Журналістыка больш не ўспрымаецца як “чацвёртая ўлада”; прэса хутчэй з’яўляецца актыўным удзельнікам і стваральнікам падзей або фактаў. Так мяркуе польскі эксперт Малгажата Вуйцік.

Иллюстрация с сайта NGNews.org

 

Сучасныя чытачы не ўяўляюць сваё жыццё без інтэрнэту, а значыць, webwriting (пісанне тэкстаў для інтэрнэту) – гэта не чарговае моднае англійскае слова, але ўменне, якое павінны мець кожны, хто публікуе тэксты онлайн.

Малгажата Вуйцік

 

Паміж традыцыйнай і онлайн-журналістыкай ёсць пэўныя адрозненні. Інтэрнэт скарачае дыстанцыю паміж аўтарам тэксту і чытачом, і таму стыль напісання артыкулаў таксама павінен быць болей непасрэдны. Змяняецца і роля журналіста.

Правілы інтэрнэт-журналістыкі

Экранны тэкст успрымаецца іначай, чым друкаваны. Яго лягчэй і хутчэй змяніць, таму ён болей адкрыты, дынамічны, меней даўгавечны і меней матэрыяльны. У дадатак, ён часта “аздоблены” графікай, здымкамі ці відэа.  Дзякуючы гэтаму матэрыял у Сеціве ўспрымаецца часткова як вобраз,  які мы болей глядзім/праглядаем, чым чытаем.

Адмысловыя даследванні (eye-tracking) паказваюць, што інтэрнэт-тэксты ўспрымаюцца іначай, чым традыцыйныя. Зрок чытача прыцягвае перш за ўсё левая верхняя частка экрану. Рыхтуючы артыкул альбо старонку, трэба звяртаць асаблівую ўвагу на загаловак, а таксама верхнія часткі тэксту (лід). Ключавыя словы павінныя па меры магчымасці размяшчацца на левым баку.

Вось некалькі парадаў для тых, хто хоча пісаць інтэрнэт-тэксты цікава для чытачоў:

– Адказвайце на пытанні “хто?”, “дзе?”, “як?”, “навошта?”.

– Ужывайце кароткія і зразумелыя сказы.

– Выкарыстоўвайце прынцып перагорнутай піраміды: канкрэтыка на пачатку, агульныя рэчы ў канцы.

– 1 нітка сюжэту = 1 абзац.

– Не выкарыстоўвайце тоўстых ці курсіўных шрыфтоў і іншых аздоб шрыфта.

– Звяртайцеся непасрэдна да чытача (дапушчальныя звароты на “ты”, пытанні, адрасаваныя чытачам, “загадны” тон для пабуджэння да дзеяння і г.д.)

– Інтэрнэт-тэкст павінен быць на 50% карацейшы за друкаваны.

– Не парушайце аўтарскія правы.

Незалежна ад таго, якую функцыю выконваюць медыі (забаўляльную, адукацыйную ці інфармацыйную), змяніліся спосабы пошуку інфармацыі. На гэта аказалі вялікі ўплыў такія сацыяльныя сеткі, як Фэйсбук ці Твітэр. Апроч сваёй камунікацыйнай функцыі яны выконваюць і інфармацыйную. Карыстальнікі інтэрнэта атрымліваюць усё болей свежай інфармацыі праз сацсеткі, што ў сваю чаргу можа негатыўна ўплываць на даставернасць такой інфармацыі. Аўтары непраўдзівых навін выкарыстоўваюць просты механізм: яны звяртаюцца да людзей, якія шукаюць у Сеціве эмоцый альбо падцвярджэння сваіх поглядаў. Людзі болей схільныя верыць інфармацыі, якая пасуе да іх светапогляду. Адсюль і папулярнасць старонак, якія – звычайна непраўдзіва да мяжы абсурду – публікуюць навіны пра трагедыі альбо злачынствы.

Хто такі сучасны журналіст?

