Дырэктара 11 маладзечанскай школы пакаралі за смерць 13-ці гадовай школьніцы Вікторыі Папчэні “на бульбе” праз два месяцы пасля інцыдэнту. Дзяўчынка загінула пад коламі грузавіка, яна не чула яго набліжэння, бо мела праблемы са слыхам.

bulba_1

Каго яшчэ пакаралі

“Так, мне далі вымову а маіх намеснікаў перавялі ў настаўнікі”, — пацвярджае Еўрарадыё дырэктар школы Аляксандр Люльковіч.

Апроч яго пакаралі і чыноўнікаў з мясцовага аддзела адукацыі, канкрэтнае імя ў райвыканкаме называць адмаўляюцца:

“Не хацелася б гэта каментаваць. Калі будзе патрэба, мы прадставім гэтыя дадзеныя грамадскасці”, — суха адказваюць у райвыканкаме.

Хто застаўся “за кадрам”

Па сёння не вядомае імя чыноўніка, які адправіў збіраць бульбу школьнікаў у абыход закона. Бо трынаццаці гадовым нельга працаваць, агулам такі загад парушае адразу шэсць законаў!

“29 верасня з вучаніцай 8 класа 11 сярэдняй школы Папчэняй Вікторыяй Алегаўнай здарыўся няшчасны выпадак у выніку наезду, здзейсненага кіроўцам грузавога спецыяльнага самазвала. Па факце ДТЗ распачата крымінальная справа. Праведзенае службовае расследаванне адміністрацыяй школы з удзелам прадстаўніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама”, — адказваюць чыноўнікі на афіцыйны запыт Еўрарадыё з просьбай назваць імя аўтара загада.

Як вядома Еўрарадыё, пісьмовую згоду на тое, каб дзяўчынка ехала збіраць бульбу, яе бацькі не давалі.

Хто адкажа за смерць дзяўчынкі

Фігурантам справы пакуль застаецца кіроўца таго самага грузавіка Павел. Ён не пад вартай, з ім правялі следчы эксперымент. З працы 22-гадовага хлопца не звальнялі. Настаўнікі, якія суправаджалі школьнікаў на полі, працуюць у школе далей. Следства пакуль вядзецца і “усе версіі правяраюцца”. То бок адказаць могуць усе: ад чыноўнікаў да настаўнікаў, гэта вырашыць суд.

Што кажуць чыноўнікі

Бацькі школьніцы і праваабаронца Леанід Судаленка звяртаюцца ва ўсе інстанцыі, каб у справе разабраліся. Але пакуль ніякай канкрэтыкі не атрымліваюць.

“Ні працоўных, ні грамадзянска-прававых адносінаў са школьніцай не было ўстаноўлена”, — гэта адказ на зварот бацькоў дзяўчынкі ў дэпартамент дзяржінспекцыі па працы і сацыяльнай абароне.

Чыноўнікі ад Мінадукацыі, аказваецца, яшчэ раней папярэдзілі аблвыканкамы, што нельга накіроўваць дзяцей “на бульбу”.

“Навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі <…> да выканання сельскагаспадарчых работ не прыцягваюцца”, — адказалі ў міністэрстве.

На думку Леаніда Судаленкі, пакуль справу імкнуцца падаць як звычайнае ДТЗ:

“Вымова гэта самае малое, што мусіць быць у такой сітуацыі. Мінадукацыі яшчэ ў красавіку забараніла прыцягваць дзяцей да такіх прац. А цяпер мы бачым жаданне ўсё спісаць на банальнае дарожна-транспартнае здарэнне. І ніхто не кажа, чаму ў абыход законау 13-ці гадовая дзяўчынка аказалася ў полі”.

Цяпер бацькі дзяўчынкі звярнуліся ў суд. 28 лістапада адбудзецца папярэдняе слуханне.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...