«Белсат» распачынае грамадскую кампанію «Беларускамоўны», каб зраўнаць беларускую мову з расейскай – у рэальным жыцці.

Грамадская кампанія года. Аўтар каляндару «Белсату» на сёлета – мастак Уладзімір Цэслер

 

Згодна са звесткамі перапісу 1999 года, беларуская была роднай мовай для 73 % жыхароў нашай краіны, удома на ёй размаўлялі, аднак, толькі 37 % людзей.

Праз дзесяць гадоў беларускую сваёй роднай назвалі 53 % насельніцтва, удома на ёй размаўлялі ўжо толькі 24 % грамадзянаў.

Гэтая дынаміка сурочыць, што падчас сёлетняга перапісу, які пройдзе ў кастрычніку, колькасць беларускамоўных можа знізіцца на чарговыя 10–15 адсоткаў.

Гэткая моўная сітуацыя ў Беларусі – вынік дыскрымінацыі адной з дзяржаўнай моваў цягам апошніх дзвюх дзесяцігоддзяў. Змяншаецца колькасць беларускамоўных класаў, школаў і дзіцячых садкоў, не кажучы ўжо пра тое, што ў Беларусі няма ніводнай беларускамоўнай вышэйшай навучальнай установы.

За права вучыць дзяцей на сваёй мове беларускамоўным бацькам даводзіцца змагацца. Яны робяць гэта настолькі часта, што само слова ў вачох некаторых беларусаў набыло значэнне не зусім адэкватных паводзінаў.

На змаганне з дзяржаўнай сістэмай, якая не падтрымлівае жаданне жыць па-беларуску, патрэбная энергія і веды. Калі беларускамоўныя – меншасць у Беларусі, то маладыя, адукаваныя і актыўныя – меншасць меншасці. Згодна з апошнім перапісам, моўныя характарыстыкі беларуса наўпрост звязаныя з ягоным узростам і адукацыяй. Найчасцей па-беларуску размаўляе вясковец у сталым веку, які мае толькі пачатковую адукацыю.

Графік апісвае размеркаванне жыхароў Беларусі старэйшых за 15 гадоў, якія адказалі на пытанне пра адукацыю і назвалі ў якасці роднай мовы беларускую або расейскую. Крыніца – Белстат via Tut.by

 

Графік апісвае размеркаванне жыхароў Беларусі старэйшых за 15 гадоў, якія адказалі на пытанне пра адукацыю і назвалі ў якасці мовы хатняй камунікацыі беларускую або расейскую. Крыніца – Белстат via Tut.by

 

Згодна з нашай місіяй – даваць беларусам доступ да незалежнай інфармацыі па-беларуску – мы хочам змабілізаваць нашых гледачоў і ўсіх беларусаў да актыўных дзеянняў на карысць раўнапраўнасці беларускай мовы.

Мы як тэлебачанне ўжо сёння сутыкаемся з тым, што глабальныя інтэрнэт-пляцоўкі, на якіх прысутнічае наш канал, адмаўляюцца змяшчаць нашую рэкламу.

«Google не ставіць нашую беларускамоўную рэкламу, аргументуючы гэта тым, што яны не падтрымліваюць беларускую мову, – кажа рэдактарка інтэрактыўных медыяў «Белсату» Вольга Швед. – Яны нават адмаўляюцца ад грошай, якія мы ім даем, толькі таму, што яны не падтрымліваюць мову: маўляў, для іх немэтазгодна ўводзіць новыя мовы, якімі ніхто не карыстаецца. Усё, што па-беларуску, для іх не існуе як кантэнт».

Мы хочам змяніць гэтую сітуацыю – і не толькі скаргамі да адміністрацыі амерыканскай карпарацыі.

Ад вынікаў перапісу залежаць не толькі нашыя аргументы ў спрэчках з «Google», але і аргументы беларускай нацыі ў размовах з усходнім суседам, які калі-небудзь можа захацець абараніць «русский мир» у Беларусі.

Таму супольна з нашымі партнёрам мы распачынаем грамадскую кампанію «Беларускамоўны», каб падтрымаць дзеянні на карысць фактычнай раўнапраўнасці абедзвюх дзяржаўных моваў.

Для гэтага заахвочваем падчас перапісу на пытанне пра родную мову і мову камунікацыі зазначаць беларускую.

Кампанія «Беларускамоўны» закліканая даць беларусам права на родную мову не толькі ў 17-м артыкуле Канстытуцыі ці аб’явах абвестак у метро, але і ў басейнах, меню кавярняў і кінатэатрах.

Аб далучэнні да кампаніі ўжо заявілі «Арт Сядзіба», платформа «Талака», крама «Symbal.by», Задзіночанне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускі ПЭН-цэнтр і Асамблея НДА Беларусі.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...