Прататыпам Андрэя Карчынскага – героя рамана Э.Ажэшкі “Над Нёманам” стаў сапраўдны паўстанец Ян Юзэфаіч Каменьскі (Камінскі). Хто ён?

Архіўныя крыніцы, якія захаваліся ў Гродне і Вільні, пацвярджаюць гэты факт і раскрываюць падрабязнасці яго паўстанцкай дзейнасці. Спачатку Каменьскі быў Луненскім акруговым начальнікам і рэферэнтам надзялення сялян зямлёй, затым – начальнікам Гродзенскага павета пасля Сільвестровіча. Арыштаваны 12 чэрвеня 1863 г. і 25 верасня сасланы ў Стэрлітамак Арэнбургскай губерні за падачу прашэння на звальненне з пасады міравога пасрэдніка. Выкліканы ў Гродна для дачы паказанняў у следчай камісіі. Ва ўдзеле ў рэвалюцыйнай арганізацыі не прызнаўся, прыгавораны да растрэлу. Сасланы на 12 год у Омскую губерню. Вярнуўся ў 1887 г., жыў у Мінявічах.

Архіўная справа “Аб вызваленні ад забароны маёнтка калежскага рэгістратара Каменьскага Івана Міневічы Гродзенскага ў.”, дае дадатковы матэрыял пра апошнія гады жыцця Каменьскага. Тут захавалася прашэнне ад 30.04.(12.05).1890 г. тытулярнага дарадцы Станіслава Антонавіча Нагорскага, паверанага дачок Івана (Яна) Каменьскага – Станіславы і Ёанны (Яніны). У ім гаворыцца, што 6/7 частак маёнтка Мінявічы ў 1864 г. падвяргаліся сяквестру, але паводле маніфеста ад 13.05.1871 г. права стану былі вернуты Каменьскаму, а па найвысокіх  загадах ад 11.05.1873, 3.02. і 1.03.1874 г. маёнтак вызвалены ад канфіскацыі.

Спачатку 23.04.1875 г. перададзены ў кіраванне Гродзенскай дваранскай апекі. Пастановай Гродзенскай палаты цывільнага і крымінальнага суда ад 8.06.1876 г. 6/7 частак маёнтка перададзены ў спадчыну дачкам Каменьскага, якія былі ўведзены ў валоданне судовым прыставам гродзенскага акруговага суда 8.10.1886 г. (вводны ліст тасама знаходзіцца ў названай справе). Нагорскі прасіў зняць забарону з гэтай часткі маёнтка Міневічы. Гродзенскае губернскае праўленне вырашыла пытанне станоўча і падрыхтавала дазвольны артыкул для публікацыі ў Пецярбргскай сенацкай друкарні.

З даверанасці Яніны Міхнеўскай, народжанай Каменьскай, ад 19 (31).03.1886 г. стала вядома, што ад імя спадчыннікаў яна прасіла Нагорскага ўпраўляць маёнткам Мінявічы і распараджацца ім. Сама яна жыла ў той час у Варшаве, на вул. Злотай, № 1516. Падобная даверанасць ад 11 (23).01.1886 г. была дадзена Станіславу Нагорскаму Станіславай Каменьскай, якая ў той час жыла ў Омску (верагодна з бацькам).

Напомнім, што Нагорскі стаў другім мужам Элізы Ажэшкі. Ці не ў працэсе вышэй названай працы Станіслава Антонавіча пісьменніца пазнаёмілася са сваім прататыпам героя рамана. Звернем увагу і на напісанне прозвішча – Каменьскі, а не распаўсюджанае Камінскі. Дачка і яе павераны пісалі менавіта так.

Вячаслаў Швед, прафесар гісторыі,

для Беларускай праўды

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: