Былы ўладальнік аднаго з першых беларускіх казіно Юры Данькоў чакае накіравання ў магілёўскую калонію № 15, паведаміла жонка асуджанага бізнесоўца Наталля Данькова.
dankov
«Муж сядзіць зараз у ізалятары на Валадарскага, адкуль яго ў любы дзень могуць павезці ў Магілёў, у калонію № 15. Канечне, хутчэй бы павезлі, бо ў калоніі ўсё ж прасцей, не ў чатырох сценах сядзіць. Можа, нейкую працу атрымае, нельга ж чалавеку быць зусім нічым не занятым».

Пасля суда, які скончыўся ў снежні мінулага года, Юрыя Данькова трымалі ў жодзінскім следчым ізалятары, умовы ў якім ён назваў «вельмі жорсткімі».

Маскоўскі раённы суд Мінска прызнаў Юрыя Данькова вінаватым у шэрагу эканамічных злачынстваў і ў арганізацыі прытону ды асудзіў на 8 гадоў зняволення. У траўні Мінгарсуд пацвердзіў гэтае рашэнне. Сваёй віны бізнецовец не прызнаў і заявіў Свабодзе, што стаў ахвярай перадзелу гульнявога рынку. Паводле Данькова, мінская міліцыя дзейнічала супроць яго на замову замежных інвестараў. Наталля Данькова кажа, што рашэнне Мінскага гарадскога суда будзе абскарджанае ў судзе вышэйшай інстанцыі, як і былое рашэнне Маскоўскага раённага суда.

Што кажуць дасведчаныя людзі пра магілёўскую калонію № 15, дзе будзе адбываць пакаранне Юрый Данькоў?

Былы палітвязень, праваабаронца Мікіта Ліхавід адзначыў, што гэтая калонія мае рэпутацыю «непрадказальнай». «Там начальнікам чалавек, на якога раней заводзілі крымінальную справу, але ён неяк з той гісторыі выкруціўся. Зэкі не любяць гэтую калонію, калі можна гэтак сказаць. Бо там незразумелыя парадкі, могуць прыдумаць для вязняў што заўгодна. Паказальны прыклад — гісторыя вязня Качуры, якога перавялі ў Магілёў-15 з калоніі ў Бабруйску. У Качуры захворванне ног, яму ў Бабруйску дазволілі выкарыстоўваць адмысловы абутак, але ў Магілёве гэта адмянілі, прымусілі хадзіць у кірзовых ботах, што яму супрацьпаказана. Качура пратэставаў і ў выніку апынуўся ў „крытай“ турме. Гэтак з чалавекам абышліся толькі дзеля таго, каб паказаць, хто тут гаспадар», — кажа Мікіта Ліхавід. Паводле звестак праваабаронцаў, у магілёўскай калоніі № 15 сядзелі былыя палітвязні Дзмітрый Ус, Зміцер Бандарэнка, Зміцер Буланаў, Яўген Сакрэт, Аляксандр Малчанаў.

Уладальнік казіно Юрый Данькоў вядомы таксама сваім удзелам у палітыцы. Ён былы дэпутат Мінскага гарсавета, спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам на прэзідэнта на выбарах 2001 года, але не сабраў патрэбнай колькасці галасоў.

Крыніца: Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...