Паміж «усходнікамі» і «заходнікамі» доўга яшчэ існаваў класавы антаганізм. Як сыты галоднага не разумее, так і галодны — сытага. Заможнасць лічылася недаравальнай — з пункту гледжання камуністычнай ідэалогіі — правінай.

Дэмакратыя пад акупацыяй

Для мяне стала навіной, што на Усходняй і Заходняй частках акупаванай Беларусі існавалі розныя формы кіравання. У Заходняй Беларусі кіравалі цывільныя адміністрацыі, якія часта ўзначальвалі палякі. Пасада вясковага старасты — солтыса — была выбарнай. У некаторых вёсках сяляне дамовіліся адбываць абавязкі «старшага» па чарзе, па месяцу кожны. Солтысы лавіявалі паміж акупантамі і мясцовымі жыхарамі і не раз ратавалі аднавяскоўцаў ад смерці. Адну з такіх гісторый я сустрэла ў друку.

Немцы з аўтаматамі, аўчаркамі ачапілі вёску. Людзі стаяць, маўчаць, некаторыя плачуць, некаторыя моляцца ў чаканні смерці. І тут з натоўпу выходзіць наперад солтыс: становіцца перад фашыстамі на калені і просіць за аднасяльчан — жанчын, дзяцей, старых. Ён запэўнівае немцаў, што вёска з партызанамі не звязаная, што іх мужчын у лесе няма (што было няпраўдай). На шчасце, яму паверылі. Узрадаваныя вяскоўцы спешна сабралі для «немчуры» харч. А солтыса пасля вяртання Другіх Саветаў ніхто не выдаў, інакш яго «загналі б у Калыму», апавядае Вера Пазняк.

Бывала, што солтысы ўладжвалі канфліктныя сітуацыі і з партызанамі.

Пра сваю маладую маці расказвае Ніна Паўлаўна Пернікава (Кулік): «Ноччу ў акно хаты пагрукаліся коннікі з вінтоўкамі. Маці кінулася босая па снезе папярэдзіць сястру, што партызаны забіраюць зерне. Конныя за ёю, па слядах. Прыскакалі, грукаюцца ўжо да сястры. Дзяўчыну хацелі расстраляць. Маўляў, калі яна да вас тры кіламетры даімчала, то і да немцаў дабяжыць. Паднялася ўся вёска, людзі пабеглі да солтыса, і той уладзіў справу. Дзед, канечне, аддаў партызанам схаванае зерне: «Што хочаце бярыце, толькі не чапайце дачку…»

З Заходняй нават у Нямеччыну траплялі па-іншаму. «У нас была звычайная вярбоўка: хто хацеў, той і ехаў». Альбо солтыс развозіў па хатах павесткі з прадпісаннем збірацца на працу ў Рэйх. Ля Налібоцкай пушчы за непадпарадкаванне гітлераўцы знішчылі цэлую вёску.

 

Другія Саветы — не значыць іншыя

Пры Другіх Саветах пачалася другая хваля рэпрэсій. Пры раскулачванні сям’і Сяліцкіх забралі ўсё, нават пустыя бутлі. Звезлі малацілку, нажытую «не сваёй працай». Прыязджалі падводы, чалавек з ружжом падпісваў паперы — і ўсё забіралася. Маці плакала і прасіла: «Пакіньце хоць што дзецям!»

Згадвае Ніна Лявончык:

«З нашай вёскі высланы былі Аксіння і Рыгор Клямёнак з дзесяццю дзецьмі. Яны, як і многія іншыя, наймалі на сезонную працу работнікаў, але ж і самі гнулі спіны. Так працавалі, што адзенне ад солі карабацілася… Пасадзілі ўсіх на колы і павезлі. Такія былі добрыя, прыязныя людзі, а вярнуліся з высылкі — мы іх не пазналі. Недаверлівыя, з-пад ілба глядзяць, суседзяў баяцца… Нават унук выглядаў ваўчанём і з намі, дзецьмі, не лучыўся.

Далі сялянам соткі, а як іх абрабляць? Ва ўсіх жа пазабіралі вупраж, калёсы, коней… Праўда, людзі тое-сёе ад уладаў прыхавалі: хамут які, плуг, саху. Дарослыя ад агентаў пахаваюцца, а нам, дзецям, наказваюць: «Кажыце — не ведаем, дзе маці з бацькам».

У ямах на былых хутарах хавалі хатнюю жывёлу. Помню, у Юстыніных ямах рохкаюць парсючкі, мычаць цяляты, бляюць авечкі… За два кіламетры мусілі насіць жывёле ежу і ваду. Ад такога жыцця татавы браты і сёстры паз’язджалі хто куды. Прыедуць з Латвіі і дзівяцца, як бедна мы жывём…»

«Мы былі закончаныя трудаголікі, — лічыць Соф’я Капуцкая. — Што на хутары, што ў калгасе. Усёй сям’ёй шчыравалі на калгасных дзялках, грабілі сена, жалі жыта, палолі лён, маці адзін час была звеннявою. Хутары сцягваліся ў вёскі. Калгасы ствараліся з цяжкасцю, старшыні кожныя паўгода мяняліся. Паставяць, было, п’яніцу, а той і на сваім падворку не гаспадар… Коні дохлі, інструмент псаваўся. Калгаснае кралі і прадавалі».

Тры з паловай гады адседзеў у турме Апанас Малец з вёскі Феліксы ля Малога Мажэйкава. Ён катэгарычна адмаўляўся ісці ў калгас. Не паважаў старшыню-гультая, які да прыходу Саветаў не злазіў з печы.

«Старшыня неяк рана і недарэчна памёр. Яго неслі на могілкі з бадзёрай піянерскай песняй: «По-гиб наш юный ба-ра-бан-щик»… Бацька пазбег раскулачвання, затое пагарэў на «спекуляцыі»: павёз з суседам прадаваць яблыкі ў Ленінград, машына, як на тое, перавярнулася, так іх застукала міліцыя.

І вось пасля адсідкі прыходзіць да нас знаёмы падатковы агент. Я памятала, як у нашай хаце ён калісьці зняў са сцяны і падраў на дробныя кавалачкі рэлігійны каляндар. Мама плакала, а бацька, зазлаваўшы, прымусіў сабраць абрыўкі. Ну, заяўляецца той самы чалавек. Як бы мірыцца. Мама прыгатавала абед. Палагаднелы прадстаўнік улады пытаецца:

— Апанас Ігнацьевіч, ці даволен ты сваёй жызняй?

— Не, я не давольны. Чаму вы раней не прыйшлі? Мы рукамі зямлю абраблялі, мучыліся, а цяпер, як арганізавалі калгас, ёсць жняяркі, малацілкі … Усё за нас тэхніка робіць, — не то жартам, не то ўсур’ёз адказаў бацька», — успамінае Марыя Пашкевіч.

Усё лепшае — дзецям

У былой Заходняй пры акупацыі працавала больш школ, тут школьныя будынкі радзей знішчаліся (у партызанскіх зонах яны лічыліся «стратэгічнымі аб’ектамі»). Затое стралялі настаўнікаў, прыроўніваючы іх да калабарантаў. Навучанне вялося па-беларуску, нямецкай чамусьці не вывучалі. Ніякай агітацыі за фашыстаў не праводзілася. Можа, яе замяняў партрэт Гітлера на сцяне?

Пры немцах два гады вучыўся Пётр Карповіч. Ён расказвае: «Вучні віталіся з настаўнікам воклічам «Жыве Беларусь!» і адметным жэстам — два пальцы ўгару. (Цяпер я разумею, чаму цалкам патрыятычны лозунг цяперашнія ўлады лічаць «антыдзяржаўным». — Г.К.) На нямецкай управе вісеў бел-чырвона-белы сцяг. У пачатковых класах спрабавалі ўвесці лацінку.

Адзін ці два скончаныя пачатковыя класы «эканомілі» школьнікам некалькі гадоў і дазвалялі ў мірны час раней атрымаць базавую адукацыю альбо прафесію. У некаторых школах на «Крэсах» вучні закончылі пры акупацыі па тры класы. Тры поўныя гады, напрыклад, дзейнічала школа ў маёнтку Агінскіх у Залессі. Усю вайну там стаяў гаспадарчы ўзвод пажылых аўстрыякаў. Стралялі тыя выключна па варонах, каб не развучыцца, згадвае Арсен Ліс.

Пасля вайны апалячаных беларусаў савецкая ўлада пачала вяртаць у лона рускамоўя. Першымі загаварылі «правільна» местачковыя габрэі. Людзі дзівіліся, як і калі тыя паспелі перавучыцца. У школах выкладалі камандзіраваныя з усходніх абласцей настаўнікі. «Можна я выйду да будэчкі?» — прасіўся вучань у прыбіральню. Настаўніца смяялася. З Расіі прыслалі ў выглядзе дапамогі падручнікі і дапаможнікі.

Пры выдачы новых пашпартоў заходнікам перайначваліся імёны, найперш — двайныя (чужая для праваслаўя традыцыя). Якая-небудзь Ягуся ў савецкіх дакументах нечакана аказвалася Марыяй, бо насамрэч звалася Ядзвігай-Марыяй, кажа Ірына Жарнасек.

«Памятаю, як пайшла атрымліваць пашпарт. Адкрыла і чытаю: «Соф’я». Не мой, кажу, пашпарт, я — Зося. І ў метрыках напісана: «Зофія». Не буду атрымліваць». — «Пагавары, пагавары, — прыстрашыў адзін з міліцыянераў. — Пасадзім зараз».

Перайменаваная Зося не паступіла ў Ашмянскае педвучылішча, бо не зразумела напісаную па-руску ўмову задачкі. А хто ж ёй напіша па-беларуску?

 

Розніца ёсць?

Паміж «усходнікамі» і «заходнікамі» доўга яшчэ існаваў класавы антаганізм. Як сыты галоднага не разумее, так і галодны — сытага. Заможнасць лічылася недаравальнай — з пункту гледжання камуністычнай ідэалогіі — правінай. Нездарма адзін янушкаўскі партызан у цеснай кампаніі прызнаўся: «Я перш гэтых западнікаў перастраляў бы, а пасля ўжо за немцаў узяўся».

Ментальнасць беларусаў «пад палякамі», безумоўна, змянілася. Былыя заходнікі і зараз падаюцца мне больш годнымі (часам — ганарлівымі), больш смелымі, больш прагматычнымі. Ніводзін народ не любіць раздзялення. Але і пасля аб’яднання ў адзін доўга яшчэ смыліць рана расколу.

Галіна Каржанеўская, Новы час


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.