Калі атрымліваеш у архіве справу, а “Ліст выкарыстання дакумента”, які ў ёй ляжыць, беласнежна чысты (гэта азначае, што акрамя архівістаў ніхто з даследчыкаў не выкарыстоўваў), дык глядзіш гэтую справу з заміраннем сэрца і спадзяешся хаця б на маленькія адкрыцці. С такім пачуццём я пачаў гартаць невялікую справу ў Нацыянальным гістарычным архіве ў Гродне пад назвай ”Ванькович Иван Валентинович, лесничий Пружанского лесничества“.

Фрагмент работы польскага мастака Артура Гротгера, прысвечанай паўстанню 1863-1864 гадоў

 

У ёй знаходзіўся фармулярны спіс Яна Ваньковіча – сына вядомага беларускага мастака Валенція Ваньковіча, складзены ў час следства над ім, паўстанцам 1863 г. Канешне, з беларусіх энцыклапедый нам вядома пра тое, што ён скончыў Лясны інстытут, але фармулярны спіс дае нам цікавыя падрабязнасці. Ян скончыў яго ў 1856 г. у чыне прапаршчыка. 23.06.(5.07).1856 г. быў прызначаны ляснічым у Екацярынаслаўскую губ. З 13 (25).05.1857 г. кіраваў там Бахмуцкім лясніцтвам і за выдатную службу атрымаў чын падпаручніка (3.04.1860). З 21.05.(2.06).1860 г. – ён падпаручнік, ляснічы 1-га Пружанскага лясніцтва, а з 28.11 (10.12) яго кіраўнік.

11.03.1863 г. Ваньковіч стаў камандзірам атрада стральцоў у паўстанцкім аддзеле Стасюкевіча ў Падляскім ваяводстве, а затым у атрадзе Бонча-Чарнецкага. У ім браў удзел у нападзе на мястэчка Міжрэчча, дзе быў паранены ў ногу. 8 мая 1863 г. атрымаў намінацыю на капітана і стаў камандзірам партызанскага атрада ў Брэсцкім пав. Далучыўся ў маі 1863 г. да кобрынска атрада Л. Траўгута і разам з ім прымаў удзел у рэйдзе на Піншчыну і паўночную Валынь. У чэрвені каля м. Калоднае Пінскага ўезда паўстанцы былі акружаны царскім войскам і пасля бою (13.07) па загаду Траўгута разбіліся на дзесяткі і разбегліся. Хворы Траўгут перадаў кіраванне атрадам Ваньковічу.

Чытайце па тэме:  Ян Каменьскі. Паўстанец і герой рамана Э.Ажэшкі "Над Нёманам"

У ліпені 1863 г. Ваньковіч выехаў у Каралеўства Польскае, затым у Галіцыю (Львоў). 4.12.1863 г. намінаваны на пасаду начальніка кадраў 1-й секцыі рэгіёна Жулкеўскага, дзе працаваў да 22.03.1864 г., да арышту аўстрыйскімі ўладамі. З восені жыў у Парыжы і вучыўся ў гандлёвай школе Дувігнаў. Адначасова працаваў у гандлёвым доме Караля Лалоў (з 15.10.1864 пяць гадоў).

У 1869 г. пасяляецца ў Кракаве і працуе ў Галіцыйскім банку гандля і прамысловасці. На радзіме завочна быў прыгаворан да смерці.

Вячаслаў Швед, прафесар гісторыі,

для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: