Сёння ў Мінску прайшлі перамовы кіраўнікоў Беларусі і Венесуэлы — Аляксандра Лукашэнкі і Нікаласа Мадуры.

Николас Мадуро (слева) и Александр Лукашенко, president.gov.by

 

 

Перад гэтым ён сустракаўся з прэзыдэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Масква пагадзілася пайсці насустрач, каб перагледзець умовы рэструктурызацыі амаль 3-мільярднага доўгу.

Афіцыйны візіт кіраўніка Венесуэлы ў Мінск адбываюцца на фоне палітычнага і эканамічнага крызісу, які фактычна спаралізаваў ягоную краіну, адзначае Радыё Свабода.

Хоць прэзідэнцкія паўнамоцтвы Мадуры заканчваюцца ў 2019 годзе, венесуэльскі парламент, які кантралюецца апазіцыяй, не спыняе спробы імпічменту праз «невыкананне кіраўніком дзяржавы сваіх абавязкаў». Найперш яму ставіцца ў віну бяздзейнасць у барацьбе з эканамічным крызісам.

Таваразварот упаў з 1300 мільёнаў долараў да 2 мільёнаў

Нягледзячы на ўнікальныя прыродныя рэсурсы, багатыя нетры і вялізныя нафтагазавыя радовішчы, апошнія гады гэтая лацінаамерыканская краіна жыве ў стане жорсткіх эканамічных абмежаванняў. Рэгулярна прыходзяць звесткі пра недахоп прадуктаў харчавання і тавараў першай неабходнасці, ліміты на электрычнасць і ваду, чорны рынак і крымінал. Суседнія дзяржавы ледзь спраўляюцца з венесуэльцамі, якія штурмуюць прымежныя крамы і запраўкі.

Няпэўная палітычная будучыня Мадуры рызыкуе канчаткова паставіць крыж на беларускіх праектах у Венесуэле — нягледзячы на тое, што афіцыйны Мінск па інерцыі называе Каракас адным з галоўных эканамічных і палітычных партнёраў.

Інтэнсіўныя беларуска-венесуэльскія палітычныя і эканамічныя дачыненні распачаліся ў сярэдзіне 2000-х.

Яны трымаліся на асабістых кантактах «братоў па крыві» — як пафасна называлі сябе Аляксандр Лукашэнкі і Уга Чавес. Падчас візітаў на найвышэйшым узроўні выстройвалася доўгатэрміновая стратэгія супрацоўніцтва. У сакавіку 2013-га Уга Чавэс памёр ад анкалагічнай хваробы, і гэтая актыўнасць пачала затухаць.

Па выніках 2013 года таваразварот Беларусі і Венесуэлы склаў усяго 14% ад узроўню папярэдняга, а за наступны год гэты паказнік абваліўся адразу ў 25 разоў — ад 1 мільярда 300 мільёнаў долараў да паўсотні мільёнаў.

Чытайце па тэме:  У Мінску падняліся падаткі на здачу жылля, рэпетытарства, продаж хатніх жывёлаў

Па выніках 2016 года быў устаноўлены новы рэкорд — меней за 2 мільёны долараў. З часоў Уга Чавеса таваразварот Беларусі з Венесуэлай упаў у 700 разоў. Прычым імпарт з Венесуэлы ў статыстыцы не фігуруе ўвогуле, а Беларусь спыніла пастаўкі ў некалі стратэгічных пазіцыях — калійныя ўгнаенні, рухавікі ўнутранага згарання, пагрузчыкі, дарожная і будаўнічая тэхніка, запчасткі для аўтамабіляў і трактароў, будматэрыялы, лакі і фарбы, тэкстыль і г.д. У Венесуэле папросту няма на гэта грошай.

За першыя паўгода 2017-га лічба таваразвароту склала 5 мільёнаў долараў, амаль усё — беларускі экспарт.

Беларускае будаўніцтва ў Венесуэле амаль спынілася

У канцы 2000-х Уга Чавес і Аляксандр Лукашэнка ва ўрачыстай атмасферы далі старт амбітнай кампаніі — перасяліць венесуэльцаў з фавелаў у сучаснае жыллё. Было запланавана ўзвесці мільён сацыяльных кватэр, да рэалізацыі задумы падключылі праектантаў і будаўнікоў з арганізацыі «Белзамежбуд», НДІ горадабудаўніцтва, прадпрыемства «Мінскпраект» ды іншых.

Дзеля справядлівасці, па жыллю праграму-мінімум бакам выканаць удалося — летась абазначаны паказнік быў узяты. Аднак пасля гэтага жыллёвая праграма з удзелам беларусаў згарнулася: абвал нафтавых цэнаў на сусветным рынку спыніў паступленні ў венесуэльскі бюджэт, сродкі на сацыяльныя праекты былі замарожаныя.

Намеснік дырэктара БелНДІ горадабудаўніцтва Юры Віннікаў пацвярджае, што апошнія гады адмыслоўцы ведамства ў Венесуэле не запатрабаваныя:

«Я ў Венесуэле не быў ад 2013 года. Нашы праекты пад Каракасам і ў Барынасе закрылі, ніякіх сувязяў больш не засталося. У нас быў абʼём па жыллю, мы сваю частку выканалі, пасля чаго супраца спынілася. Не магу сказаць, як праект закрываўся юрыдычна, аднак потым паездак не было — ні я, ні мае калегі туды больш не выязджалі. Відаць, узніклі праблемы з фінансаваннем. Нейкае будаўніцтва нібыта працягваецца, хоць не ведаю, у якіх абʼёмах і дзе канкрэтна, бо ні з кім з былых партнёраў стасункаў не падтрымліваем. Але, зноў жа, калі зніжаюцца абʼёмы фінансавання, натуральным чынам зніжаюцца і абʼёмы будаўніцтва».

