Ні ў Беларусі, ні ў Венесуэлы няма рэсурсаў на аднаўленне ранейшага аб’ёму эканамічнага супрацоўніцтва.

Нікалас Мадура ў Мінску, 5 кастрычніка, president.gov.by

 

5 кастрычніка прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура наведаў з афіцыйным візітам Беларусь.

І Мадура, і Лукашэнка казалі пра “перазагрузку” двухбаковых стасункаў. Але ці ёсць падставы для такіх аптымістычных заяў, калі таваразварот паміж краінамі за апошнія два гады ўпаў у 50 разоў?

Беларуская праўда разам з кандыдатам гістарычных навук, спецыялістам па нееўрапейскіх цывілізацыях Яўгенам Красуліным паспрабавала разабрацца ў сітуацыі.

-Ці магчымы рэнесанс у стасунках паміж афіцыйным Мінскам і Каракасам?

-Гледзячы што разумець пад рэнесансам.

Аб’ём эканамічных праектаў, які быў за часам Уга Чавэса, сёння наўрад ці дасягальны: ні ў аднаго боку няма рэсурсаў для ажыццяўлення такіх праграм. Цяпер супрацоўніцтва хутчэй зводзіцца да словаў маральнай падтрымкі і, можа, да заяў на перспектыву.

Зараз у Мадуры праблема адна – рэфінансаваць пазыку перад Расіяй і знайсці новыя крыніцы фінансавання. А ў ідэале – падняць кошты на нафту, але гэтая задача, як мы бачым па спробах АПЕК скараціць здабычу нафты, амаль невырашальная.

-Візіт прэзідэнта Венесуэлы ў Расію вытлумачальны, як вы самі сказалі: Мадура дабіўся рэфінансавання пазыкі. Але што прыцягнула Нікаласа Мадуру ў Беларусь?

-У Беларусь Мадура завітаў найперш таму, каб падтрымаць добрыя сувязі, усталяваныя ў час Уга Чавэса, калі краіны сапраўды маглі прапанаваць супрацоўніцтва. Візіт у Мінск – таксама пошук той самай маральнай падтрымкі. Калі паглядзець на маршрут візіту Мадуры, то выбудоўваецца ланцужок: Масква – Мінск – Анкара. Падобнае цягнецца да падобнага: Мадура схільны да аўтарытарызму, таму і наведвае тыя рэжымы, якія дэманструюць падобную схільнасць. То бок, Мадура шукае падтрымкі сярод сабе падобных.

Чытайце па тэме:  МИД Израиля планирует закрыть посольство в Беларуси?

-Увогуле геаграфія еўразійскага турнэ кіраўніка Венесуэлы сапраўды шырокая: Расія, Беларусь, Турцыя. Якая сувязь прасочваецца паміж Мадурам, Пуціным, Лукашэнкам і Эрдаганам?

-Схільнасць да аўтарытарнага стылю кіравання, схільнасць да жорсткага падаўлення апазіцыі (канешне, у розных краінах па-рознаму падаўленне адбываецца), але ўсе яны сыходзяцца на тым, што іншыя меркаванні, альтэрнатыўныя палітычныя сілы мусяць ведаць сваё месца.

Падчас праводзяць абсалютныя паралелі паміж гэтымі людзьмі, з чым, канешне, нельга пагадзіцца. Па сваім стаўленні да эканамічнага ладу Эрдаган выбіваецца з гэтай кампаніі, бо з’яўляецца прыхільнікам капіталістычнай сістэмы, а Лукашэнка з Мадурам будуюць сацыялістычную мадэль; што да Пуціна, то ягоныя схільнасці цяжкавата вызначыць.
Заходзячы з іхніх ідэалагічных рознагалоссяў, можна знайсці адзіную кропку сутыкнення – схільнасць да аўтарытарнага стылю кіравання.

-Якія эканамічныя і палітычныя перспектывы праглядваюцца ў Венесуэлы?

-Перспектывы ў Венесуэлы зараз даволі цяжкія. Хоць зараз Bloomberg крыху і панізіў рызыку суверэннага дэфолту ў бліжэйшыя 12 месяцаў – з 65% да 61%, аднак сітуацыя ў Венесуэле вельмі цяжкая. Інфляцыя па выніках 2017 года ацэньваецца ў 700%, валютны рынак адсутнічае, дакладней, фрагментаваны на розных узроўнях – з рознымі курсамі, з чорным рынкам і, адпаведна, з вялікімі магчымасцямі для карупцыі (увогуле многія аналітыкі адзначаюць высокі ўровень карупцыі ў Венесуэле). Захад (ЗША і іншыя краіны) накладаюць санкцыі на Венесуэлу, якія ў перспектыве могуць толькі ўзмацніцца, – усё гэта робіць Венесуэлу дастаткова складаным партнёрам па эканамічнай супрацы ў бліжэйшай перспектыве.

Чытайце па тэме:  Лукашенко пока не чувствует необходимости запускать механизм передачи власти

Нейкі пазітыў можа з’явіцца толькі ў выпадку палітычных пераменаў. Гэта можа адбыцца тады, калі, напрыклад, Мадура пойдзе на перамовы з апазіцыяй. Каракас дэкларуе, што палітычныя перамовы з апазіцыяй адбудуцца, аднак адзін з лідараў апазіцыі літаральна пазаўчора казаў, што прагрэс у гэтай справе нулявы.
А яшчэ год таму, калі адбылася спроба перавароту ў Турцыі, сам Мадура казаў: тое, што зрабіў Эрдаган з апазіцыяй, – дзіцячы лепет у параўнанні з тым, што зробіць сам Мадура пры падобных спробах.

Але існуе ўсё ж верагоднасць, што Мадура пойдзе на перамовы з апазіцыяй, лібералізуе палітычны рэжым, адпаведна пойдзе паступовая лібералізацыя эканамічнага ладу. Але, на жаль, такі сцэнар хутчэй тэарэтычны.

Верагодней змены ў Венесуэле будуць звязвацца з пераменамі палітычнымі, то бок са зменай палітычнага рэжыму. А якім чынам гэтая змена можа адбыцца, пакуль прагназаваць цяжка – ці то ў межах канстытуцыйнага поля, ці то на хвалі гвалтоўных дзеянняў. Нават калі ўдасца правесці імпічмент, то месца Мадуры зойме цяперашні віцэ-прэзідэнт – такі ж чавіст, як і Мадура, пераменаў ад яго чакаць не выпадае.

-Высвечваецца і яшчэ адно падабенства паміж Беларуссю і Венесуэлай: і там, і там перамены звязваюцца са зменай палітычнага ладу.

-Беларускія аналітыкі пакідаюць магчымасць, што перамены могуць адбыцца без змены палітычнага рэжыму. Але, мяркуючы па ўсім, толькі змена палітычнага рэжыму зможа прывесці да перамен. Вада, як вядома, камень точыць, таму ўсё ж застаецца надзея, што неабходнасць рэформаў будзе зразуметая, пачутая і ажыццёўленая кіраўніцтвам Беларусі.

Чытайце па тэме:  Валерий Ковалевский: главное противоречие в отношениях Вашингтона и Минска сохраняется

Як і кіраўніцтвам Венесуэлы.

Глеб Юрын, Беларуская праўда


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.