Дзякуючы інтэрнэту прафесія журналіста стала болей адкрытай і даступнай, таму і журналісцкія кампетэнцыі сталі іншымі. Вэб-журналістам часта бракуе крэатыўнасці і наварства. У гэтым лёгка пераканацца, калі прааналізаваць загалоўкі артыкулаў на галоўных інфармацыйных парталах. Ствараецца ўражанне, што артыкулы, якія мы бачым онлайн, рэдка з’яўляюцца вынікам творчай працы і часта – кампіляцыяй некалькіх іншых артыкулаў. Роля журналіста можа зводзіцца да перапісвання ўжо апублікаваных артыкулаў. З іншага боку, інтэрнэт-журналістыка з часам усё болей нагадвае таблоідную журналістыку, мэта якой – шакаваць аўдыторыю. Журналісты ўсё часцей шукаюць сенсацый. Выдаўцы парталаў пад ціскам часу і пастаяннага доступу аўдыторыі да Сеціва ўсё часцей патрабуюць размяшчаць інфармацыю пра падзеі, якія толькі што адбыліся.

Забаўляць ці ратаваць?

Свет мяняецца, а разам з ім мяняюцца нашыя грамадствы і, суадносна – журналісты. Журналістыка ўжо не так моцна прывязаная да місіі адкрыцця праўды ці выконвання функцыі “чацвёртай улады”. Балем правяць факт, магчымасць першым атрымаць навіну і апублікаваць яе ў сябе на старонцы, сабраць як мага болей “падабаек” альбо праглядаў.

Але свету і надалей патрэбныя такія журналісты, як Глен Грынвальд, які апублікаваў прызнанне Эдварда Сноўдэна пра праграму сачэння за грамадзянамі з боку амерыканскіх і брытанскіх разведслужбаў.

Перакананне, што прэса з’яўляецца “чацвёртай уладай”, паціху адыходзіць на звалку гісторыі. Назіранні за палітычным, грамадскім і эканамічным жыццём падказваюць, што яна хутчэй з’яўляецца актыўным удзельнікам і стваральнікам падзей або фактаў.

У дадатак, журналісты і з іх “дапамогай” – медыі паніжаюць стандарты дэмакратыі, бо прадстаўляюць інфармацыйную карціну свету, факусуючыся на сенсацыях і плётках, паказваюць палітыку як гульню, а грамадзян – як аб’ект палітычных забаваў, у выніку чаго грамадзяне адчуваюць раздражненне і нежаданне ўдзельнічаць у палітычным жыцці і робяцца болей цынічнымі.

У Польшчы ёсць тры даволі адрозныя паміж сабой канцэпцыі, якія характэрызуюць прафесію журналіста і правілы адбору ў прафесію. Першая з іх звязвае прафесію журналіста з працаўладкаваннем у штаце рэдакцыі. Другая  сцвярджае, што журналістам з’яўляецца кожны, хто дэ-факта займаецца журналістыкай. Трэцяя – некалі вельмі папулярная – лічыла журналістамі толькі сябраў журналісцкіх саюзаў. Сярод выдаўцоў прэсы і ў пэўнай ступені галоўных рэдактараў усё болей папулярна патрабаваць ад працаўнікоў эфектыўнасці і дыспазіцыйнасці. Магчыма, перастае быць актуальнай пастава легенды польскага рэпартажу Рышарда Капусьціньскага: “Каб займацца журналістыкай, трэба перадусім быць добрым чалавекам. Дрэнныя людзі не могуць  быць добрымі журналістамі” (“Падарожжы з Герадотам”).

Здаецца, журналістыка ўсё больш набліжаецца да “вольнай прафесіі”, і мы самі мусім вызначаць для сябе стандарты якасці і прафесійнай этыкі.

Малгажата Вуйцік, для Беларускай праўды

Даведка. Малгажата Вуйцік (Małgorzata Wójcik) – польскі эксперт, супрацоўнічала са сродкамі масавай інфармацыі з 90-х гадоў (Radio ESKA, Radio Contact, Rzeczpospolita). На працягу сямі гадоў выконвала абавязкі заснавальніка і кіраўніка Вышэйшай школы журналістыкі М. Ваньковіча. Сааўтарка дыдактычных праграм у розных фондах, якія займаюцца падрыхтоўкай журналістаў з Беларусі і Украіны. Каардынатар элітных медыя-праектаў для таленавітых старшакласнікаў. Спецыялізуецца на сучасных медыя-тэхналогіях і сацыяльных сетках.

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: