Пра тое, што прадстаўнікі іншых дзяржаў змогуць сачыць за ходам сумесных беларуска-расейскіх манэўраў паведаміў прэс-сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык.

ria.ru

Запрасіць замежных назіральнікаў на вучэньні «Захад-2017» паабяцаў афіцыйны Менск. Пра тое, што прадстаўнікі іншых дзяржаў змогуць сачыць за ходам сумесных беларуска-расейскіх манэўраў, у чацьвер падчас брыфінгу паведаміў прэс-сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Дзьмітры Мірончык. Паводле начальніка ўпраўленьня інфармацыі Міністэрства замежных справаў, словы якога прыводзіць БелТА, Менск не мае абавязку запрашаць замежных экспэртаў, паколькі ў вучэньні будуць удзельнічаць менш за 13-ць тысячаў вайскоўцаў. Менавіта такая лічба ўстаноўленая Венскім дакумэнтам 2011-га году, які падпісалі краіны АБСЭ, у тым ліку – Беларусь. Рашэньне паклікаць назіральнікаў МЗС называе жэстам добрай волі.

Як адзначыў Дзьмітры Мірончык, запрашэньні на манэўры атрымаюць прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў, сярод якіх – ААН, АБСЭ, НАТО, СНД, АДКБ, а таксама Чырвоны Крыж. Акрамя таго, на вучэньнях чакаюць ваенных назіральнікаў з Польшчы, Летувы, Латвіі, Украіны, Эстоніі, Швэцыі, Нарвэгіі ды вайсковых аташэ, што акрэдытаваныя пры замежных пасольствах у Беларусі. Прадстаўнік ведамства дадаў, што запрашэньні павінны быць адпраўленыя па лініі Мінабароны ўжо цягам чацьвярга.

Заяву МЗС на просьбу Польскага радыё пракамэнтаваў палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

-Напярэдадні, на мой погляд, было больш сэнсацыйная і, я б сказаў, дзіўная заява наконт вучэньняў ад самого Лукашэнкі. Ён запрасіў амэрыканскіх кангрэсмэнаў, якія прымалі ўдзел у сэсіі ПА АБСЭ. Але я хацеў бы адзначыць, што гэтую інфармацыю я бачыў толькі ў афіцыйных беларускіх мэдыях, што рэтрансьляваліся яшчэ і астатнімі. Так што нечаканасьцяў я тут ня бачу. І хоць МЗС сказала, што мы мелі права не запрашаць, відавочна, што пад эўраатлянтычным ціскам яны былі вымушаныя ўнесьці нейкую яснасьць. Я маю на ўвазе сытуацыю з назіральнікамі.

Міністэрства замежных справаў чарговы раз запэўніла, што сёлетнія вучэньні, як і папярэднія, будуць мець абарончы характар, а асноўная задача ўдзельнікаў – узмацненьне ваеннай бясьпекі ў Саюзнай дзяржаве. Пра гэта ж, паводле МЗС, ішла мова напярэдадні ў Вене – падчас брыфінгу з удзелам намесьніка начальніка Генэральнага штабу Беларусі ды прадстаўнікоў АБСЭ. Але, як заўважыў Раман Якаўлеўскі, дакладны зьмест гэтага спатканьня не агалошваецца.

Чытайце па тэме:  Суриков: Наши войска уйдут из Беларуси сразу после учений, чего им тут сидеть?

-Узьнікае яшчэ адно пытаньне. Раней пастаянна даводзілася чуць, што ўсе пытаньні пытаньні наконт запрашэньня назіральнікаў Захад, а менавіта НАТО адрасавалі Маскве. Маўляў, Расея не запрасіла. Але ж мы ведаем, што вучэньні адбудуцца на тэрыторыі сувэрэннай Беларусі. Я б параіў крыху пачакаць ды пабачыць, якой будзе рэакцыя Масквы на гэты конт. Пакуль што мы ня ведаем. Ёсьць і такое меркаваньне, што Лукашэнка нібыта зацікаўлены ў тым, каб назіральнікаў было як мага больш, бо ў гэтых назіральніках бачыць псыхалягічную палёгку. То бок, чым больш назіральнікаў будзе, тым меншая верагоднасьць таго, што расейскія войскі тут застануцца.

Параўноўваючы натаўскія манэўры з сумеснымі беларуска-расейскімі, наш суразмоўца зьвярнуў увагу – паўночна-атлянтычны альянс праводзіць свае вучэньні больш празрыста. Што тычыцца «Захаду-2017», то тут пакуль застаецца шмат пытаньняў, лічыць Раман Якаўлеўскі.

-Дагэтуль невядомы сцэнар гэтых вучэньняў. І кажуць, што гэта звычайныя вучэньні, якія неаднаразова праводзіліся то на расейскай глебе, то на беларускай. Але асаблівасьць у тым, што гэта першыя такія маштабныя вучэньні пасьля крымскага бліцкрыгу і пачатку вайны на ўсходзе Ўкраіны. І калі нас запэўніваюць, што гэта звычайныя вучэньні, мабыць, яны і лічацца звычайнымі, але праходзіць яны будуць у незвычайнай атмасфэры, дзе амаль няма даверу да Расеі.

Вучэньні «Захад-2017» будуць праходзіць на тэрыторыі Беларусі з 14 па 20 верасьня. Як паведамлялі раней у Міністэрстве абароны, з расейскага боку ўдзел у манэўрах возьмуць 3 тысячы вайскоўцаў.

Чытайце па тэме:  Роман Яковлевский: В Беларуси повеяло этаким мигрантским холодком

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.