Чытайце па тэме:  Путин - Лукашенко: нам есть о чем поговорить

​Ад пачатку планавалася, што ў Венесуэле беларусы будуць працаваць на прадпрыемствах па зборцы трактароў «Беларус», аўтамабіляў МАЗ, пагрузчыкаў «Амкадор», узводзіць жыллё, газіфікаваць паселішчы, здабываць нафту, абслугоўваць радовішчы.

Пэўны аб’ём сапраўды быў зроблены, але сёння ў адміністрацыях пералічаных заводаў прызнаюць: пастаўкі камплектных частак за акіян спыненыя. Пры тым, што, згодна з задумай, адных толькі трактароў «Беларусь» меліся збіраць 5 тысяч штогод. Нейкі час завод у Барынасе яшчэ працаваў на старых запасах, бо з прычыны шматузроўневай бюракратыі машынакамплекты месяцамі чакалі сваёй чаргі.

Беларускіх спецыялістаў у Венесуэле амаль няма

Няма замоваў і на газіфікацыю жылых дамоў. Прадпрыемства «Белгазбуд» укамплектавала тэхнічным абсталяваннем блізу 15 тысяч дамоў у Барынасе, але новы кантракт так і не быў падпісаны. Цяпер беларускіх газавікоў у Венесуэле няма.

Зайшлі ў тупік некалькі сумесных праектаў з прыцягненнем адмыслоўцаў абʼяднання «Белпалівагаз». Цягам папярэдніх гадоў у Венесуэлу пастаўлялася абсталяванне для пераводу аўтамабіляў з бензіну на газ, беларусы на сталай аснове навучалі мясцовых спецыялістаў. Апошнім часам выязджалі толькі некалькі кансультантаў для падрыхтоўкі кадраў для будучага газаправоду.

Зрэшты, падобна, што і праект будоўлі 200-кіламетровай ніткі Баркісімета — Барынас на няпэўны час пакладзеныя пад сукно. Распачаць работы меркавалася яшчэ ў 2014 годзе, было створана прадпрыемства «Венесуэлагазбуд С.А.», але фінансавання хапіла толькі на падрыхтоўку дакументацыі.

Сёння няма сістэматызаваных звестак, колькі беларусаў працуе ў Венесуэле. У лепшыя часы, калі вяліся будаўнічыя работы, у афіцыйных крыніцах фігуравала інфармацыя пра «некалькі тысяч» кантрактнікаў —будаўнікоў, інжынераў, архітэктараў, спецыялістаў газавай і нафтавай галіны. Цяпер зрэдку выпраўляюць кансультантаў, якія забяспечваюць працу складанага абсталявання. Лік ідзе на адзінкі.

«Тыя, хто сёння сустракаюцца, як мінімум дрэнна праінфармаваныя пра жывыя вынікі таго, што і чаму ў іх не атрымалася, — лічыць адзін з будаўнікоў, які некалькі гадоў працаваў у Венесуле. — Таму ўсё і спісваецца на «палітычную нестабільнасць» у Венесуэле. Яна ў гэтай сітуацыі ёсць найлепшай магчымасцю захаваць аблічча, дзе канкрэтныя ўласныя хібы элегантна закрываюцца ў катэгорыю «дэструктыўнай дзейнасці вонкавых і ўнутраных ворагаў».

Чытайце па тэме:  СИЗО №1, или "Володарка": не верь, не бойся, не проси

Супольныя нафтагазавыя праекты пад пагрозай

Неакрэслена выглядае будучыня і ў галіне, якая на зары супрацоўніцтва падавалася ці не самай перспектыўнай, — нафтавай. У 2010-м на тле сыравіннага канфлікту з Масквой у свеце назіралі за лагістычным эксперыментам Мінска і Каракаса — 80 тысяч тон венесуэльскай нафты больш за месяц спачатку плылі танкерам праз акіян, а потым 1,5 тысячы цыстэрнаў ехалі чыгункай да Мазыра, каб забяспечыць некалькі дзён працы мясцоваму перапрацоўчаму заводу.

Пасля некалькіх ходак было вырашана змяніць стратэгію і дапусціць Беларусь да радовішчаў «чорнага золата» ў Венесуэле. Але створанае сумеснае прадпрыемства «Петралера БелВенесалана» замест запланаваных 7 мільёнаў тон нафты штогод здолела выйсці толькі на мільён — няшмат у параўнанні з тым, што перапрацоўваюць беларускія НПЗ з расійскай сыравіны. Аналагічная гісторыя і з прыродным газам — менш за 1 мільярд кубаметраў на год. Але сёння няма і гэтых аб’ёмаў.

Нацыянальная эканоміка Венесуэлы больш як на 90% залежыць ад продажу энергарэсурсаў. Нягледзячы на адны з найбагацейшых сусветных запасаў нафты, краіна засталася бяз вонкавага падсілкоўвання — 50 долараў за барэль (плюс-мінус ваганні) для «цяжкога» гатунку венесуэльскай нафты мала. Прэзідэнт Мадура падкрэсліваў, што справядлівы кошт — 100 долараў, хоць насамрэч для забеспячэння бюджэтнага балансу краіне патрэбна 130 долараў.

Паводле ацэнак экспертаў, пры зніжэнні цэнаў на нафту ўсяго на 1 долар бюджэт Венесуэлы губляе 700 мільёнаў долараў. Пустая казна ўжо справакавала самую высокую ў свеце інфляцыю, а за ёй — і ланцужок наступстваў: збядненне насельніцтва, паніку на таварным рынку, пераслед спеэкулянтаў і тых, хто стараецца затаварыцца ў запас.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.