Нядаўна меў доўгую гаворку з сябрам — чалавекам, дасведчаным у палітыцы, эканоміцы, сацыяльных пытаннях. Ён лічыць, што змены да лепшага ў Беларусі адбудуцца тады, калі сваім жыццём будзе незадаволена большасць жыхароў, калі той, хто працуе, не атрымае зарплаты, а старым не прынясуць пенсіі.

Сяргей Законнікаў, Новы час

 

З радыкальным меркаваннем пагадзіцца можна, яно нібыта лагічнае. Я і сам памятаю пра тутэйшы менталітэт, пра бясплённасць памяркоўнасці, бачу палітычную неадукаванасць большасці грамадства, якая, магчыма, зрушыцца «адным толькі голадам». Але ў гэтым сцвярджэнні маецца шмат спрэчнага, бо такім чынам спрашчаецца складаная праблема дэмакратычных перамен у аўтарытарнай краіне. Як бы кепска ні гаспадарыў рэтраградны рэжым, ды ў сучасных умовах такога эканамічнага і сацыяльнага абвалу, які можа вывесці людзей на вуліцы, не будзе. Расійскія і заходнія «зацікаўленыя дабрадзеі» дадуць афіцыйнаму Мінску пазыкі, у чарговы раз уключыцца друкарскі станок, каб наштампаваць «каштоўных паперак».

Маштабныя ўзрушэнні, як у нас, так і ў Расіі, хутчэй выкліча не голад, а маральная дэградацыя, фантастычная сквапнасць, абагачэнне праз карупцыю, крадзяжы і хабарніцтва, адміністратыўная і рэпрэсіўная «расперазанасць» кіраўнікоў. Невыкананне законаў, бяспрыкладная ўсёдазволенасць, якую для сябе стварылі вярхі і розныя прыстасаванцы, што круцяцца каля іх, выклікаюць абурэнне мільёнаў пакрыўджаных, збяднелых і пазбаўленых праўды людзей, уцягваюць дзве краіны ў жорсткі сацыяльна-палітычны крызіс.

Новым сведчаннем стала жахлівая трагедыя ў расійскім Кемерава, дзе гандлёвы цэнтр «Зимняя вишня» згарэў разам з людзьмі, пераважна дзецьмі. Найбольш загінулых было ў кінатэатры, выхад з якога на час сеанса наглуха зачынілі.

Сэрца заходзілася ад пякучага болю, калі чытаў у жалобных рэпартажах апошнія словы пяцікласніцы Вікі Пачанкінай з пасёлка Трашчэўскі, якая, задыхаючыся ў атрутным дыме, пісала ў смартфоне: «Передай маме, что я ее любила. Передай всем, что я их любила», калі бачыў у інтэрнэце шматтысячны мітынг, абліччы бацькоў, што страцілі дзяцей! Разам з тым так агідна было глядзець на губернатара А. Тулеева, які выбачаўся не прад родзічамі загінулых і ўсімі кемераўцамі, а прад прэзідэнтам Расіі У. Пуціным: «Владимир Владимирович, Вы лично звонили мне. Еще раз спасибо великое. Прошу прощения лично у Вас за то, что случилось на нашей территории».

Для начальнікаў людскія трагедыі стаяць на апошнім месцы, ім важней захаванне высокіх пасадаў, уласныя чыноўніцкія стасункі. Мне помняцца прачытаныя словы нямецкага перасяленца з Чыты, які яшчэ ў 1919 годзе гаварыў: «Россия… Что ж Россия, известное дело, здесь спокон веку человек ценится недорого. Не дороже водки, чая, сахара…»

Губернатар, а затым і прэзідэнт, які прыляцеў у Кемерава, спалохаліся сустрэчы з народам, які стаяў на плошчы. Да іх з цяжкасцю прарваліся толькі некалькі чалавек. Затое высокапастаўленыя бонзы адразу спіхнулі віну на «стрэлачнікаў», на «преступную халатность и разгильдяйство», а ў гневе людзей імгненна ўбачылі падкопы апазіцыі, «акцию бузотёров». Гарадскія чыноўнікі нават чалавека, які страціў у пажары жонку і дзяцей, абвінавацілі ў спекуляцыі на чужым горы. А ён выкрыкнуў на ўсю плошчу: «Путин здесь? Давайте его сюда!» Людзі гаварылі адкрыта: «Вы эвакуировать людей не можете. Вы пожар потушить не можете. Вы правду сказать не можете. А что вы тогда можете?»

