Адно – на свет, на людзей, на іх жыццё глядзець з палітыкі, іншае – з мастацтва, з літаратуры.

У першым выпадку людзі – маса. Натоўп, які для паліткарэктнасці называюць народам, і які ці цалкам (у так званай вялікай палітыцы), ці часткова (у палітыцы меншай) скарыстоўваецца ў мэтах той жа палітыкі, якой да асобна ўзятага чалавека, да ягоных жарсцяў, бедаў, каханняў, нянавісцяў, хваробаў – ніякай справы. Сам чалавек для палітыкі не каштоўнасць, вартасць маюць толькі функцыі, якія ён можа выконваць. Дзеля выканання гэтых функцый (выбаршчыка, патрыёта, партыйца, жаўнера і г.д.) несупынна працуе ідэялагічная машына, высілкамі якой ствараецца так званая масавая свядомасць, у якой асобна ўзяты чалавек проста патанае. Ну, як дождж, які падае ў акіян. Кожны ў тым акіяне можа, вядома, думаць, што ён асобная кропля, але яно не так.

Для мастацтва, для літаратуры каштоўнасць – дажджынка. Сам чалавек з ягонымі жарсцямі, бедамі, каханнямі, нянавісцямі, хваробамі. Для мастацтва, для літаратуры гэтая дажджынка і ёсць акіян. І ў тым прынцыповая розніца паміж мастацтвам і палітыкай.

Каштоўнасць гэтай дажджынкі, гэтага акіяну асобна ўзятага чалавечага жыцця найвастрэй адчуваеш, калі пішаш мастацкі тэкст. Без гэтай дажджынкі ён – хоць у вершах, хоць у прозе – пусты.

Гэтаксама пусты свет без чалавека, якога стварыў Бог, каб свет не быў пустым. А каб сам ты ў гэтым свеце пустым не быў, Гасподзь напоўніў яго табе падобнымі, каб ты мог іх любіць і імі напаўняцца. І ў дзень народзінаў Сына Божага адчуваеш гэта з асаблівай пранізлівасцю і глыбінёй.

Сёння я кажу пра гэта не толькі таму, што маю нейкі досвед і ў літаратуры, і ў палітыцы. Увогуле ў жыцці. У гэты дзень, дзякуючы Богу за пасланага нам Сына Ягонага, я хачу сказаць вам, што кожнага з вас люблю. Не ўсіх, а кожнага. І кожнаму зычу Божай ласкі. І кожнага, каго пакрыўдзіў словам ці дзеяннем, прашу дараваць. І кожнага помніць, што няма ў нас у свеце нікога, апроч нас саміх, і няма ніякіх цудаў, апроч цуда жыцця, дадзенага Богам.

З Калядамі!

Уладзімір Някляеў


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Leave a comment