добраўпарадкавання Курапатаў. Гэта працягваецца. Што тычыцца творчага конкурсу на памятны знак, то таксама людзі працягваюць прысылаць эскізы, ідэі, прапановы, ужо прыслана больш за 60 прапановаў. Літаральна ў сённяшняй рэдакцыйнай пошце ёсць. Хаця я крыху тэмп знізіў. Спынілі мы ўжо трансліраваць абвестку і заклікаць да ўдзелу. Ёсць дастаткова арыгінальныя ідэі, але праз некаторы час трэба будзе збіраць творчае журы, якое нешта будзе адбіраць. Гэта з добрых навінаў, але ёць яшчэ больш добрая навіна.

Я дамогся, мы дамагліся таго, што ёсць дырэктыўная каманда, каб усё, што звязана з Курапатамі ў адміністрацыйным сэнсе, было перададзена ад Менскага аблвыканкаму Менгарвыканкаму. Мне падаецца, я перакананы, што гэта пазытыўнае рашэнне і дзеянне. Бо з Аблвыканкамам гадамі адзін на аднаго ківалі і нічога зроблена не было. Цяпер гэтым займаецца Менгарвыканкам і адпаведна спэцыялісты ўпраўлення архітэктуры Менску. Галоўнае, што адміністрацыйная машына накіраваная на выкананне нашых канцэптуальных і практычных рэчаў. А самае галоўнае тое, што вызначаюцца межы Курапатаў. Заўсёды ёсць небяспека, што праз некаторы час ізноў нейкія афэрысты з’явяцца і пачнуць будаваць ізноў упрытык, і зноў узнікнуць старыя фантомы, канфлікты і гэтак далей. Таму межы ахоўныя — гэта вельмі важна і гэта зроблена.

Чытайце па тэме:  Главный редактор "СБ. Беларусь сегодня" Якубович закупается на рынке в Вильнюсе (фото)

— Дзе яны праходзяць? Якія там ахоўныя зоны?

— Пакуль тое, што ёсць у цэлым і плюс кавалак, назавем яго, ячменнага поля. Гэта поле, якое прымыкае з боку гораду, вялікі кавалак гэтага поля будзе адносіцца да Курапатаў. Так званая дарога смерці. І застаецца рэзэрв, каб тыя ідэя, якія я падзяляю, і я перакананы, што гэта важна, каб з часам была зямля для стварэння сцяны памяці і нейкіх адміністрацыйных будынкаў, якія могуць быць музэям ці канфэрэнц-заляй ці нечым іншым. Я перакананы, што гэта будзе зроблена.

Дамагаліся галоўнага, каб ваколіцы Курапатаў перасталі быць ласым кавалкам для ўсялякіх забудоўшчыкаў, якія спрабуюць адхапіць з аднаго боку і з іншага. З «Бульбаш-холам» гэта ўжо адбылося, з будынкам у Зялёным Лузе-6 была канфліктная сытуацыя сёлета. Ахоўныя зоны нівэліруюць усялякага кшталту рызыкі. Гаварыў я з паважанай Мая Тодараўнай Кляшторнай. Яна вельмі шмат займалася гэтым пытаннем, калі была навуковай кіраўніцай мэмарыялу Курапаты. З яе пункту гледжання першааснова ўсяго — зрабіць ахоўныя зоны. Вось такая ёсць пэўная перамога.

Таксама ёсць эскіз, што тычыцца добраўпарадкаваньня Курапатаў, які зрабіла архітэктурнае ўпраўленне Менску, творчыя майстэрні. Ёсць эскіз мастацкай агароджы ўсяго курапацкага ўчастку, ён уключае і мэталічныя крыжы, яны выразна і лягічна становяцца часткай гэтай агароджы. Ад «дарогі смерці» ствараецца ня проста ўваход, а як бы пляцоўка, пакуль рабочая назва «Боль», каб людзі адразу ўваходзілі і іх бачылі, што такое Курапаты. Гэта тое месца, якое ў выніку папярэдняй нядбайнасці, калі зрабілі адводы вады ў другі бок, на пачатак Курапат, які цяпер у забалочаным стане. Яна будзе прыведзеная ў парадак і далей будзе змыкацца з дарогай, якая ідзе на Галгофу. Там будзе скразная дарога і другія брамы ў кірунку Бульбаш-холу. Агароджа будзе па ўсім пэрымэтру. У самім народным мэмарыяле некаторыя крыжы, які падгнілі, заменяць на новыя, больш моцныя. Астатняе — камунальныя пытанні, дарожкі вакол Курапатаў, паркоўкі для магчымага транспарту, натуральна, біятуалеты. Што тычыцца памятнага знаку, то конкурс правядзем і абвесцім насельніцтву, які там будзе памятны знак.

Чытайце па тэме:  Ці варта адкрываць архівы КДБ?

— Набліжаюцца сумныя даты, 80-гадоў расстрэлаў беларускай эліты, дзень памяці продкаў Дзяды. Ці да гэтых датаў плянуецца падсумаванне вынікаў конкурсу? Ці што-небудзь да гэтых датаў вы плянуеце рабіць?

— І да гадавіны расстрэлаў і да Дзядоў будзем арганізоўваць вялікі суботнік, на які запрашаюцца ўсе, будуць і прафсаюзы, і моладзевыя арганізацыі. Хацелася б, каб і «Малады фронт», і іншыя далучыліся, будзе асобны зварот. Я мяркую, што цягам кастрычніка наўрад ці мы зможам вызначыцца з памятным знакам, і з агароджай і з усім немалым памерам працы. Гэта патрабуе часу. Пакуль сутнасць у руху, пазытыўным руху, а ня проста размовах. Справа ня толькі зрушылася, але ідзе вельмі інтэнсіўна.

Ёсць і дрэнная асабіста для мяне навіна. Я ня змог на сёння вывесці з-пад арышту кнігу Пазняка, якую канфіскавалі ў Алеся Чахольскага. Вярхоўны суд прызнаў яе экстрэмісцкай. На жаль, я ня змог дамагчыся, каб гэты арышт быў зняты, але юрыдычныя магчымасці яшчэ застаюцца, і я буду іх выкарыстоўваць, каб зняць з кнігі «экстрэмісцкую пячатку», якая была пастаўленая. У гэтым сэнсе аптымізм у мяне ёсць, і я ў гэтым кірунку буду весці барацьбу.

— Вы, напэўна, ведаеце, што ад моманту, калі было абвешчана пра конкурс, штотыдзень працягваюцца талокі ў Курапатах. Летам на ахвяраванні людзей праз плятформу «Талака», частка драўляных крыжоў вакол Курапатаў была замененая на мэталічныя. А што тымі грошамі, якія былі ахвяраваныя на Курапаты, пра якія вы кажаце. Яны пакуль яшчэ ні на што не былі расходаваныя? І на што плянуеце іх выдаткаваць?

Чытайце па тэме:  Жах і забыццё Курапатаў

— Пакуль яны на рахунку і працягваюць паступаць. Літаральна штодня ёсць паступленні з усёй краіны. Яны невялікія, але ідуць рэгулярна. Сума, канечне, не ўражвае — крыху болей за 3 тысячы даляраў на сённяшні дзень. Справа не ў суме, а ў тым, што многія людзі адгукнуліся. На жаль, калі высокімі словамі казаць, курапацкім болем да часткі грамадзтва дастукацца немагчыма. Ня лічыць многія людзі гэта актуальным і вартым увагі…

***

Паводле розных падлікаў ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў лясным масіве пад Менскам. 3 чэрвеня 1988 году ў газэце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці». У выніку свет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі. Гэта пацвердзілі ўсе праведзеныя расследаванні. Цягам апошніх дзесяцігоддзяў у Курапатах былі ўсталяваныя некалькі тысячаў крыжоў — на алеі, уздоўж асноўных тропаў, на ямінах-магілах, вакол урочышча.

Пасля таго, як сёлета ў лютым паўстаў кругласутачны лягер абароны Курапатаў супраць будаўніцтва офіснага цэнтру, адбыўся «круглы стол» у газэце «СБ. Беларусь сегодня» пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас абʼядноўваць», яго матэрыялы паказалі па БТ. Праз некаторы час Аляксандр Лукашэнка заявіў, што найбліжэйшым часам ва ўрочышчы Курапаты створаць мэмарыяльны комплекс. Міністэрства культуры абвясціла конкурс эскізаў памятнага знака «Курапаты». Ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч лічыць, што да мэмарыялізацыі Курапатаў на ўсіх этапах маюць быць далучаныя ўсе прадстаўнікі грамадзкасці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі. Ён ініцыяваў стварэнне рабочай групы, у якую запрасіў Ігара Кузняцова, Ганну Шапуцьку, прадстаўніка КХП БНФ, кіраўніка Грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Алеся Чахольскага і іншых зацікаўленых асобаў. Узначаліць камісію, якая будзе вызначаць пераможцаў курапацкага конкурсу, было прапанавана ляўрэатцы Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Святлане Алексіевіч. Яна адмовілася, скажаўшы, што гэта мусіць быць адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазняк. Пазняк, які з 1996 году не жыве ў Беларусі, лічыць, што народны мэмарыял у Курапатах ужо створаны.

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.