Разрыў паміж уладай і народам сёння велізарны. Аўтакраты размаўляюць з людзьмі пераважна праз экран тэлевізара і зрэдку на тэрыторыі, ачэпленай спецслужбамі, асцярожна выходзяць да пільна прасеянай халуямі аўдыторыі, каб агучыць свае намеры або апраўдацца. Тут яны стаяць апранутымі ў бронекамізэлькі і за шырокімі спінамі ахоўнікаў.

Не ратуе сітуацыю і традыцыйны «прыём наведвальнікаў», які змушаны наладжваць чыноўнікі і дэпутаты. А пісьмовыя скаргі грамадзян на мясцовых начальнікаў адфутбольваюцца ім жа ў рукі.

У аўтарытарнай краіне ні правіцель, ні наменклатуршчыкі не нясуць ніякай адказнасці перад народам. Якраз па гэтай прычыне, нягледзячы на грозныя абяцанні навесці парадак «жалезнай рукой», немінуча падае дысцыпліна і слабее кантроль. Пажары з ахвярамі, няхай не такога маштабу, як у Кемерава, здарыліся за апошнія гады і ў Беларусі на прадпрыемствах, у службовых будынках, у жыллёвым фондзе.

У роздумах я пастаянна аналізую вельмі важную праблему, якую не хоча заўважаць наша грамадства: пры аўтарытарызме зводзіцца да мінімуму жывы працэс чалавечага думання, адбываецца спрашчэнне жыцця, давядзенне яго да прымітыву. Ёсць філасофскае тлумачэнне духоўнай дэградацыі, але яе больш наглядна высвечваюць простыя побытавыя варункі.

Расійскі палітолаг К. Шульман пасля кемераўскай трагедыі напісала змрочныя, забойчыя словы: «Наш с вами национальный символ — это запертая дверь». Яны наўпрост тычацца і беларусаў…

Калі ў Мінску ўвялі ў эксплуатацыю будынак новага чыгуначнага вакзала, які знешне нагадвае еўрапейскія збудаванні, я, ведаючы мясцовыя завядзёнкі, праз пару тыдняў рашыў паглядзець, што там робіцца з дзвярыма. Не толькі запасныя выхады, але і трэць звычайных дзвярэй была зачынена.

У цывілізаваным свеце ўсё робіцца для таго, каб было зручна і камфортна наведвальнікам: пасажырам, пакупнікам, гледачам, пацыентам. Прытым гэта тычыцца не толькі інвалідаў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і старых, а кожнага чалавека. Выхады, пераходы, ліфты, эскалатары тут не працуюць толькі ў выпадку рамонту, які, дарэчы, праводзіцца хутка, а не расцягваецца на гады, што для нас стала звыклым.

Наша рэчаіснасць іншая — абслугоўваючы персанал стараецца стварыць лепшыя ўмовы для сябе, імкнецца звесці сваю працу да мінімуму. Паводле тлумачэнняў ахоўнікаў розных аб’ектаў, зачыненыя дзверы — гэта засцярога ад злодзеяў, а яшчэ і ад тэрарыстаў. Няважна, што на адным выхадзе людзям даводзіцца тоўпіцца, ціскацца, затое — «граница на замке».

Чыноўнікі лічаць, што прапаноўваць насельніцтву разнастайнасць, шырокі выбар няварта, бо гэта ўскладняе працу. Лепей уніфікаваць, прычасаць усё пад адзін грэбень. Нездарма ў гарадскіх дамах заварваюць смеццеправоды: нясіце адыходы ў двор. А там кантэйнеры, якія нават маюць накрыўкі, стаяць адчыненымі, разносячы жахлівы пах. Чаму? Так смеццезборшчыкам зручней выгружаць, эканоміцца час. Вось і атрымліваецца, што людзі жыўцом гінуць у полымі, бо дзверы зачыненыя, а смуроду даецца поўная свабода.

Спрашчэнне людскога жыцця, якое падабаецца аўтакратам, выглядае так: адна звіліна ў чалавека ў галаве, адны дзверы ў будынку, адзін кандыдат у прэзідэнты. Старэйшае насельніцтва з навязаным прымітывам пагаджаецца.

Але час ідзе, падрасло «інтэрнэтнае пакаленне», большая частка якога не хоча мірыцца з такім раскладам. Яно не будзе чакаць ні прыходу лютага голаду, які нараджае рэвалюцыйную сітуацыю, ні самаліквідацыі рэжыму шляхам гніення да ганебнага канца.

Чалавечая годнасць можа спаборнічаць з эканамічнымі фактарамі. Людзі, у якіх ёсць самапавага і сумленне, абавязкова выйдуць і скажуць: «Хопіць!» Ключ да зачыненых дзвярэй, за якімі жаданая свабода і лепшае жыццё, у іхніх руках.

Сяргей Законнікаў, Свободные новости плюс

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: