Расьсьледаваньне справы аб выкраданьні зброі і боепрыпасаў у адной з вайсковых часьцей Баранавічаў працягваецца, ужо затрымана 20 чалавек, паведамілі Радыё Свабода ў Сьледчым камітэце. Абвінавачаныя даюць прызнальныя паказаньні.

Пра тое, што ў адной з вайсковых часьцей Баранавічаў адбываліся крадзяжы зброі і боепрыпасаў, недзяржаўныя СМІ паведамілі 6 жніўня. Пазьней факт крадзяжу пацьвердзілі ў Мінабароны і Сьледчым камітэце.

8 жніўня СК паведаміў, што па справе аб крадзяжы зброі ў Баранавічах затрыманыя 14 чалавек. Ініцыятарам узбуджэньня крымінальнай справы стаў камандзір часьці.

Таксама на пачатку жніўня стала вядома, што адзін зь фігурантаў справы — 24-гадовы прапаршчык Дзьмітры К., які, паводле папярэдняй інфармацыі, выносіў зброю з тэрыторыі часьці. Родныя Дзьмітрыя яго віну катэгарычна адмаўляюць. Як расказала ў размове з журналістам парталу Tut.by маці Дзьмітрыя Ларыса, яе сын увесь час аддаваў службе і жыў вельмі сьціпла. Пра затрыманьне сына яна даведалася празь пяць дзён, калі да яе зь ператрусам прыехала сьледчая група.

Як стала вядома Свабодзе, сьледчыя дзеяньні па справе аб крадзяжы зброі ў Баранавічах працягваюцца дагэтуль. Колькасьць затрыманых па ёй асобаў павялічылася да 20 чалавек.

«Выяўлена 20 чалавек, якія маюць дачыненьне да зьдзяйсьненьня супрацьпраўных дзеяньняў, — сказаў Свабодзе кіраўнік аддзелу інфармацыі Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч. — Адзін зь іх затрыманы на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі з выкрадзенай зброяй. Вырашаецца пытаньне аб яго экстрадыцыі. Фігуранты справы даюць прызнальныя паказаньні. Уся выкрадзеная зброя выяўленая і сканфіскаваная», — сказаў Кабаковіч.

Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца. Калі яе перададуць у суд, пакуль невядома.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: